Былога відэааператара АНТ Антона Казельскага ўключылі ў «экстрэмісцкі спіс» МУС
У спіс асобаў, «схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў, 30 жніўня ўключана імя Антона Казельскага. Абноўлены спіс на сайце ведамства з’явіўся 3 верасня.
Паводле звестак з гэтага спіса, былы відэааператар АНТ асуджаны па двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) і часткі 3 артыкула 361 (заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы РБ). Таксама пазначана, што Казельскі ўжо «адбывае пакаранне».
Няма дакладнай інфармацыі пра тое, якім чынам пакараў былога супрацоўніка суд Мінскага раёна ў асобе Святланы Макарэвіч. Яе прысуд, агучаны сёлета 20 траўня, асуджаны спрабаваў абскардзіць у Вярхоўным судзе 13 жніўня. Скаргу Антона Казельскага разглядаў суддзя Вярхоўнага суда Руслан Царук, сутнасць яго рашэння таксама не вядомая.
Справа Антона Казельскага
Антона Казельскага затрымалі 12 кастрычніка 2023 года на працоўным месцы, у адным з кабінетаў офіса тэлеканала на вуліцы Камуністычнай у Мінску — яго адмыслова выклікалі на працу, папрасіўшы ўзяць з сабой апаратуру для здымак.
Спачатку затрыманага пакаралі арыштам паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП за знойдзеныя ў сацсетках «лайкі» і каментары пад матэрыяламі інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбыўшы адміністрацыйны арышт, на волю відэааператар не выйшаў. Пад увагу сілавікоў з ГУБАЗіКа трапілі каментары Казельскага, пакінутыя ў 2020 годзе, у якіх ён нібыта заклікаў людзей да пратэстаў. Праўда, сам ён падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту сцвярджаў, што ў акцыях пратэсту не ўдзельнічаў. У дачыненні да Казельскага была распачатая крымінальная справа.
21 траўня 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Антона Казельскага палітычным вязнем. На волі ў яго засталася жонка і чацвёра дзяцей, малодшае дзіця нарадзілася ўжо пасля затрымання бацькі.