• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Апеляцыйны суд у Сербіі адмяніў экстрадыцыю Андрэя Гнёта. Але журналіст застаецца пад арыштам

    Справа Андрэя Гнёта будзе вернутая ў Высокі суд Бялграда дзеля новага разгляду. Хатні арышт беларускаму рэжысёру і журналісту працягнуты да 30 кастрычніка.

    Андрэй Гнёт. Фота: Insta­gram / andrewgny­ot

    Па меркаванні Апеляцыйнага суду, рашэнне першай інстанцыі наконт Гнёта было прынятае на падставе «не да канца выяўленай фактычнай сітуацыі».

    «Нічога не змянілася», — так каментуе Андрэй Гнёт апошнія навіны.

    «Прашу не спяшацца з віншаваннямі, сябры. Важна разумець, што здарылася. Мяне пакінулі пад арыштам. Без працы, без сродкаў да існавання, з адной гадзінай выхаду з дома, без медычнай дапамогі. У гульні на выжыванне я маральна стойкі. Але час працуе супраць мяне: арэнда, ежа, вада, лекі, адвакаты. Новае слуханне? Плаці 5000 еўра. Дзе возьмеш?» — распавёў Андрэй Гнёт службе маніторынгу БАЖ.

    Паводле журналіста, ягоную справу вярнулі на дапрацоўку ў першую інстанцыю з такой фармулёўкай: «у вас ёсць час выправіць памылкі і запрасіць у Беларусі неабходную інфармацыю для юрыдычна карэктнай экстрадыцыі».

    «Ну, беларуская дзяржава можа даслаць у Сербію яшчэ парачку новых крыміналак, свабодная каса, час ёсць, шанец дадзены, — іранізуе Андрэй Гнёт.

    — Ніхто не ведае, наколькі я захрас у гэтым «тэрмінале» паміж Усходам і Захадам і наколькі хопіць рэсурсаў: маральных, матэрыяльных, фізічных. Мяне не экстрадуюць проста зараз, але гэты працэс не адменены. Мая сітуацыя не палепшылася, а стала нават горшай – суду даручана выправіць недахопы ў справе, каб працэдура экстрадыцыі была юрыдычна кампетэнтна абгрунтавана. Я не здаюся, я злы».

    Андрэй Гнёт знаходзіцца пад хатнім арыштам ад пачатку лета, да гэтага яго ўтрымлівалі ў бялградскай турме.

    Гісторыя справы

    Беларускія ўлады дамагаюцца экстрадыцыі Гнёта з Сербіі па лініі Інтэрпола, абвінавачваючы яго паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Увесну ўладамі Сербіі было вырашана выдаць актывіста Беларусі, але рашэнне ўдалося паспяхова абскардзіць, справу адправілі на перагляд.

    Сёлета ў ліпені Інтэрпол адмовіўся ад пераследу Андрэя Гнёта і заявіў пра палітычны складнік яго справы.

    41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем».

    Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград і перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

    Мінск сцвярджае, што справа носіць эканамічны характар, абарона Гнёта настойвае, што яго пераследуюць па палітычных матывах.

    За Гнёта заступіліся дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі дыяспар, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Еўрасаюз. Сітуацыя абмяркоўвалася з уладамі ЗША.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці