Антон Трафімовіч: «Інфармацыя пра пратэсты распаўсюджвалася сярод армян найперш праз сацсеткі»
Журналіст “Радыё Свабода” Антон Трафімовіч дзеліцца ўражаннямі пра сваю нядаўнюю паездку ў Ерэван, дзе нечакана ўспыхнулі палітычныя пратэсты і змянілася ўлада.
— Яшчэ за месяц да ўсіх падзеяў мы з сябрамі абсалютна выпадкова сабраліся на адпачынак менавіта ў Арменію. Да гэтага я быў у Грузіі, дзе звычайна пралягаюць асноўныя турыстычныя маршруты беларусаў. Таму мне было цікава паглядзець на іншую каўказскую краіну, пра якую казалі, што там многае змянілася з савецкага часу.
І вось мы збіраемся ляцець у адпачынак, а паўсюль з’яўляюцца навіны, што ў Арменіі наспявае рэвалюцыя, дэманстранты блакуюць вуліцы, аб’яўляюць нацыянальны страйк. Мы падарожнічалі па Арменіі ў самы рэвалюцыйны час.
Мы былі ў розных рэгіёнах: і на поўначы, і на поўдні краіны. Акурат 1 траўня прыпыніліся ў Ерэване на начоўку і вымушаныя былі застацца, бо на 2 траўня быў абвешчаны нацыянальны страйк — ніхто не пагаджаўся нас везці далей.
Арменія цяпер
Перад паездкай мае чаканні выглядалі так: Арменія — гэта не такая развітая і больш занядбаная Грузія. А насамрэч яна розная. Ёсць Ерэван, настолькі ж “вылізаны” і прыгожы, як беларуская сталіца. Тут шмат публічнай прасторы, архітэктура, сучасныя цэнтры мастацтва, развіты сэрвіс.
Калі ж выязджаеш з горада, адразу трапляеш у пачатак 1990‑х: разбітыя дарогі і адсутнасць сэрвісу. Мы былі ў Дыліжане, Севане і Гарысе. І толькі Гарыс (горад па поўначы Арменіі з насельніцтвам каля 20 тысяч чалавек) нагадвае нейкае турыстычнае месца. Усё астатняе — гэта закінутыя вёскі. Паўсюль стаяць іржавыя кузавы старых машын, і ўвогуле ўсе дарогі ў Арменіі нагадваюць могілкі аўтамабіляў.
На ўсім сэрвісе ў Арменіі заўважны добры налёт саўка. І ўсё гэта на фоне найпрыгажэйшай прыроды, гор і цяснін.
Уражваюць самі армяне — яны заўсёды падкрэсліваюць армянскі гонар, каўказскі дух. Але гэта трохі разыходзіцца з тым, што адбываецца навокал. Яны заяўляюць пра нейкія высокія матэрыі, а навокал — занядбанне. Калі параўнаць з Беларуссю, то ў нас, канешне, ўсё дагледжана, але ў нас значна больш сумна. Стабільна, можна сказаць.
Грамадскі транспарт у Арменіі мала развіты, таму ўсе звычайна ездзяць на машынах і таксі. У Арменіі вельмі дарагі бензін, таму ўсе аўтамабілі ездзяць на газе. Жартуюць нават, што калі аўтамабіль трапляе ў Арменію, яго адразу пераводзяць на газ і адключаюць указальнікі паваротаў. Там імі ніхто не карыстаецца.
Эканоміка трымаецца ў асноўным на сферы паслугаў. А наогул складаецца ўражанне, што армяне ў асноўным жывуць за кошт таго, што ездзяць працаваць за мяжу, альбо атрымліваюць грошы з‑за мяжы ад сваякоў.
Разам з тым Арменія ўдзельнічае ў многіх еўрапейскіх праектах, у тым ліку праграме “Усходняе партнёрства”. Напрыклад, у Дыліжане працуе сусветнавядомы United World College. Гэта даволі закінутая вёсачка, куды з’язджаюцца вучыцца студэнты з усяго свету. Таксама часта сэрвісныя прадпрыемствы ствараюць армяне, якія вяртаюцца з‑за мяжы.
Чаму здарылася рэвалюцыя?
Мы доўга спрабавалі разабрацца ў каранях рэвалюцыі. Атрымліваецца так: армяне доўгі час цярпелі, цярпенне лопнула, і ўсё адбылося абсалютна нечакана.
Армяне называюць тое, што адбылося, менавіта рэвалюцыяй. І па-іхняму, яна адбылася 8 траўня — калі ўлада нарэшце перайшла ў рукі Ніколы Пашыняна.
Адбылося ўсё з‑за таго, што людзі не пацярпелі падману. Я шмат размаўляў з палітолагамі і яны кажуць: “Калі б Саргсян зрабіў намінальную ракіроўку, а пасля зменаў Канстытуцыі прэм’ер-міністрам стаў бы Карапецян, нічога б не адбылося. Але Саргсян не стрымаў слова і гэта вельмі абурыла грамадства”.
Прычым, у адрозненні ад іншых падобных падзеяў на постсавецкай прасторы, галоўным каналам распаўсюду інфармацыі для арганізатараў пратэсту сталі сацыяльныя сеткі.
Так, у Арменіі ёсць недзяржаўныя медыя. Армянская служба “Радыё Свабода” стала надзвычай папулярнай у гэтыя дні. Але асноўная камунікацыя адбывалася менавіта праз сацыяльныя сеткі. Найперш, праз Facebook.
Ад самага пачатку Мікол Пашынян пазіцыянаваў сябе як максімальна празрысты палітык, за дзеяннямі якога можна сачыць у прамым эфіры.
Нам цяжка нават уявіць, што людзі могуць стаяць на плошчы і праз мабільны тэлефон глядзець трансляцыю Пашыняна, што трансляцыю палітыка адначасова можа глядзець 56 тысяч чалавек. Для нас гэта абсалютна нерэальныя лічбы нейкія.
А армяне за дні пратэстаў прызвычаіліся да таго, што перш, чым ісці спаць, яны заходзяць на старонку Пашыняна, каб даведацца планы на заўтра.
Яшчэ цікава, як разгортвалася рэвалюцыя. Калі Пашынян арганізоўваў свае першыя акцыі, мала хто верыў у гэта і спадзяваўся на поспех. Бо на выбарах Пашынян набраў няшмат галасоў. Але потым было шмат дыскусій ў інтэрнэт-прасторы, акцыі пачалі набіраць вагу. І цяпер не ўзнікае сумневаў, што Пашынян з’яўляецца сапраўдным народным палітыкам. За некалькі дзён я сустрэў толькі аднаго, хіба, чалавека, які сказаў, што не падтрымлівае Пашышяна. Яго там усе так і называюць: “Наш Нікол”.
Цяпер на Пашыняна ўскладаюць шмат надзеяў. Пытанне, ці зможа ён іх апраўдаць. Вельмі часта бывае так, што на хвалі народных пратэстаў хтосьці з палітыкаў атрымлівае падтрымку, але потым хутка забываецца. Так было з Юшчанкам, напрыклад.
Уплыў Расіі
Я распытваў пратэстоўцаў пра геапалітычныя сувязі гэтай рэвалюцыі, і ў мяне сапраўды склалася ўражанне, што рэвалюцыя была цалкам унутранай. Нідзе падчас падзеяў у Арменіі не гучала пытанне, што мы выступаем за Ўсход ці за Захад. Паўсюль гучала, што мы не мяняем геапалітычны выбар краіны, а мяняем сутнасць улады і ідзем далей.
То бок і пры мінулай уладзе Арменія была ўмоўна прарасійская, але заўсёды адкрытая да заходніх праектаў, заходніх ідэй, бізнесаў. Армяне вядуць даволі ўзважаную палітыку, як у нас любяць казаць, “шматвектарную”.
Бо з суседзямі там асабліва рады не дасі — Азербайджан, Турцыя, якія хочуць, умоўна разарваць краіну. А далёкая Расія, далёкі Еўрасаюз і Амерыка на іх сапраўды ўплываюць.
Адкрытая сустрэча «Падзеі ў Арменіі вачыма беларускіх журналістаў» — чацвер, 19:00. Запрашаем!
Фота «Радыё Свабода»