Андрусь Клікуноў: Калі разбурыцца дзяржаўная сцяна глухаты да патрэбаў журналістаў-фрылансераў?
Ну колькі можна даказваць нашай дзяржаве, што Канстытуцыя — асноўны закон, які гарантуе кожнаму грамадзяніну краіны права на вольны збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі? А таксама гарантуе кожнаму права на працу. А таксама валодае вышэйшай юрыдычнай сілай за законы, у т. л. Закон “Аб СМІ”, які адмаўляе журналістам-фрылансерам у існаванні.
З аднаго боку дзяржава ўводзіць спрэчны падатак на “дармаедаў”. З другога — адмаўляецца стварыць умовы для самастойнага працаўладкавання журналістаў. Ці не абсурд?
Звароты ў дзяржаўныя органы з прапановамі зменаў заканадаўства з мэтай узаконіць журналістаў-фрылансераў, шматлікія лісты і петыцыі ў Міністэрства інфармацыі сябраў міжнародных журналісцкіх арганізацыяў, запрашэнні да дыялогу ў фармаце канферэнцыяў і круглых сталоў — усё застаецца без адказу.
Хочацца нагадаць, што з моманту абяцання кіраўніка дзяржавы вырашыць пытанне журналістаў-фрылансераў мінула ўжо паўтара гады. Спыніўся вал рэпрэсіяў. Але ў заканадаўчым плане — воз і сёння там.
Складаецца ўражанне, што ў нас існуе асобна незалежная журналісцкая супольнасць са сваімі праблемамі і выклікамі, якая дбае пра развіццё грамадства. І існуе асобна дзяржава, якая мае “сваю” журналісцкую супольнасць з фінансаваннем з дзяржбюджэту, і якая не зацікаўлена ў існаванні непадкантрольнага “канкурэнта”. Для дэмакратычнай дзяржавы гэта — абсурд.
Напрыканцы лютага ў Бруселі адбылося чарговае паседжанне экспертнай групы па фрыланс-журналістыцы (FREG) Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.
На запрашэнне ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сябры экспертнай групы па фрыланс-журналістыцы зноў прыедуць у Беларусь у лістападзе 2017 года. Таксама, каб узяць удзел у міжнароднай канферэнцыі “Фрыланс-журналістыка ў Еўропе: выклікі і перспектывы”, якая будзе ладзіцца ў Мінску пад эгідай Міжнароднай федэрацыі журналістаў у супрацоўніцтве з ГА “БАЖ”.
У мінулы раз восенню 2014 года дзяржаўныя органы Беларусі праігнаравалі запрашэнні ўзяць удзел у абмеркаванні юрыдычнага статусу журналістаў-фрылансераў падчас круглага стала з экспертамі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў і прадстаўнікамі беларускай медыйнай супольнасці.
Ці атрымаецца прабіць кроплямі здаровага сэнсу сцяну глухаты з боку дзяржавы да патрэбаў журналістаў-фрылансераў сёлета?
Ці пройдзе беларуская дзяржава тэст на дэмакратычнасць у перыяд так званай “лібералізацыі”?
Пытанні застаюцца адкрытымі…