Анджэй Пачобут другі раз стаў журналістам году ў Польшчы
Палітвязень Анджэй Пачобут, які па-ранейшаму знаходзіцца ў турме, атрымаў галоўную журналісцкую прэмію Польшчы.
У Польшчы адбылася ўрачыстая цырымонія Grand Press 2021, на якой Анджэя Пачобута прызналі «Журналістам году-2021». Гэта ўжо другое такое прызнаньне для журналіста, папярэдні раз яго ўзнагародзілі гэтай прэміяй у 2011 годзе, паведамляе Radio ZET.
Намесьнік галоўнага рэдактара Gazety Wyborczej Яраслаў Курскі, які атрымаў узнагароду ад імя Пачобута, сказаў, што сытуацыя з журналістам ёсьць «сьведчаньнем таго, што свабода слова ня мае цаны і не падлягае абмеркаваньню».
Таксама сёлета ў жніўні Пачобута завочна ўзнагародзілі ў Польшчы Мэдалём свабоды слова.
48-гадовы Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ). Прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з‑над Нёмана»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі зь гісторыяй спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміі Краёвай.
Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідаюць «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму».
Пазьней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У той жа час іншыя актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава — гэтай магчымасьцю скарысталіся, іх без дакумэнтаў, у парушэньне ўсіх правілаў, вывезьлі ў Польшчу.