• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Аўтар-паці” ад Аляксандра Саенкі

    Гродзенскі фатограф, сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Аляксандр Саенка ў межах персанальнай выставы “Цішыня паверхаў” правёў майстар-клас для гродзенцаў.

    Сустрэча мела назву “Аўтар-паці” і адбывалася ў Цэнтры гарадскога жыцця.

    Удзельнік міжнародных выставаў, пераможца «Прэс-фота Беларусі” Аляксандр Саенка падзяліўся з журналістамі, фатографамі і цікаўнымі гасцямі мерапрыемства сакрэтамі свайго майстэрства і адметнасцямі выставы “Цішыня паверхаў”:

    — Калі я здымаў праект “Цішыня паверхаў”, то не хацеў, каб прысутнічала слова “смерць”. Мне не хацелася паказваць клішэ — крыжы і гэтак далей. Здымаў я гэтыя партрэты старым зенітаўскім аб’ектывам і ў працах няма фоташопа. Я шукаў адлюстраванні, сонечныя блікі, выкарыстоўваў макранасадкі. Адлегласць ад магільных плітаў, якія я здымаў была вельмі малая — літаральна сантыметр. Здымалася гэта на “азотаўскіх” могілках у Гродне. Але я не абіраў нейкія пэўныя могілкі, проста з‑за таго, што там многа пахаванняў. Я хадзіў — шэраг за шэрагам —  глядзеў і выбіраў. Апроч могілак я хацеў зрабіць аналогіі з кветкамі: тымі што ў пад’ездах, і тымі, што на могілках. Я прайшоў вялікую колькасць пад’ездаў. Падчас здымак адбываліся даволі смешныя гісторыі, здаралася, жыхары думалі што я буду нешта красці, скручваць. Выпадкова патрапіў на конкурс на лепшыя пад’езды, думаю, падобныя конкурсы адбываюцца ў розных гарадах. Я тады прайшоўся па пад’ездах, якія ўдзельнічалі ў гэтым конкурсе. Пазней, здымкі былі раздрукаваныя на адмысловых плёнках, якія я здымаў на фоне разбураных дамоў.

    Аляксандр Саенка раіць калегам фатографам і фотакарэспандэнтам удумліва падыходзіць да тэмы.

    «Калі робіш вялікія фотапраекты, не трэба спяшацца. Не браць тэму “наскокам”. Галоўнае ў вялікіх праектах — узаемныя зносіны з тым, каго здымаешь. У фотажурналістыцы бывае такая праблема, што ты прыходзіш здымаць хутка, не ўваходзіш у тэму, бярэш усё “вярхамі”. «Панадкусваеш» і бяжыш далей да наступнай тэмы, і не адчуваеш самой падзеі, людзей. А калі робіш фотапраект, можна не фатаграфаваць адразу людзей, а паразмаўляць з імі, каб зразумець унутраны свет, тады і здымкі атрымліваюцца больш эмацыйныя.

    Пазнаёміцца з творчасцю і праектамі Аляксандра Саенкі магчыма на сайце фотамайстра, а пабачыць выставу “Цішыня паверхаў” — у Цэнтры гарадскога жыцця да 18 красавіка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці