Асуджанага Яўгена Меркіса ўключылі ў спіс асоб, якія «маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці»
Імя гомельскага журналіста-фрылансера Яўгена Меркіса 8 верасня з’явілася ў «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце Міністэрства ўнутраных спраў РБ.
Цяпер Яўген Меркіс знаходзіцца ў СІЗА‑3 у Гомелі. Напрыканцы жніўня Вярхоўны суд разгледзеў яго апеляцыйную скаргу на вырак Гомельскага абласнога суда, які прызнаў журналіста вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 3 арт. 361–1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Чаравач вырашыў, што такое пакаранне справядлівае для журналіста і не стаў яго пераглядаць.
Прысуд уступіў у законную сілу, і з дня на дзень Яўгена Меркіса этапуюць у папраўчую калонію, дзе ён, паводле рашэння суддзі Гомельскага абласнога суда Аляксея Хлышчанкова, мае адбыць 4 гады ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Яўген Меркіс быў затрыманы 13 верасня 2022 года пасля ператрусу ў яго гомельскай кватэры, адкуль сілавікі забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Спачатку журналісту выставілі абвінавачанне паводле арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), потым дадалі яшчэ адно — у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса)
Вядома, што Яўгена ў СІЗА‑3 змяшчалі на чацвёра сутак у карцар за тое, што ён нібыта не пагаліўся.
Судовы працэс над журналістам распачаўся 11 траўня 2023 года і праходзіў у закрытым рэжыме. 30 траўня суддзя Аляксей Хлышчанкоў вынес вердыкт: Яўгена Меркіса прызналі вінаватым. У той самый дзень дзяржаўная абласная газета «Гомельская праўда» напісала, што «36-гадовы гамяльчанін Яўген Меркіс працаваў на тэлеканал «Белсат», інфарэсурсы якога прызнаны экстрэмісцкімі… і адпраўляў у экстрэмісцкія тэлеграм-каналы фота ваеннай тэхнікі і паведамляў пра яе перамяшчэнне».
Вядома, што яшчэ да арышту Яўген Меркіс пакінуў журналісцкую дзейнасць з прычыны таго, што шэраг незалежных СМІ, з якімі ён супрацоўнічаў, улады аднеслі да «экстрэмісцкіх фармаванняў». Ён засяродзіўся на краязнаўстве (па адукацыі Меркіс гісторык, скончыў гістфак Белдзяржуніверсітэта), атрымаў як індывідуальны прадпрымальнік сертыфікат экскурсавода, у тым ліку і для працы з замежнікамі на нямецкай мове. Вывучэнне гісторыі роднага краю Яўген Меркіс захапіўся яшчэ ў студэнцкія гады: ён вывучаў спадчыну даследчыкаў Гомельшчыны, ладзіў этнаграфічныя вандроўкі, пазней заснаваў сайт «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны», ачольваў гомельскае моладзевае грамадскае краязнаўчае аб‘яднанне «Талака», быў таксама рэгіянальным каардынатарам грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма!».
Яўген Меркіс заўсёды меў прынцыповую грамадзянскую пазіцыю. Калі ў Гомелі ды іншых гарадах Беларусі ў 2017 годзе праходзілі пратэсты так званых «дармаедаў», Меркіс вёў стрымы з масавых акцый і стаў адным з самых пазнавальных рэгіянальных журналістаў-вядоўцаў. У 2020‑м годе ён асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і карала адміністрацыйнымі арыштамі.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Яўгена Меркіса палітычным вязнем. У адпаведнай заяве ад 21 верасня 2022 года праваабаронцы адзначылі, што ціск на гомельскага журналіста з’яўляецца «працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова».
Чытайце яшчэ:
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА
«Пазл склаўся». Ігар Ільяш пракаментаваў гіпотэзу, якая пралівае святло на другі прысуд Кацярыне Андрэевай
Аўтар 21 тысячы артыкулаў у Вікіпедыі судзіўся з БРСМ-актывісткай. Што з імі пасля гэтага стала