Арцёма Сізінцава трымаюць у Жодзіне. 8 верасня будуць судзіць
Незалежны журналіст, які супрацоўнічае з "Беларускім Радыё Рацыя", быў затрыманы ў Мінску 6 верасня прыкладна а 14-й гадзіне на вуліцы Чабатарова, што ў раёне Трактарнага завода.
Да самага вечара калегі імкнуліся даведацца пра лёс Арцёма Сізінцава. Высветлілася, што спачатку Арцёма адвезлі ў РУУС Заводскага раёна, гэта стала вядома прыкладна праз шэсць гадзін пасля затрымання, бо супрацоўнікі РУУСа не давалі аніякай інфармацыі. Апоўначы каля 60-ці затрыманых адпусцілі, а астатніх, як паведамілі ў РУУСе, адвезлі ў Жодзіна.
Паводле маці затрыманага, Наталлі Сізінцавай, суд над журналістам адбудзецца 8 верасня ў другой палове дня. Спадарыня Наталля жыве ў Оршы, і падрабязнасці пра лёс сына даведалася ад ягоных сяброў. Яны перадалі таксама, што ўмовы ўтрымання ў Жодзіне някепскія. Але гэта не радуе, бо журналіста трымаюць пад вартай беспадстаўна: ён выконваў прафесійныя абавязкі, а пратакол на яго склалі нібыта з ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Арцём Сізінцаў падобным чынам трапляе за краты ўжо другі раз. У 2017 годзе яго затрымлівалі падчас працы на так званым “Маршы недармаедаў” у Віцебску, тады суд пастанавіў пакараць яго 10-цю суткамі арышту, якія ён адбыў у віцебскім ІЧУ. Пакаранне выносіла суддзя Валянціна Міхасёва, вядомая ў Віцебску тым, што прысуджае журналістам і актывістам вялікія штрафы і арышты.