• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ажыятажны попыт на этыку

    Інтэрнэт шумна адрэагаваў на прапанову Філярэта распаўсюдзіць і на нас кітайскі досьвед рэгуляваньня Сеціва. Цікава, канешне, што рэлігійная інстытуцыя так станоўча паставілася да практыкі цэнзураваньня мэдыяў у камуністычным Кітаі.

    Дарэчы, там у ліку заканадаўча замацаваных палажэньняў таксама значыцца і забарона на дэскрыдытацыю сацыялізму. Так што выглядае на тое, што ніякіх ідэалягічных супярэчаньняў паміж верай і гэтым палітычным ладам усё ж няма…

    Цікава, што папярэднічала гэтай заяве іншая вартая ўвагі інфармацыя. Як паведаміла 24. 03. 2009 «Советская Белоруссия», у БПЦ лічаць, што ў Беларусі сасьпела «необходимость создания общественного совета по нравственности, который осуществлял бы наблюдение за содержанием материалов в СМИ».

    Праект стварэньня такой рады царква ўжо прапрацоўвае. А ў яе склад «планируется включить людей, которые пользуются максимальным доверием общества и имеют кристально чистую репутацию. Предполагается участие в совете людей различных профессий: это и деятели искусства, и ученые, и священнослужители».

    Пра журналістаў, праўда, нічога не гаворыцца. І гэта, відаць, лягічна. Бо, калі б журналісты спрэс былі людзьмі з «крыштальна чыстай рэпутацыяй», дык навошта тады трэба было б кантраляваць мэдыі?

    Маральнымі праблемамі ў журналісцкім асяродзьдзі занепакоіўся галоўны рэдактар «СБ» і старшыня каардынацыйнай рады ў сферы масавай інфармацыі Павел Якубовіч на першым яе паседжаньні. «Па яго назіраннях, у беларускай журналісцкай супольнасці зараз пануе раскол: журналісты „лаюцца“, дазваляючы неэтычныя выпады на адрас калегаў. Вырашыць гэтую праблему, на яго думку, можна, прыняўшы новы агульны кодэкс журналісцкай этыкі». Ідэя, безумоўна, слушная. Усіх трэба аб’яднаць. І пажадана пад адным кіраўніцтвам. Бо, калі пачнуць «лаяцца», дык можна будзе звольніць.

    А можа, раскол мае месца якраз з той нагоды, што этычныя прынцыпы, якімі кіруецца частка журналістаў, зусім і не этычныя? Сапраўды: чаму б, напрыклад, на наступным паседжаньні рады не абмеркаваць, як прапанавала Ж. Літівіна, публікацыю знакамітага артыкула ў «СБ» К. Супэрфасфатава? Як можна зразумець, аўтар публікацыі па-ранейшаму працуе ў «СБ». І ніхто зь ягоных калегаў ня выказаў публічна сваёй нязгоды.

    Дык можа, замест распрацоўкі новага этычнага кодэксу для журналістаў, варта ўсё ж паспрабаваць прыслухацца да голасу сумленьня?..

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці