• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Апека над яйкамі

    Праблемы прэсы, акрамя самой прэсы, нікога як след “не калышуць”. І гэткае становішча аказваецца надзвычай зручным. Пра ўтульнасць нашай “камуналкі” — тры душашчыпальныя эпізоды.

    Эпізод першы. Палітычная партыя “АГП” ў 2012 годе пачынае амбітную дзейнасць — шлях да лепшай будучыні. Праграма так і завецца — “Сем крокаў насустрач новай Беларусі”. У гэтых сямі кроках няма і слоўца пра свабоду прэсы. Культура, адукацыя, беспрацоўе, энергетыка і нават гендэрнае пытанне — усяго навалам. А пра прэсу няма.

    “Нам бракуе інфармаванасці грамадства”, — канстатуе і адначасова наракае старшыня партыі Анатоль Лябедзька. А пра свабоду медыяў у праграме не напісаў. Маўляў, гэта такая важная праблема, што мы яе заўсёды ў галаве трымаем.

    Эпізод Другі. Таксама пра палітыку. Перад выбарамі 2010 года на маім канале рабілі прэзентацыі кандыдатаў на прэзідэнцтва. Паважаным прэтэндэнтам прапаноўвалі за некалькі хвілін расказаць пра важнае са сваёй перадвыбарнай праграмы. Для чысціні статыстыкі, не ўлічваючы Лукашэнкі, ніводны кандыдат і слова не сказаў пра дэмакратызацыю СМІ. Аказалася, што ў перадавыбарных праграмах не знайшлося месца для свабоды прэсы. Такія ж высновы зрабіла і аналітычная група БАЖ, што ладзіла маніторынг асвятлення выбараў.

    Эпізод трэці. Адразу пасля выбараў улады закрылі адну з найлюбімейшых мінчукамі эфэмак “Аутарадыё”. Фактычна з‑за палітыкі ў эфіры. Не спадабаўся выраз кандыдата Саннікава, каторы трэба ўжо зрабіць крылатым: “Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы”.

    Падчас судоў, дзе “Аўтарадыё” дабівалася адмены закрыцця, я сутыкалася толькі з цётачкамі з Мінінфармацыі і калегамі-журналістамі, што прыйшлі асвятляць чарговы дзень “трыумфу справядлівасці”. У абарону “Аўтарадыё”, акрамя БАЖу і асобных культурніцкіх постацяў, ніхто і не піскнуў.

    На наступным працэсе над прэсай — газетамі “Наша Ніва” і “Народная Воля” — журналісты ізноў-такі былі адзінокія і самастойныя. На фінальнае паседжанне, праўда, прыйшлі Уладзімір Някляеў, Рыгор Костусеў і Аляксей Янукевіч, чым прывялі публіку ў гумор.

    Быць ці не быць “Советской Белоруссии”?

    І ў гэтай утульнай сітуацыі не разбярэшся, што да чаго, калі б не каментары палітыкаў. Намеснік старшыні АГП Леў Марголін разважае пра праблему свабоды прэсы ў глабальным аспекце :

    “Ёсць такія праблемы, спрачацца пра якія няма чаго. Яны былі, ёсць і будуць, яны ніколі не сыходзілі з нашага парадку дня. Гэта вызваленне палітвязняў, змяненне выбарчай сістэмы, дэмакратызацыя масмедыя, рэгістрацыя палітычных партый. Што тут абмяркоўваць? Ці зрабіць масмедыя свабоднымі? — Гэта ўсім зразумела. Ці патрэбныя нам свабодныя масмедыя? — Гэта таксама ўсім зразумела”.

    Анатоль Лябедзька аптымістычна робіць прагнозы:

    “На будучыню адзінае, што мы ад партыі можам гарантаваць, калі АГП будзе ля ўлады, — у кааліцыі ці асобна — што не будзе “Советской Белоруссии”, не будзе дзяржаўных медыяў, не будзе трох дзяржаўных тэлеканалаў”.

    Пасля Анатоль Лябедзька крыху злагодзіўся адносна “СБ”:

    “Няхай “СБ” будзе, аднак пры ўмовах, што газета будзе выдаваца самастойна, без дапамогі з боку дзяржавы”.

    Ад яйка

    Старажытныя рымляне казалі ab ovo, мяркуючы, што ўсё пачынаецца ад яйка. І каб выпеставаць кураня, трэба для нармальнага яйка стварыць спрыяльныя ўмовы. Праз 21 дзень кураня вылупіцца і заціўкае.

    Апазіцыйныя палітыкі, калі кажуць пра трансфармацыю медыйнай сферы, кіруюцца ўяўленнем, што яны і ёсць “спрыяльнымі ўмовамі”. “Мы прыйдзем да ўлады, надыдзе дэмакратыя, і вылупіцца вашая свабода прэсы натуральным чынам праз 21 дзень”. (Гэтак мадэлюю думкі апазіцыянера.) “Мы далі вам свабоду, таму кланяйцеся, чацвёртая ўлада… А БТ усё ж такі закрыць!”

    Мінуў год пасля рэвалюцыі ў Тунісе. Там таксма была і свая “СБ”, і цэнзура, і рэпрэсіі журналістаў. Паводле тэлеканала “Еўраньюз”, зараз тунісскія СМІ мусяць змагацца ўжо за іншую незалежнасць:

    “Ледзьве атрымаўшы свабоду, журналісты мусяць змагацца за незалежнасць. Так, “Прэс”, найстарэйшая газета краіны, зладзіла выбары шэф-рэдактара і намеснікаў, сабатуючы рашэнне ўраду, які хацеў паставіць сваіх прадстаўнікоў… Тунісскія СМІ таксама перажылі рэвалюцыю. І зараз журналісты адвяргаюць любыя формы апекі”.

    То відаць, трэба дзякаваць Богу, што беларускіх апазіцыянераў не асабліва калышуць праблемы прэсы?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці