Анджэй Пачобут застаецца без неабходных яму лекаў і знаходзіцца ў ізаляцыі
Як паведамляе Polskie Radio, пра гэта на чарговай акцыі салідарнасці ў Беластоку распавёў віцэ-старшыня Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.
Акцыі салідарнасці ў Беластоку штомесяц ладзяць Саюз палякаў Беларусі і Падляшскі аддзел згуртавання «Wspólnota Polska».
«Гэта чарговая акцыя салідарнасці. Вось ужо трэці год мы тут збіраемся, нягледзячы ні на што: надвор’е, пара году, дождж, снег, мароз. І мы будзем збірацца далей, каб нагадваць пра Анджэя Пачобута, які сядзіць у Наваполацку, які пакутуе, які не атрымлівае лекаў для сэрца, у яго кожны дзень запаволены рытм, у яго падымаецца ціск і мы проста не ведаем, чым яму дапамагчы, акрамя як прыйсці сюды і ўсім пра гэта гучна сказаць», — сказаў Марэк Занеўскі падчас акцыі.
Спадар Занеўскі называе становішча палітвязня ў калоніі цяжкім.
«Сям’я атрымлівае ад яго лісты, але ў вельмі абмежаванай колькасці. З іх мы ведаем, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў штрафным ізалятары, што ён па-ранейшаму не атрымлівае лекаў, якія яму неабходныя штодня. Мы ўсялякімі спосабамі стараемся даведацца больш і ўсяляк сачыць за сітуацыяй», — адзначае ён.
Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі Саюза палякаў Беларусі. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года.
Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст ад 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.
8 лютага 2023 года ў абласным судзе Гродна суддзя Дзмітрый Бубенчык прыгаварыў журналіста да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Зараз зняволены журналіст адбывае пакаранне ў калоніі ў Наваполацку. Там яго на паўгады адправілі ў памяшканне камернага тыпу, дзе спадар Пачобут будзе знаходзіцца да лютага 2024 года.
Чытайце яшчэ:
«Я адрозніваю, дзе прапаганда, а дзе праўда. Тады мне варта паступаць на журфак БДУ?» На складанае пытанне адказвае Глафіра Жук
«Вся страна сейчас живет так, как годами жили пострадавшие от домашнего насилия». Большой разговор с Ольгой Горбуновой
У спіс экстрэмісцкіх дадалі інтэрнэт-рэсурсы Palatno, EX-PRESS.BY, «Рогачев Online»