• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Арт-менеджар Павел Белавус не захацеў абскарджваць жорсткі прысуд. Яго этапавалі ў калонію

    Заснавальнік папулярнай крамы Symbal.by, былы фрылансер «Радыё Свабода» Павел Белавус, асуджаны за «прапаганду ідэй беларускага нацыяналізму» да 13 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму, этапаваны ў папраўчую калонію № 17 Шклова. 

    Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, культурніцкі менеджар адмовіўся падаваць скаргу на рашэнне першай інстанцыі ў Вярхоўны суд, патлумачыўшы гэта «бессэнсоўнай тратай часу і стомленасцю ад следчага ізалятара».

    Паколькі асуджаны не скарыстаўся сваім правам на апеляцыю, прысуд у дачыненні да яго набыў законную сілу.

    11 чэрвеня Паўла Белавуса этапавалі для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову Шклова.

    Як сведчыць досвед ранейшых пераводаў палітвязняў, этапаванне можа расцягнуцца да тыдня.

    Па прыбыцці да месца размеркавання прадугледжаны «карантынныя мерапрыемствы», таму ў атрад яго размяркуюць не адразу. Тым не менш, лісты ўжо можна пачынаць пісаць зараз: 213004, Магілёўскай вобл, г. Шклоў, вул. 1‑я Завадская, 8 (з пазнакай «карантын»). Белавус Павел Мікалаевіч (1987 г. н.).

    Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021 года. Амаль месяц ён правёў пад адміністрацыйнымі арыштамі ў ЦІП на Акрэсціна паводле абсурдных абвінавачанняў кшталту «пікетавання пратэснымі татуіроўкамі». Пасля трох запар адміністрацыйных судоў яго перавялі ў СІЗА № 1 ужо на падставе «народнага» артыкула 342 КК. Далей справа пачала абрастаць іншымі эпізодамі, самы цяжкі з якіх — «здрада дзяржаве».

    Суд пачаўся толькі сёлета 20 лютага і адразу ж суддзя Жанна Брысіна зрабіла працэс закрытым: маўляў, у матэрыялах фігуруюць звесткі «экстрэмісцкага зместу», публічнае агучванне якіх забароненае абноўленымі нормамі заканадаўства. Да апошняга не было нават вядома, які тэрмін для палітвязня запатрабаваў пракурор. 

    Канчаткова Паўла Белавуса абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

    • ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак);

    • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);

    • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);

    • ч. 1 арт. 361–1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем).

    У прэс-рэлізе Следчага камітэта адзначалася, што Павел Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх пераследвалася змена дзяржаўнай улады». Акрамя таго, нібыта «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да радзімы і сваімі злачыннымі дзеяннямі на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы».

    На гэтай падставе суддзя Жанна Брысіна пакарала Паўла Белавуса 13 гадамі зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у эквіваленце блізу 6500 долараў.

    Праваабарончая супольнасць прызнала арт-менеджара палітычным вязнем і запатрабавала спыніць пераслед за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны.

    Павел Белавус нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Там здабыў першы досвед актывізму, далучыўшыся да адукацыйна-культурніцкай пляцоўкі «Дзедзічы». У далейшым заснаваў інфармацыйна-асветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба», стаяў ля вытокаў грамадскай кампаніі «Годна».

    Пры гэтым заўсёды хацеў акунуцца ў журналістыку, што з цягам часу і рэалізаваў у беларускай службе «Радыё Свабода». У статусе менеджара-фрылансера дапамагаў з арганізацыяй сацсетак і прасоўвання рэдакцыйных праектаў, быў адным з распрацоўнікаў так званых «вышымаек», якія атрымалі неверагодную папулярнасць не толькі ў нацыянальна арыентаваным асяродку, а і ў дзяржаўных установах.

    На 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 2018-га быў у ліку арганізатараў канцэрта-мітынгу каля Опернага тэатра ў Мінску. 

    У «палітычную адлігу» Павел Белавус адчыніў краму Symbal.by, якая папулярызавала беларускую гісторыю, культуру, мову. Падчас эпідэміі каранавірусу да сярэдзіны 2020-га вытворчы цэх забяспечваў засцерагальнымі маскамі медыкаў па ўсёй краіне. Аднак у сакавіку 2021-га, пасля пачатку татальных зачыстак грамадскага сектара, установу  закрылі, шэраг супрацоўнікаў прайшлі праз арышты.

    Дома Паўла Белавуса чакае жонка Кацярына і малыя дзеткі – дачка Соф’я і сын Мірон. 

    Чытайце яшчэ:

    Задержанные сотрудники телеканала «Ранак» получили сутки и штрафы

    «Я не веру, што пасля смерці Лукашэнкі прыйдзе іншы дыктатар». Размова з беларускамоўным дэпутатам літоўскага Сейма

    «Маем разуменне, што трэба рабіць». Былыя палітвязні заявілі пра стварэнне ўласнай арганізацыі за мяжой

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці