• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аператар Уладзімір Лунёў: Не верыў, што выберамся адтуль жывымі

    Аператар Уладзімір Лунёў здымаў мірныя акцыі пратэсту ў Мінску. 10 жніўня ён трапіў у аблогу супрацоўнікаў МУС каля станцыі метро “Пушкінская”. Прыкладна ў 23.30  яго затрымалі, хаця ён быў у камізэльцы з надпісам “Прэса” і спрабаваў патлумачыць, што ён незалежны журналіст.  Хлопца трымалі за кратамі 34 гадзіны, як ён сам кажа, “у нечалавечых умовах”. Потым выпусцілі,  але асабістыя рэчы, якія былі пры ім, не вярнулі. Па пашпарт давялося ехаць асобна. Пастанову суда, які павінны быў адбыцца 21 жніўня, яму дагэтуль не даслалі.

    “Хацеў рэвалюцыю? Зараз мы табе яе арганізуем!”

    Уладзімір  Лунёў  распавёў пра затрыманне АМАПам:

    — Калі пачаліся затрыманні, я знаходзіўся на вуліцы Прытыцкага, каля крамы “Спорт-турызм”, на мне была камізэлька, і АМАПаўцы бачылі надпіс “Прэса”. Я папярэдзіў пра тое, што журналіст, пяцёх супрацоўнікаў у шлемах і з дубінкамі. Але яны збілі мяне з ног, пачалі збіваць, крычалі: “Хацеў рэвалюцыю? Зараз мы табе яе арганізуем!” Яны былі перакананы, што я нейкі наняты за грошы “рэвалюцыянер”, і лупцавалі па нагах, па руках, па спіне, па галаве…  Потым гэтыя пяцёра пабеглі далей, але з’явіліся яшчэ трое. Потым яшчэ чацвёра. Збіццё і абразы працягваліся, але я ўжо не мог не тое што запярэчыць — нават паварушыцца. Адзін з АМАПаўцаў крычаў, каб я павярнуўся на жывот, другі — каб на спіну, трэці загадваў падняцца, чацвёрты — стаць на калені… Я ўжо не ведаў, якому загаду падпарадкавацца, і мяне пацягнулі ў аўтазак.

    Каля аўтазака ў хлопца забралі заплечнік і мабільны тэлефон. Ён прыгадвае, што ўнутры было ўжо шмат людзей, але міліцыянты ўпіхвалі ў машыну ўсё новых і новых. Супраць аднаго чалавека, які не мог змясціцца, бо не было куды, ужылі электрашокер і запхнулі сілай.

    “Цябе да нас заслалі рабіць Майдан. Мы цябе заб’ем!”

    Паводле Уладзіміра Лунёва,  ехаць у аўтазаку давялося 30–40 хвілін. Ён спыніўся ў нейкім турэмным двары, дзе затрыманых зноўку збівалі. Усіх запар, нават грамадзян іншых краін, працягвае журналіст:

    — Пры мне дапытвалі хлопца ў чырвонай майцы. Побач стаялі дзве жанчыны-міліцыянткі, два супрацоўнікі ў цывільным і ўзброены вайсковец з аўтаматам.  Хлопец сказаў, што ён грамадзянін Украіны і што мае ў Беларусі від на жыхарства. Яго тут жа пачалі збіваць са словамі: “Цябе да нас заслалі рабіць Майдан. Зараз заб’ем!” Хлопца збілі так, што ён не мог падняцца. Потым узяліся за мяне. Білі і пыталіся, на каго я працую і колькі мне заплацілі. Калі вялі назад, я ўжо не мог наступаць на адну нагу. Распухла і адна рука,  бо рукі падчас  допыту былі моцна  звязаныя. Завялі ў нейкае памяшканне, забралі ўсе рэчы з кішэняў, рамень, шнуркі. Завялі ў камеру, прыблізна 20 кв.м. Там ужо было вельмі шмат мужчын, ад 20 да 40 гадоў, але былі і старэйшыя. Усіх затрымалі ў розных частках Мінску і ўсе  былі збітыя, у рознай ступені. Тым часам падвозілі ўсё новых  затрыманых. У калідоры былі чуваць крыкі і ўдары. Многія людзі прасілі вады, але яе прыносілі вельмі рэдка. Камера была перапоўненая, сесці маглі толькі тыя, хто апынуўся каля сцяны, астатнія стаялі. Каля трох гадзін ночы нас вывелі ў двор, зноў пачалі апытваць, у тым ліку пра тое, чаму ўдзельнічалі ў мітынгу і хто нам заплаціў. Пасля зноўку завялі ў камеры. Тых, хто абураўся або проста настойліва прасіў вады, выводзілі і збівалі. Час ад часу супрацоўнікі крычалі: “Урача!” — калі бачылі, што чалавеку зусім кепска.

    Журналіст  кажа, што  пачуў пра затрыманне калег, у  калідоры прыгучала:  “Мы здымалі сюжэт з выбарчага ўчастка”. Калегаў таксама збілі. Таксама было чуваць, што аднекуль крычаць “выпускай!” Пасля гэтага некаторых выцягвалі з камер і зноўку збівалі.

    Каб не чуць крыкаў, многія закрывалі вушы рукамі

    Уладзімір Лунёў прыгадвае, што ўсе навокал скардзіліся на боль у нагах — бо ўсіх білі дубінкамі падчас затрымання. У кагосьці ў суседняй камеры быў прыступ эпілепсіі, некаторыя трацілі прытомнасць. Былі сярод затрыманых хворыя на цукровы дыябет, на гіпертанію, але медычную дапамогу аказвалі не ўсім і не адразу. Увечары ў камеры стала халодна, людзі ратаваліся тым, што станавіліся спіной да спіны. У некаторых ад голаду і адсутнасці сну пачаліся істэрыкі і нават галюцынацыі.

    Толькі праз суткі  людзей пачалі пераводзіць з вялікай у меншыя камеры. У камеры, куды трапіў Уладзімір Лунёў, было 16 чалавек. Там можна было  хаця б прысесці ці нават прылегчы. Было чуваць, што кожныя паўгадзіны прывозяць новых зняволеных, што іх збіваюць, катуюць, над імі здзекаваюцца.

    — Каб не чуць крыкаў, многія закрывалі вушы рукамі. І ўсё гэта працягвалася да раніцы. Потым нам скамандавалі выйсці ў калідор, пачалі называць асобныя прозвішчы. Гэтых людзей выводзілі. Куды — не казалі. Астатніх вярнулі назад у камеры. Праз нейкі час зноўку пачалі выкрыкваць прозвішчы, я пачуў сваё. Нас  сабралі ў калідоры, ужо было светла, і на сценах былі добра відаць сляды крыві.

    Папярэдзілі, што нас знішчаць, калі мы трапімся яшчэ раз

    Паводле Уладзіміра Лунёва, затрыманых прывялі ў нейкае памяшканне, дзе на стале ляжалі пратаколы, а за сталом сядзеў міліцыянт. У пратаколах было адно і тое самае: артыкул 23.34, ч. 1, “браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, крычаў “Жыве Беларусь!”, “Ганьба!”, “Стоп таракан!”.

    — Я напісаў, што не згодны — што лозунгі не выкрыкваў, у мітынгу не ўдзельнічаў. Перад тым, як выпусціць нехта з міліцэйскага начальства нам сказаў, што нас проста знішчаць, калі мы трапімся яшчэ раз. Або калі будуць пагрозы супрацоўнікам міліцыі ці іх сем’ям. Спытаўся, ці зразумелі. Няшмат хто адказаў, што так.

    Увогуле, усе падзеі нагадвалі дакументальныя хронікі пра фашысцкія катаванні ў часы Другой сусветнай вайны. Усё было настолькі жорстка і бесчалавечна, што я нават не верыў, што мы выберамся адтуль жывымі. Яшчэ падумалася: лепей бы вы нас закапалі там жыўцом, бо мы не будзем маўчаць. І ўвесь свет даведаецца пра злачынствы супраць мірных грамадзян Беларусі, якія адстовалі сваё законнае права на выбар, — кажа журналіст.

    Ні рэчы, ні дакументы Уладзіміру Лунёву адразу не аддалі — выпусцілі ў чым стаяў. Пашпарт вярнулі праз тыдзень — па яго ў Мінск давялося ехаць асобна.

    Медычнае асведчанне, следчы камітэт, зламаны ключ у замку

    Ужо ў Віцебску Уладзімір Лунёў звярнуўся ў траўмапункт у лякарні хуткай дапамогі. Медыкі засведчылі шматлікія гематомы мяккіх тканак і паведамілі пра факт звароту ў Следчы камітэт.

    Журналіста выклікалі на допыт, запісалі ягоныя паказанні і далі накіраванне ў судмедэкспертызу. Там зрабілі  больш дэталёвае апісанне цялесных пашкоджанняў. Вынікаў гэтых следчых дзеянняў Уладзімір Лунёў не ведае. Як і рашэння суда, які мусіў адбыцца ў Мінску 21 жніўня — так было пазначана ў міліцэйскім пратаколе. Журналіст вырашыў не ехаць на суд, бо не лічыць сябе вінаватым.

    29 жніўня Уладзімір Лунёў распавёў пра яшчэ адно прыкрае здарэнне: зранку ён заўважыў, што замок у дзвярах ягонай кватэры не працуе: нехта ўставіў у адтуліну чужы ключ і зламаў яго, заблакаваўшы сям’ю журналіста ўнутры. Ці звязаны гэты інцыдэнт са зваротам у Следчы камітэт са скаргай на дзеянні міліцыянтаў,  журналіст адназначна сказаць не можа.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці