Артур Клінаў: Беларуская арт-журналістыка знаходзіцца ў глыбокай коме
Працуючы ў газеце “Культура”, я нават уявіць сабе не магу, што арт-журналістыкі ў Беларусі можа не быць. Як жа – вось наша выданне, вось часопісы “Мастацтва”, “На экранах”, літаратурныя альманахі, газета “Літаратура і мастацтва”… Потым “pARTisan”, “Макулатура”, сайты Budzma, Belmetal, Tuzin.fm…
І ўсё?! Калі глядзець шырэй, – livingheritage.by пра адаптацыю традыцыйнай культуры да сучаснасці. А, яшчэ блогеры, якія самі сабе СМІ. Мабыць, нейкі самвыдат ёсць. Але заўважаю тэндэнцыю, што арт-журналісты пачынаюць пісаць пра нешта іншае: замест музыкі – пра эканоміку, замест тэатру – пра ўсё запар…
А што думаюць пра сучасную арт-журналістыку эксперты?
Артур Клінаў, мастак, літаратар, фатограф, галоўны рэдактар часопіса “pARTisan”, выказваецца даволі песімістычна:
– Беларуская культурная журналістыка знаходзіцца ў глыбокай коме. Яшчэ на пачатку 2000‑х было інакш. Падзей зараз больш, але пра іх ніхто не піша. Калі грамадска-палітычнае выданне змяшчае дайджэст па культуры, часта там па сутнасці небеларускі кантэкст: кшталту агляду блокбастэраў. Чаму так? Часта гэта палітыка рэдакцыі – няма запыту на якасную арт-журналістыку. “Наша Ніва”, напрыклад, з культурніцкай газеты стала “жоўтай”.
Культура камерцыялізуецца ва ўмовах галечы, тут самыя малыя плыні грошай у параўнанні з іншымі сферамі. Потым – журналісты вельмі слаба адукаваныя. Калі і маюць нейкае ўяўленне пра культуру, дык пра афіцыйную, якая спекулюе на “трупе” савецкай цывілізацыі. А самыя цікавыя падзеі адбываюцца акурат у неафіцыйным рэчышчы. Гэта як два паралельныя сусветы: прадстаўнікі аднаго не ведаюць, што робіцца ў іншым.
Ёсць умоўна “культурныя” і “некультурныя” нацыі. Адрозніваюцца “таўшчынёй” слою эліт. Беларусь “культурнай” назваць складана, эліты вымываліся гадамі: спачатку рэпрэсіі, ужо ў гады незалежнасці шмат таленавітых творцаў з’ехала. Толькі сярод тых мастакоў, хто групаваўся ў 1990‑я вакол культавых галерэй сучаснага мастацтва “Шостая лінія” і “Vita Nova”, я налічыў некалькі дзясяткаў эмігрантаў. Але “культурны слой” паступова нарастае, і прэса павінна дапамагчы станаўленню Беларусі як “культурнай” нацыі.
Андрэй Лянкевіч, куратар арт-прасторы “ЦЭХ” і Месяца фатаграфіі ў Мінску, кажа пра савецкую спадчыну і перакладе адказнасць з журналіста на экспертаў:
– Я ўжо 5 гадоў не здымаю, працую як куратар, арт-менеджар. Я скажу журналісту тое, што лічу патрэбным, – што б ён ні спытаў. Рыхтуючыся да інтэрв’ю, пазначаю базавыя рэчы, якія павінны прагучаць. А як па-іншаму? Гэта прафесійны падыход.
У СССР месца рэпартажнага фота займала пастановачнае, а месца арт-журналістыкі, ды і журналістыкі як такой – прапаганда. І гэтая сітуацыя вельмі павольна мяняецца ў незалежнай Беларусі.
Алена Мальчэўская, тэатральны крытык, лічыць, што арт-журналісту варта сумяшчаць традыцыі савецкай журналістыкі з еўрапейскім падыходам:
– У савецкі час папулярным было эсэістычнае пісьмо, даволі суб’ектыўнае. У рэдакцыях заходніх выданняў звычайна прынятыя схемы для артыкулаў пэўнага жанру. Варта карыстацца і тым, і тым падыходам.
Часта крытык, асабліва спецыяліст у сваёй галіне, піша пра тое, што цікава яму і вузкаму колу чытачоў. Напрыклад, разбірае фільм праз гісторыю кіно. А калі даць яшчэ сучасны, сацыяльны кантэкст, то можна зацікавіць значна больш людзей, выйсці з “культурнага гета”.
Анжэла Крашэўская, дырэктарка Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Art Corporation”. Сваёй асноўнай місіяй Цэнтр бачыць “ажыўленне і рэфармаванне культурнай прасторы Беларусі”, займаецца ў т. л. арганізацыяй тэатральнага форуму “Теарт” і кінафестывалю “Лістапад”:
– Прафесійны ўзровень журналістаў вельмі нізкі. Штогод у замежных майстроў сваёй справы пытаюцца “Як Вам Мінск?” і “Што Вы елі на сняданак?” Таму мы часам просім загадзя выслаць спіс пытанняў. Колькасць людзей, што прафесійна пішуць пра тэатр, год ад году не павялічваецца. Пра сельскую гаспадарку, эканоміку можа напісаць кожны. А ў культуры ўсё ж трэба разбірацца, каб не перадрукоўваць прэс-рэлізы.
Ігар Сукманаў, дырэктар праграмы ігравога кіно кінафестывалю “Лістапад”, збольшага пагаджаецца з Анжэлай Крашэўскай, але трохі інакш расстаўляе акцэнты:
– На прэс-канферэнцыі кінафестываляў у Канах ці Берліне, як і на “Лістапад”, прыходзяць журналісты з масавых выданняў, дзе ёсць раздзелы па культуры. І пытаюцца: “Як Вам Каны?”, “Ці лычыце Вы Ваш фільм лепшым за фільм такі-та?”… Арганізатары спрабуюць адмятаць такія пытанні, але яны ўсё роўна ёсць. Нават вялікія і вядомыя фестывалі абапіраюцца на адзінкавых журналістаў-аналітыкаў, якія не перадрукоўваюць прэс-рэлізаў. Але ж аўдыторыю масавага выдання больш цікавіць, хто ў што быў апрануты на цырымоніі, чым мастацкія вартасці фільмаў, і тут няма нічога дзіўнага.
Мяркую, журналісты сутыкаюцца з пытаннем – што лічыць нацыянальным кіно. У Арменіі, напрыклад, няма такой праблемы. Калі рэжысёр з армянскім прозвішчам здымае ў Францыі ды Канадзе, жывучы ў ЗША, “армянскасць” у яго творчасці прысутнічае, і журналісты будуць пра гэта пісаць. У беларускіх аўтараў нацыянальны кантэкст глыбей схаваны…
***
Мне ўзгадалася кніга Мілана Кундэры “Неўміручасць”. Закаханая Бетына фон Арнім пісала Гётэ лісты, што выйшлі потым у кнізе “Ліставанне Гётэ з дзіцём”.
“Божа мой, уявіце толькі, што вы лістуецеся з Гётэ! Пра што б толькі вы ні спыталі яго! Пра яго кнігі. Пра кнігі яго сучаснікаў. Пра паэзію. Пра прозу. Пра карціны. Пра Германію. Пра Еўропу. Пра навуку і тэхніку… Але ж не, нічога падобнага ў гэтым вялікім ліставанні мы не знойдзем, мы вельмі мала прачытаем ў ёй і пра Гётэ проста таму, што Беціна цікавілася Гётэ нашмат менш, чым мы мяркуем; нагодай і сэнсам яе кахання быў не Гётэ, а каханне”.
Застаецца спадзявацца, што беларуская арт-журналістыка хутчэй жывая, чым мёртвая, і творчасцю цікавіцца болей, чым скандаламі вакол асобаў творцаў.