Азербайджанскі праваабаронца Мехман Аліеў вызвалены з‑пад варты
Ясамальскі раённы суд Азейбарджана сёння змяніў меру стрымання ў дачыненні да дырэктара агенцтва Turan Мехмана Аліева, паведамляецца на сайце агенства.
Ён вызвалены з‑пад варты і пераведзены пад нагляд паліцыі, паведаміў адвакат Фуад Агаеў.
Прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders Марыя Шышчанкова, якая пракаментавала гэтую навіну на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, адзначае, што гэта было чыста палітычнае рашэнне:
У навінах аб вызваленні азербайджанскага журналіста Мехмана Аліева пад хатні арышт выдатна ўсё. То бок, гэта выдатная навіна сама па сабе, хоць абвінавачванні не знятыя. Выдатна ў ёй яшчэ і тое, што на мінулым тыдні суд адмаўляўся змяніць яму меру стрымання, але як толькі прэзідэнт Азербайджана сёння сказаў, што так зрабіць будзе правільна, незалежны суд тут жа знайшоў у сабе сілы вызваліць з СІЗА. Перамога дэмакратыі, а вы кажаце
Нагадаем, Мехману Аліеву былі прад’яўленыя абвінавачанні ў незаконным прадпрымальніцтве, ухіленні ад сплаты падаткаў і злоўжыванні ўладай. Меркавалася, што ён правядзе пад вартай тры месяцы у чаканні суда. Ён быў затрыманы 24 жніўня, пасля таго як добраахвотна з’явіўся на допыт у Дэпартамент падатковых злачынстваў Міністэрства падаткаў Азербайджана.
Фонд Дамоў правоў чалавека распаўсюдзіў заяву, у якой заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мехмана Аліева.
Сёння ж прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў вызваліў блогера Аляксандра Лапшына, якога ўлады Беларусі экстрадзіравалі ў Азербайджан.