• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйную скаргу асуджанага відэааператара Андрэя Толчына 24 траўня

    Вярхоўны суд будзе разглядаць апеляцыйную скаргу асуджанага за «экстрэмізм» гомельскага відэааператара-фрылансера Андрэя Толчына 24 траўня. Суддзём прызначаны Аляксей Рыбакоў, пасяджэнне пачнецца ў 9.30.

    Андрэй Толчын

    Андрэй Толчын. Фота: з асабістага архіва

    Рашэннем Гомельскага абласнога суда ў асобе Дзмітрыя Казлова, журналіст-фрылансер прызнаны вінаватым паводле двум крымінальных артыкулаў: у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361–4 КК) і ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК) і асуджаны да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі. Гэты прысуд, вынесены сёлета 21 сакавіка, Андрэй Толчын абскарджвае ў сваёй апеляцыі.

    Першапачаткова гомельскага відэааператара вінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, і менавіта такім чынам абвінавачанне цяпер пазначана ў судовым раскладзе на сайце Вярхоўнага суда. Але падчас разбіральніцтва ў абласным судзе Гомеля на патрабаванне пракурора з журналіста знялі абвінавачанне па артыкуле 369–1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), якое прад’явіў Следчы камітэт.

    За кратамі Толчын знаходзіцца з  27 верасня 2023 года. Спачатку яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а на наступны дзень, 28 верасня, у кватэры, дзе Андрэй жыў з жонкай, правялі ператрус. Следчыя забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Жонцы патлумачылі, што ператрус ладзіўся нібыта ў межах справы за экстрэмізм. Яшчэ праз некалькі дзён Толчына перавялі ў гомельскі СІЗА‑3, дзе трымаюць дагэтуль.

    У зняволенні ў 64-гадовага журналіста пагоршыўся стан здароўя, з якім і да таго ўжо былі праблемы: ён пакутуе на гіпертанію і вымушаны трываць боль у нагах.

    Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Толчына палітычным вязнем.

    Сёлета 22 сакавіка, на наступны дзень пасля абвяшчэння прысуду, Камітэт абароны журналістаў заклікаў да неадкладнага вызвалення Андрэя Толчына. «2,5 года пазбаўлення волі, прысуджанае журналісту Андрэю Толчыну па неабгрунтаваным абвінавачанні, з’яўляецца яшчэ адной дэманстрацыяй помслівасці беларускіх уладаў у дачыненні да цяперашніх і былых прадстаўнікоў прэсы, такіх як Толчын, за іх незалежнае асвятленне масавых пратэстаў у краіне ў 2020 годзе», — заявіла каардынатар праграм CPJ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід.

    Андрэй Толчын: журналіст, актывіст, дэпутат

    У Гомелі Андрэя Толчына ведаюць не толькі як журналіста-фрылансера, але і як даўняга грамадскага актывіста. У 1990 годзе ён быў абраны дэпутатам Гомельскага гарадскога савета 21 склікання, і гэта быў першы і апошні дэмакратычна абраны савет горада. За гады свайго дэпутацтва Андрэй Толчын спрыяў беларусізацыі абласнога цэнтра, падтрымліваў адкрыццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У прыватнасці, адной з ягоных заслуг з’яўляецца стварэнне незалежнай гарадской газеты «Гомельскія ведамасці», якая на пачатку 1990‑х падтрымлівала дэмакратычныя змены ў грамадстве. Толчын быў і сябрам ліквідаванай цяпер уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час быў кіраўніком гарадской партыйнай структуры. Апекаваўся дзейнасцю дэмакратычных дабрачынных фондаў.

    Пасля выбараў 2010 года Толчын у якасці відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі, за што яго шмат разоў судзілі, штрафавалі і адпраўлялі «на суткі» па адміністрацыйных абвінавачаннях. У 2020 годзе Толчына прыцягвалі да адказнасці за прафесійную дзейнасць — за асвятленне пратэстаў у рэгіёне. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, ён разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай нібыта браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці