Арт-менеджара Паўла Белавуса асудзілі на 13 гадоў калоніі за «ідэі беларускага нацыяналізму»
Мінскі гарадскі суд 11 траўня агучыў вырак культурніцкаму менеджару, заснавальніку папулярнай крамы Symbal.by, былому фрылансеру «Радыё Свабода» Паўлу Белавусу. На падставе чатырох крымінальных артыкулаў яму вынеслі суровы прыгавор: 13 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненнага рэжыму.
Акрамя велізарнага тэрміну зняволення суддзя Жанна Брысіна прызначыла яму штраф у памеры 18 тысяч 500 беларускіх рублёў (па сённяшнім курсе гэта прыблізна 6 тысяч еўра). А таксама пастанавіла канфіскаваць на карысць дзяржавы аўтамабіль і мабільны тэлефон як сродкі, пры дапамозе якіх нібыта было здзейснена злачынства.
Судовы працэс над Паўлам Белавусам пачаўся 20 лютага 2023 года і амаль адразу суддзя Брысіна зрабіла працэс закрытым — маўляў, у матэрыялах фігуруюць звесткі «экстрэмісцкага зместу», публічнае агуванне якіх забаронена абноўленымі нормамі заканадаўства. Да апошняга не было нават вядома, які тэрмін для палітвязня запатрабаваў пракурор.
Як вынікала з афіцыйнай абвесткі перад сённяшнім прысудам, Паўла Белавуса канчаткова абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
-
ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак);
-
ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве);
-
ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
-
ч. 1 арт. 361–1 КК (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем).
Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021 года. Амаль месяц ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна па абсурдных абвінавачаннях кшталту «пікетавання пратэстнымі татуіроўкамі». Пасля трох запар адмністрацыйных судоў на волю яго не выпусцілі і перавялі ў СІЗА № 1 ужо на падставе «народнага» артыкула 342. Далей справа пачала імкліва абрастаць іншымі «злачыннымі» эпізодамі, самы цяжкі з якіх — «здрада дзяржаве».
У адмысловым прэс-рэлізе Следчага камітэта адзначалася, што Павел Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх пераследвалася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі».
Акрамя таго, нібыта «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да радзімы і сваімі злачыннымі дзеяннямі на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы».
Ініцыятывы, якія да таго ўхваляліся на ўсіх узроўнях — ад Міністэрства замежных спраў Беларусі да БРСМ — раптам набылі крымінальнае адценне: маўляў, «абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасцю (онлайн- і офлайн-крамы) і пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы».
Праваабарончая супольнасць прызнала арт-менеджара палітычным вязнем і запатрабавала спыніць пераслед за яго актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны.
Павел нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Аднак прызнаваўся, што заўсёды хацеў акунуцца ў журналістыку, што з цягам часу і рэалізаваў у беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода».
Першы досвед актывізму атрымаў яшчэ ў Брэсце, дзе далучыўся да адукацыйна-культурніцкай пляцоўкі «Дзедзічы». На падставе атрыманага досведу ў 2011 годзе разам з сябрамі Павел Белавус заснаваў інфармацыйна-асветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі ды забаўляльныя імпрэзы да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.
Паралельна ў статусе менеджара-фрылансера дапамагаў з арганізацыяй сацсетак і прасоўвання праектаў «Радыё Свабода», быў адным з распрацоўнікаў так званых «вышымаек», якія атрымалі неверагодную папулярнасць не толькі ў нацыянальна арыентаваным асяродку, а і ў дзяржаўных установах. Супрацоўнічаў з Беларускай федэрацыяй футбола ў рэбрэндынгу формы нацыянальнай зборнай у рамках праекта «Белыя крылы».
На 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 2018 года быў у ліку арганізатараў масавага канцэрта-мітынгу каля Опернага тэатра ў Мінску.
Таксама Павел Белавус стаяў ля вытокаў грамадскай кампаніі «Годна», мэтай якой ставілася пашырэнне сучаснай нацыянальнай ідэі Беларусі. У яе межах каманда маладых беларусаў-аднадумцаў стварала і рэалізоўвала культурныя і гістарычныя праекты.
На хвалі кароткай палітычнай «адлігі» Паўлу Белавусу дазволілі адкрыць краму Symbal.by, якая папулярызавала беларускую гісторыю, культуру, мову. Падчас эпідэміі каранавірусу да сярэдзіны 2020 года вытворчы цэх забяспечваў засцерагальнымі маскамі медыкаў па ўсёй краіне. Аднак у сакавіку 2021-га, пасля пачатку татальных зачыстак грамадскага сектара, улады краму закрылі, шэраг супрацоўнікаў прайшлі праз арышты.
Павел Белавус мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак — дачку Соф’ю і сына Мірона. На маёмасць сям’і накладзены арышт на суму больш за 50 тысяч рублёў.
Чытайце яшчэ:
У Гомелі судзяць журналіста і краязнаўцу Яўгена Меркіса
Затрыманы экс-супрацоўнік «Народнай газеты», спартыўны блогер Дзмітрый Сельвеструк
Трагедия маленьких шагов: как иностранные медиа помогли Лукашенко удержаться