Анджэй Пачобут – 40 месяцаў за кратамі
Гарадзенскі журналіст і актывіст Саюза палякаў на Беларусі знаходзіцца за кратамі ўжо 40 месяцаў. З гэтай нагоды ў Беластоку прайшла штомесячная акцыя салідарнасці з Анджэем. Але не толькі з ім, а і з усімі палітвязнямі ў Беларусі.
Гаворыць Анна Кетліньска – старшыня беластоцкага аддзелу таварыства Wspolnota Polska, якое штомесяц 25 чысла ладзіць такія акцыі:
– Гэта важная асоба для польскага асяродку – паланійны дзеяч, польскі журналіст. Таксама гэта важная асоба для палякаў, якія жывуць у Беларусі. Чалавек, які паказвае, што змагаецца за прынцыпы, нягледзячы ні на што. Акцыі салідарнасці, якія ладзяцца ў Беластоку, таксама прыгадваюць пра лёс іншых палітычных вязняў.
Апошнім часам вакол вызвалення Анджэя Пачобута хадзіла шмат чутак. Але, як адзначае віцэ-старшыня Саюза палякаў на Беларусі Марэк Занеўскі, гэта не болей чым чуткі, а сітуацыя з Анджэем не змяняецца ў лепшы бок:
– На жаль няма інфармацыі пра Анджэя. Ён надалей знаходзіцца ў Наваполацку, сядзіць у ПКТ у ізаляцыі і нічога не адбываецца. Уся гэтая інфармацыя, якая гуляла апошнія месяцы, некаторыя казалі, што яго выпусцілі, некаторыя казалі, што яго вазілі на мяжу. Канешне ўсё гэта няпраўда, усё гэта фэйкі. Нам вельмі прыкра, што такія сітуацыі адбываюцца. Сітуацыя з Анджэем застаецца вельмі складнай і на сёння дзень мы не бачым яе паляпшэння.
Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. У лютым мінулага года асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і зараз знаходзіцца ў Наваполацкай калоніі.