Анджэй Пісальнік абраны старшынёй Федэрацыі польскіх медыя на Усходзе
Гродзенскі журналіст, сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Анджэй Пісальнік абраны старшынёй Федэрацыі Польскіх медыя на Усходзе. Гэтая Федэрацыя аб'ядноўвае медыя, што працуюць на польскай мове ў Беларусі, Літве, Латвіі і ва Украіне.
Абранне Анджэя Пісальніка адбылося 26 верасня 2017 года падчас Вальнага збору (генеральнай асамблеі) федэрацыі ў Бельведэрскім палацы ў Варшаве.
— Федэрацыя Польскіх медыя на Усходзе аб’ядноўвае рэдакцыі СМІ, якія знаходзяцца на усход ад Польшчы і служаць польскай меньшасці. У Беларусі гэта перадусім медыя, якія выдаюцца Саюзам Палякаў на Беларусі. Гэты саюз з’яўляецца нелегальнай арганізацыяй у Беларусі паводле дзеючага заканадаўства. Адпаведна, і медыя гэтыя ёсць нелегальнымі і падпольнымі, — распавёў Анджэй Пісальнік пра выданні, якія ў Беларусі скіраваныя на польскую меншасць. — Наклады нашых медыяў не рэгулююцца рынкавымі стасункамі, бо мы не распаўсюджваем іх за грошы. Калі казаць пра Głos znad Niemna na uchodźstwie, то яго наклад — каля дзвюх тысяч асобнікаў.
Спадар Анджэй заўважыў, што абранне яго на пасаду старшыні Федэрацыі Польскіх медыя на Усходзе — гэта крок маральнай падтрымкі для журналістаў, якія тут працуюць.
«У Беларусі польскія медыя працуюць у больш складаных умовах, і такім чынам калегі з Украіны, Літвы і Латвіі хацелі нас падтрымаць. Я гэта ўспрымаю як знак павагі да той справы, што мы робім», — гаворыць Анджэй Пісальнік.
Ва Украіне, Літве, Латвіі выданні для польскай меншасці не маюць вялікіх накладаў, але яны з’яўляюцца нармальнымі ўдзельнікамі лакальнага рынку медыя: іх можна набыць за грошы, размясціць рэкламу.
Для жыхароў Гродна Анджэй Пісальнік — вядомы журналіст. У пачатку 2000‑х ён спрабаваў зарэгістраваць газету “Рэпарцёр”, супрацоўнічаў з газетамі “Пагоня”, “День”, з рознымі польскімі выданнямі.