АНТ зняла з эфіру праграму Меліціны Станюты. «Парушыла карпаратыўныя правілы»
Гімнастка Меліціна Станюта вядзе рубрыку з трэніроўкамі на канале АНТ. Выпуск выходзіў штотыдзень у ранішнім эфіры. Але ў гэты панядзелак гімнастку па тэлебачанні не паказалі.
Тэлеканал АНТ патлумачыў, чаму зняў з эфіру рубрыку гімнастыкі Меліціны Станюты.
«Меліна ў нас — штатны супрацоўнік, ім яна і застаецца. Але яна парушыла карпаратыўныя правілы, якія ўзгадняліся з ёй асабіста яшчэ ў 2018 годзе.
Таму пакуль рубрыка з яе ўдзелам часова выходзіць не будзе, пытанне будзе вырашацца. Не ў маёй кампетэнцыі расказваць, што за правілы былі парушаны, Меліціна ведае якія», — пракаментавала «Нашай Ніве» прэс-сакратар АНТ Ірына Рамбальская.
«Я выпадкова даведалася, што мая рубрыка не выйшла ў панядзелак. Прычын на тэлеканале не тлумачылі. Мяне не звольнілі — сказалі, што рубрыку прыпынілі да верасня», — паведаміла Меліціна.
Загадзя гімнастку не папярэджвалі. У яе было падрыхтавана яшчэ некалькі выпускаў для эфіру.
Некалькі дзён таму Меліціна Станюта выказалася ў сваім інстаграме ў падтрымку крамы «Symbal.by».
«У дэмакратычных краiнах, калi грамадзянiн не парушае закон, ён пад аховай! А што гэта было ўчора?! Стаiш у чарзе ў краму — сядзiш у аўтазаку! Куды падзеўся закон, якi нас ахоўвае?!», — эмацыйна адрэагавала Меліціна на затрыманні.
Сама Меліціна адказала, што не ў курсе пра якія парушэнні ідзе размова.