Апантаны грыбнік і аматар шахматаў, да самай смерці думаў пра беларускую мову. Да 140-годдзя Якуба Коласа
Сёння адзначаюць 140 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. «Белсат» згадвае цікавыя факты з жыцця нашага песняра.
Псеўданім
У Якуба Коласа было больш за 40 псеўданімаў, у тым ліку і жаночыя – Ганна Крум і Ганна Груд (Ганнаю звалі маці слыннага песняра). Сярод псеўданімаў – Наднёманец, Свой чалавек, Стары шут, Левы, Лесавік, К. Белорус, Тарас Гушча. На Якубу Коласе ён спыніўся пад уплывам паэта-нарадавольца Пятра Якубовіча (псеўданім – Мельшын, 1860–1911), з якім нават нарадзіўся ў адзін дзень – 3 лістапада. Якубовіч трансфармавалася ў Якуба, а Колас – пад уплывам вершу «Батрак», які пачынаецца наступнымі радкамі:
В колосьях желтеющих нив утопая.
По узкой меже, сквозь редеющий мрак,
В убогой сермяге, кряхтя и вздыхая,
Проходит свободный батрак.
«Батрак» насамрэч быў перакладам Якубовіча вершу польскай пісьменніцы Марыі Канапніцкай. Першыя словы з яго Якуб Колас згадаў у сваёй трылогіі «На ростанях». А першы раз псеўданім Якуб Колас з’явіўся ў газеце «Наша доля» 1 верасня 1906 года.
Бацьку ўвечніў у «Новай зямлі»
Сапраўднае імя Якуба Коласа – Канстанцін Міцкевіч. Паэт паходзіў з сям’і лесніка і былога плытагона, якога ўвечніў у вобразе лесніка Міхала ў паэме «Новая зямля», як і свайго дзядзьку Антося. Бацькі Якуба Коласа паходзілі з Мікалаеўшчына (вёска ў Стаўбцоўскім раёне), праваслаўныя, але іхныя продкі былі прыгоннымі сялянамі, каталікамі. Сярод знакамітых сваякоў Якуба Коласа – родны брат маці Язэп Лёсік, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Першы помнік на радзіме
Якуб Колас нарадзіўся 3 лістапада (22 кастрычніка паводле старога стылю) 1882 года ў засценку Акінчыцы ў межах сённяшніх Стоўбцаў. Сёлета тут ставяць першы помнік паэту. Да гэтага ўва ўсім родным Коласу Стаўбцоўскім раёне быў адзіны помнік яму – бюст у Мікалаеўшчыне.
Улады забаранілі настаўнічаць
Самастойна засвоіў расейскую мову і ў 1898 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе адзін з настаўнікаў звярнуў ягоную ўвагу на неабходнасць ствараць на беларускай мове.
І стаўся настаўнікам. Але пасля ўдзелу ў нелегальным у разуменні царскіх уладаў З’ездзе настаўнікаў Менскай губерні (9–10 ліпеня 1906 года) Якубу Коласу забаранілі гэтую дзейнасць. У гонар з’езду на тым месцы – ва ўрочышчы Прыстанька каля Мікалаеўшчыны – у 1993 годзе паставілі помнік у выглядзе двух валуноў.
Першы арышт
Расплатаю за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе стаўся першы арышт. З 1908 да 1911 года Якуб Колас быў у Пішчалаўскім замку ў Менску, вядомым як Валадарка. Тут ён пачаў пісаць свае знакамітыя паэмы «Сымон-музыка» і «Новая зямля». У астрозе адрасціў вялікую бараду, каб у ёй хаваць грошы падчас ператрусаў.
Сяброўства з Купалам і шахматы
У 1912 годзе пазнаёміцца з Якубам Коласам у леснічоўку Смольня каля Мікалаеўшчыны прыехаў Янка Купала, з якім пазней у БССР уваходзілі ў тэрміналагічную камісію Інстытуту беларускай культуры. Калі ж большасць супольных таварышаў знішчылі сталінскія рэпрэсіі, сяброўства Коласа і Купалы яшчэ больш умацавалася, яны амаль штодня сустракаліся ды гулялі ў шахматы. Апошні раз сустракаліся ў сакавіку 1942 года ў Казані на сесіі Акадэміі навук БССР, а ў чэрвені Янка Купала трагічна загінуў у Маскве.
Сям’я
У 1913 годзе Якуб Колас ажаніўся з настаўніцаю Марыяй Каменскаю, з якою меў трох сыноў і пражыў больш за 30 гадоў. Як напамін пра іх і сябе паэт пасадзіў у сваім менскім двары чатыры дубкі і бярозку (сёння гэта тэрыторыя Музею Якуба Коласа). Жонка была вядомая сярод менскіх літаратараў выдатнымі гастранамічнымі стравамі.
Мог апынуцца ў Курапатах
Атрымаў званне Народнага паэта Беларусі і пажыццёвую пенсію ў 1926 годзе, але гэта не магло ўратаваць ад рэпрэсіяў. Якуб Колас праходзіў у шэрагу справаў, а 21 лістапада 1938 года кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка накіраваў Іосіфу Сталіну ліст «Пра беларускую мову, літаратуру і пісьменнікаў». Якуб Колас, як і Янка Купала, названыя ў ім «прафашысцкім пісьменнікам», які ўзначальваў «адну з найбольш буйных контррэвалюцыйных нацыяналістычных працаў». Але за некалькі дзён да гэтага ліста Сталін пастанавіў спыніць Вялікі тэрор (1937–1938), у межах якога ў Беларусі адбылася Ноч расстраляных паэтаў.
Грыбнік
Якуб Колас быў апантаным грыбніком. Ягоныя ўлюбёныя мясціны – мікалаеўскія лясы, а таксама Балачанка за Пухавічамі, дзе жылі сябры – сям’я Дзяткаў. Максім Лужанін у кнізе «Колас расказвае пра сябе» пісаў: «У Балачанку Канстанцін Міхайлавіч ездзіў з самага пачатку грыбнога сезона, калі пракідаліся першыя баравікі, а пад восень заставаўся ў Дзятак на некалькі дзён. Раніцай і ўвечары ён ішоў па раздабыткі і цягаў грыбы вялікімі кашамі, не даючы браку ніводнаму гатунку, пакуль Марыя Іванаўна не насольвала поўную кадушку. Гэты трафей з вялікай урачыстасцю перавозіўся ў Менск. Не марудзячы, склікаліся на дэгустацыю знаўцы, майстры і аматары грыбное справы».
Якуб Колас пакінуў своеасаблівы тастамент грыбніку з парадаю: «Грыб шуму не любіць, бо ён сам ціха расце. А людзі бяруць вялізныя кашы, нажы метровыя і, задзёршы галаву, швэндаюцца па дзесяцёх у лесе. Гу-га! Га-гу! Вось такія грыбнікі і вяртаюцца з пустымі кашалямі, бо грыбы пазашываюцца ў мох ад страху, сядзяць і калоцяцца там, бедныя. А ты рабі так: зрэзаў грыбок, абчысць, палажы ў кошык, нож складзі і схавай у кішэню, а кошык пастаў на зямлю. Грыбы цікаўныя. Захочацца ім зірнуць, што ж робіцца ў тваім кошыку, як жывецца там іхнім сваякам. Павысаджваюць галовы з гліцы, а ты іх паціхеньку і хапай».
Апошнімі гадамі кінуў паліць
Апошнімі гадамі Якуб Колас меў вялікія праблемы з лёгкімі: за 10 гадоў 26 разоў хварэў на запаленне. Дактары нават забаранілі паліць, што ён і зрабіў ды нават перастаў вырошчваць тытунь на сваім падвор’і.
Перад смерцю Якуба Коласа турбаваў стан беларускай мовы
Якуб Колас памёр у 73 гады за працоўным сталом 13 жніўня 1956-га. Незадоўга да смерці напісаў тры лісты ў Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі. Адзін датычыў вулічных боек моладзі, другі – жудаснага стану беларускіх могілак, а трэці – пра беларускую мову і далейшае развіццё культуры ў рэспубліцы. Тут ён пісаў, як беларускую мову ператвараюць у «нялюбы прадмет», а беларускія школы размяшчаюць выключна ў вёсках. Якуб Колас спадзяваўся, што добры прыклад усё зменіць: «Становішча мовы ў рэспубліцы патрабуе паляпшэння. Я не думаю аб нейкіх адміністрацыйных загадах, смешна было б беларусізаваць Беларускую рэспубліку. Усю справу можа вырашыць добры прыклад. Лягчэйшым за ўсё іншае мне здаецца такі шлях. У нас праводзіцца шмат рэспубліканскіх нарад, урачыстасцей, святкаванняў. На іх выступаюць з дакладамі адказныя работнікі, якія ведаюць беларускую мову. Вось няхай бы гэтыя даклады рабіліся па-беларуску. Гэта задавала б тон і паказала павагу да мовы з боку кіраўніцтва рэспублікі. Добры прыклад пяройдзе ў вобласць, а затым і ў раён. А то ж сапраўды нецікава атрымліваецца, што сакратары райкамаў і старшыні выканкамаў гавораць з народам не на яго мове. Мне думаецца, што такім шляхам можна дасягнуць большага канкрэтнага кантакту і ўзаемаразумення».
Чытаць яшчэ:
«Я нібыта разблакавала апошні ўзровень у складанай гульні». Год з жыцця Кацярыны Андрэевай
«Любыя праявы пачуццяў спыняюцца». Журналістка Дар’я Чульцова, якая выйшла на свабоду, — пра тое, як жывуць і кахаюць у калоніі
Героиня районки: «Время действительно непростое, но не было бы хуже»