Антон Матолька: Жыццё ў Facebook і па-за ім
Дзяржава зрабіла так, што людзі, якія стараюцца трымаць сябе ў прававых рамках і не парушаць заканадаўства, не могуць гэтага зрабіць, выказвае меркаванне Антон Матолька ў «Размове Мацкевіча».
«Калі б людзі прыйшлі да суду, на іх бы праз пяць хвілінаў склалі пратакол. Гэта праблема, з‑за якой я не прыйшоў на суд Эдуарда Пальчыса ані са сцягам ані з плакатам, таму што я стараюся заклікаць людзей да прававога вырашэння пытанняў. Я спрабую лавіраваць, выкарыстоўваць шчыліны, якія засталіся, каб выказваць сваё меркаванне», — распавядае фатограф.
«Я бачу шмат людзей, якія салідарны з тым альбо іншым меркаваннем, але яны не выйдуць на вуліцу…
На прыкладзе Пальчыса бачна, што ёсць шмат людзей, якія могуць быць не згодныя з яго пазіцыяй, але гатовыя дапамагчы, альбо могуць падтрымаць фінансава, салідарных аказалася шмат, нашмат больш, чым я чакаў».
«Я жыву ў свеце Facebook, у свеце, дзе ўсе ўсё разумеюць. Але калі мы выйдзем за тэрыторыю камфорту, свет зусім іншы — на вуліцы кожны пяты аўтамабіль з георгіеўскай стужкай, і беларуская мова мёртвая і нікому не патрэбная. У Facebook Рыгор Барадулін — нашая годнасць, але па факту, калі мы выйдзем на вуліцу, ніхто не скажа, што такі выпадак быў».
Чаму грамадскі актывізм у Беларусі замкнёны ў Facebook, а ў афлайне дзейнічаюць адзінкі, як і ў выпадку з падтрыманнем Эдуарда Пальчыса?
Падрабязней — у відэа «Размова Мацкевіча».