За апошні год аўдыторыя незалежных СМІ ня зьменшылася — мэдыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч
Як зьмяніўся мэдыйны ляндшафт Беларусі за апошні год? Ці страцілі незалежныя СМІ частку сваёй аўдыторыі? Каму дасталася аўдыторыя Tut.by? У чым асаблівасьці спажываньня беларусамі прадукцыі расейскіх і ўкраінскіх мэдыя? На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста з «Радыё Свабода» адказвае мэдыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч.
— У красавіку 2023 году, год таму, вы расказвалі Свабодзе пра стан беларускіх СМІ, у першую чаргу электронных. Што зьмянілася за год?
— Зьмены, зразумела, адбыліся — у папулярнасьці тых ці іншых крыніцаў інфармацыі, сацыяльных мэдыя, тэлеканалаў.
Другі момант: мінулы год быў чарговым кепскім годам для беларускіх незалежных мэдыя. Працягваліся рэпрэсіі супраць журналістаў і рэдакцый. Усе новыя мэдыя абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі», і гэта ніяк ня можа адбівацца станоўча на аб’ёме беларускай інтэрнэт-аўдыторыі ў краіне.
Беларусам, якія знаходзяцца ў краіне, не рэкамэндуецца падпісвацца на «экстрэмісцкія» рэсурсы на розных плятформах. Так што не выпадае чакаць, што ў іх будзе рост падпісчыкаў і фолавэраў.
Мы ведаем пра перасьлед за камэнтары, за «лайкі». Чалавек можа паставіць «лайк» нават ненаўмысна, зачапіўшыся пальцам за экран. Але адказнасьць надыходзіць і ў гэтым выпадку.
Гэта прыводзіць да таго, што традыцыйныя спосабы, якімі можна было б вымяраць аўдыторыю і спажываньне кантэнту, робяцца ня вельмі актуальнымі. Найперш у Беларусі, на мой погляд, адмерла мэтрыка, якая называецца мэдыйны ахоп.
Дадатковая складанасьць — што ў прынцыпе немагчыма палічыць крос-мэдыйны або крос-плятформавы ахоп.
Я вярнуся да гэтага паказчыка, таму што ён дазволіць сёньня крыху падыскутаваць зь міністрам інфармацыі. Міністар інфармацыі Ігар Пярцоў заявіў пра рост даверу да дзяржСМІ, рост рэйтынгаў і ахопу ў лічбавым асяродзьдзі.
Паводле яго слоў, «мэдыяпадобныя блогеры, цэнтры інфармацыйна-псыхалягічных спэцыяльных апэрацый, якія ствараюць матэрыялы, падобныя да навінаў, прайграюць беларускай журналістыцы — ім не ўдаецца перамагчы і заваяваць вочы, вушы і, самае галоўнае, сэрцы аўдыторыі Рэспублікі Беларусь».
Ці мае рацыю міністар? Пры ўсёй неадэкватнасьці мэтрык, пра што я ўжо сказаў, з чаго вынікае, што аўдыторыя недзяржаўных СМІ зьменшылася? Наколькі яна зьменшылася? Па маіх ацэнках, яна ня зьменшылася.
Людзі ж не перасталі карыстацца інтэрнэтам. Проста зьмяніўся спэктар спажываных каналаў інфармацыі. Можа зьмяншацца аўдыторыя канкрэтных мэдыя, аднак у цэлым аўдыторыя незалежных мэдыя, скажам, за год ня зьменшылася.
Але падлічваць аўдыторыю стала больш складана. Раней можна было сказаць, што калі навіну запосьціў Tut.by, то яе прачытае мільён беларусаў. Цяпер так ацэньваць не атрымліваецца.
Паводле нашых дасьледаваньняў, прынамсі, па відах спажываных каналаў інфармацыі беларуская аўдыторыя з 2022 па 2023 год не зьмянілася.
Мэдыяспажываньне беларускай інтэрнэт-аўдыторыі ў краіне і за мяжой (кастрычнік 2022 — кастрычнік 2023).
Зь якіх крыніц вы часьцей за ўсё даведваецеся пра навіны і патрэбную вам інфармацыю?
— Нядаўна ГУБАЗІК паведаміў, што наступная рэвалюцыя ў Беларусі будзе «рэвалюцыяй TikTok». Ці ёсьць падставы ў гэтага прагнозу?
— ГУБАЗІК, здаецца, структура МУС, і ацэнкі мэдыя — ня іх профільны занятак. Але і сапраўды, летась у апытаньнях сярод рэспандэнтаў, якія адказвалі на пытаньне, што яны выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі як крыніцу навінаў і іншай інфармацыі, на першае месца ў Беларусі выйшаў TikTok. Гэтая сетка, і праўда, цяпер у Беларусі № 1, яна абагнала і Instagram, і «ЎКантакце».
Зрэшты, TikTok у Беларусі — больш маскулінная сетка, для беларусак сацсеткай № 1 застаецца Instagram.
Аўдыторыя TikTok вырасла ў краіне выбуховападобна. У нашых дасьледаваньнях у 2019 годзе гэтай сеткай карысталіся 1,2% рэспандэнтаў, у кастрычніку 2023 году — ужо 48%.
— Ці не становіцца TikTok і каналам грамадзянскай камунікацыі? Нядаўна працоўныя менавіта ў гэтай сетцы апублікавалі зварот да Лукашэнкі наконт таго, што ім ня плацяць заробак. І гэта ня першы такі зварот да ўладаў, апублікаваны менавіта ў TikTok. Не ў ФБ, не ў Тэлеграме, не «ЎКантакце».
— Магчыма, вы і маеце рацыю. TikTok — інструмэнт імгненнай відэарэакцыі, ён у гэтым сэнсе прасьцейшы і за ФБ, і за Тэлеграм, і за Youtube. Ну, і памеры аўдыторыі гэтай сацыяльнай сеткі ў Беларусі таксама маюць значэньне.
— Каналы-лідэры ў Youtube вясной мінулага году і вясной 2024 году — гэта адны і тыя ж каналы? Ці за год на беларускім мэдыйным небасхіле ўзышлі новыя зоркі?
— Калі казаць пра YouTube, то ў цэлым леташнія лідэры захавалі свае пазыцыі. Я б адзначыў паляпшэньне паказчыкаў у Эўрарадыё і «Нашай нівы».
«Наша ніва» дадала за кошт рэгулярнасьці. Часьцяком беларускія незалежныя мэдыя ў YouTube прайграюць у параўнаньні з расейскімі каналамі з прычыны частаты абнаўленьня кантэнту.
Калі гаварыць пра новыя «зоркі», то можна адзначыць «Настоящее время. Беларусь».
Эўрарадыё летась вельмі моцна «стрэліла», калі паказала відэа з падрывам расейскага самалёта ў Мачулішчах. І яшчэ быў посьпех у «Жизнь-малина» — інтэрвію з байцом палку Каліноўскага «Янкі». Там таксама былі мільёны праглядаў. Гэта цалкам супастаўна з праглядамі літаральна некалькіх ролікаў дзяржСМІ, якія сабралі таксама вялікія аўдыторыі.
— Год таму вы казалі, што дзяржСМІ дастаткова пасьпяхова канкуруюць зь недзяржаўнымі ў Youtube. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца?
— «Стралючых» відэа зь вялікай колькасьцю праглядаў у дзяржСМІ ня вельмі шмат было за мінулы год. Посьпех беларускіх дзяржСМІ збольшага тлумачыцца санкцыямі, якія былі накладзеныя на расейскія дзяржСМІ. Youtube забаніў у сябе расейскую прапаганду. Але гэта не распаўсюджвалася на іх беларускіх калегаў, і беларускія дзяржСМІ часткова замясьцілі ў Youtube расейскія аналягічныя СМІ, перахапілі іх аўдыторыю.
Міністар інфармацыі Беларусі 12 сакавіка агучыў аўдыторыю топ дзяржСМІ ў Youtube — 5,2 мільёна. Я яго парадую: паводле нашых падлікаў, нават 5,3 мільёна.
Але гэта некарэктны статыстычны трук. Гэта сума без уліку скрыжаваньняў, многія людзі спажываюць некалькі дзяржСМІ, і гэтыя 5,3 мільёна — гэта падлік зь вялікімі паўтарэньнямі.
Калі лічыць па падпісчыках, то ў БЕЛТА іх 1,5 мільёна, «Навіны Беларусі» і «Мір» — па 1,1 мільёна, АНТ — мільён, СТВ — 849 тысяч, СБ ТБ — 858 тысяч.
Але пры гэтым у БЕЛТА 61% аўдыторыі — з Расеі, у АНТ — 44%, у СТВ — 45%, у СБ ТБ — 63%.
Калі падлічваць беларускую аўдыторыю гэтых 5 топ дзяржСМІ, то яна складае 849 тысяч. І гэта — без скрыжаваньняў. А калі іх улічыць, то атрымаем прыкладна паўмільёна. А гэта не такія ўжо ўражальныя вынікі, як пра гэта расказваюць беларускія чыноўнікі.
— У 2021 годзе пасьля разгрому Tut.by задавалася пытаньне: куды, да каго пяройдзе гіганцкая аўдыторыя парталу. Цяпер вядомы адказ на гэтае пытаньне?
— Разышліся па розных крыніцах. У найменшай ступені пайшлі на дзяржСМІ і на «Онлайнэр». Крыніц інфармацыі стала больш, але абʼём аўдыторыі застаўся прыкладна ранейшы.
Хоць адбылася, зразумела, важная зьмена. У цэлым у сьвеце мэдыя — гэта бізнэс, спосаб зарабляць грошы. А беларускія незалежныя мэдыя цяпер — гэта NGO, недзяржаўныя арганізацыі.
— Ці зьмянілася беларуская аўдыторыя расейскіх СМІ, у тым ліку і аўдыторыя расейскіх Youtube-каналаў (і пракрамлёўскіх, і антыкрамлёўскіх)? Год таму вы расказвалі, што ў Беларусі даволі вялікая аўдыторыя Youtube-каналаў «Дажджу», Каца, Дудзя, Гардзеевай. Яны гэтак жа папулярныя і цяпер?
— У «Белсату» ёсьць расейскамоўны канал «Вот так», у яго 1,3 мільёна падпісчыкаў, зь іх 42% падпісчыкаў з Расеі, 14% — зь Беларусі. Гэта 186 тысяч, і гэта больш за колькасьць падпісчыкаў зь Беларусі ў БЕЛТА і СТБ. Толькі ў АНТ беларускіх падпісчыкаў больш. І за год «Вот так» вырас з 1,1 мільёна падпісчыкаў да 1,3 мільёна. І колькасьць беларускіх падпісчыкаў у іх таксама вырасла.
Зараз пра расейскія каналы. У мінулым годзе ў «Дажджу» было 3,8 мільёна падпісчыкаў, стала 4,3 мільёна. Але колькасьць беларускіх падпісчыкаў у іх зьнізілася на 20%.
У «Настоящего времени» (хоць гэта не расейскі канал) колькасьць падпісчыкаў за год вырасла з 3,2 мільёна да 3,6 мільёна, а беларуская аўдыторыя ў іх вырасла на 12%.
У Youtube-канала Максіма Каца колькасьць падпісчыкаў вырасла з 1,7 мільёна да 2,1 мільёна, і беларусаў у яго стала больш на 20% — са 130 тысяч да 161 тысячы.
У канала Юрыя Дудзя падпісчыкаў 10,3 мільёна, столькі ж іх было і год таму, а беларусаў стала на 6% больш (гэта цяпер 435 тысяч).
У Дудзя падпісчыкаў зь Беларусі прыкладна ў два разы больш, чым у самых пасьпяховых беларускіх дзяржаўных Youtube-каналаў.
— А ці ёсьць дадзеныя адносна беларускай аўдыторыі ўкраінскіх Youtube-каналаў?
— Я летась зрабіў выбарку 50 найбольш папулярных украінскіх Youtube-каналаў. Сёлета палічыў дадзеныя па пяці.
Я ўражаны, што колькасьць падпісчыкаў 24-га каналу павялічылася з 5 мільёнаў да 6,5 мільёна. Беларускіх падпісчыкаў у яго 1,6%. Гэта 104 тысячы чалавек.
І па іншых украінскіх каналах лічбы беларускіх падпісчыкаў супастаўныя зь лічбамі дзяржаўных беларускіх мэдыя ў Youtube.