Андрусь Горват: Як дзядзька з дзярэўні тэлевізар глядзеў
Шчасце — гэта калі ёсць Шчоткіна, стабільнасць і “Беларусь 1”!
Пакуль я ўтыкаў у сутнасць справы, спадарыня Шчоткіна пераканаўча распавяла, што я захачу працаваць пасля шасцідзесяці. А каб у мяне не засталося сумневу, што Шчоткінай трэба давяраць, далей паказалі няшчасных пенсіянераў з Канзаса, якім скарацілі пенсійныя выплаты. Божа мой, якое шчасце, што я ў Беларусі жыву! Што ў нас ёсць Шчоткіна, стабільнасць і “Беларусь 1”!
Не вытрымаў я канзаскіх слёз і пераключыўся на “ОНТ”. А там якраз “Контуры” давалі — расказвалі пра новую прыладу для Facebook. Я нават назву ў сшытак запісаў, каб увечары суседу дзядзю Мішу сказаць:
— А вы ведалі, што нашы беларускія хлопцы прыдумалі эмэск’юэрдэ?
Дарэчы, вынаходнікі прыстасавання паабяцалі, што з Беларусі не з’едуць. У нас ёсць усе ўмовы для працы спецыялістаў сусветнага ўзроўню.
Гэта пацвердзілі і аўтары наступнага рэпартажу пра ліцейны завод. Я так і не зразумеў, што ён вырабляе, але па ўзнёслай інтанацыі рэпарцёра здагадаўся, што наша эканоміка таксама на ўзлёце, а беларускія вытворцы робяць штосьці вельмі запатрабаванае ва ўсім свеце.
От і добра. Цяпер я спакойны. Заводы працуюць, Еўропа б’ецца за беларускіх спецыялістаў, але яны застануцца дома, бо тут ёсць усе ўмовы для жыцця і працы. І на пенсію мне не захочацца.
Філіял “рускага свету”
Супакоены, пераключыўся на “Беларусь 3”, дзе гучалі “Сто песень для Беларусі”. Патлатыя рокеры пяюць беларускія народныя песні, а бабулі на падпеўцы. Хай будзе. Хораша пяюць. Вяртаецца адчуванне беларускага тэлебачання пачатку дзевяностых. Такое мілае, няшкоднае беларускае тэлебачанне. Не надта і канкурэнтаздольнае, але, як дзед Косцік кажа, ад душы. Яно, вядома, лепей было б, каб у перадачу Надзю Бабкіну запрасіць ці Пугачову. На гэтых нашых пазіраеш і не ведаеш, што абмяркоўваць. Анічагусенькі не вядома, хто з кім спіць. Няхай хоць вядоўцы паміж выступамі расказваюць. Просім, просім!
То я вярнуўся назад да “Галоўнага эфіру”.
Мадам Шчоткіну ўжо не паказвалі, канзаскія пенсіянеры больш не плакалі. А ў студыі гасціў Валодзя Гасцюхін. Выраз твару меў разумны і заклапочаны, то можна і паслухаць.
— Матэрыял апошніх гадоў мяне ўдручае, — адразу паведаміў рэжысёр пра беларускія фільмы.
Яно, вядома, у савецкія часы ўсё было лепей: і неба, і хлеб, і “ацечаственнае” кіно.
Пасля кароткай настальгічнай развагі пра СССР вядоўца паспрабаваў далучыць Гасцюхіна да “беларускага свету”. Так і сказаў:
— От вы разам з Мулявіным на нашай зямлі навалач, але беларускі свет ствараеце.
Але Гасцюхін упарта туды не далучаўся. Калі беларускае кіно яго ўдручала, то ўзаемаадносіны паміж Расіяй і Беларуссю, наадварот, вельмі радавалі. Рэжысёр узгадаў дзевяностыя, калі і ён змагаўся супраць “Шушкевичей-бендер”, якіх назваў злачынцамі, што хадзілі з факеламі. А Пазнякі і іншыя лізалі боты фашысцкім звярам. І от прыехаў з Расіі добры хлопец Гасцюхін і дапамог нам змагацца з усім гэтым мярзоццем і ўсталяваць “беларускі свет”, які, як я зразумеў, з’яўляецца філіялам “рускага свету”. На пытанне пра творчасць Гасцюхін адзначыў, што Беларусь абмінуў украінскі сцэнар, напісаны фашыстамі. То дзякуй, спадар рэжысёр, што любы рускі чалавек можа прыехаць у Беларусь і адчуваць сябе тут як дома. Каму ж яшчэ, як не разумным дзядзькам з Расіі, на нашай зямлі свае парадкі ўсталёўваць.
Сэкс, мяса і меладрама
Тым часам Аксана Вечар на “Беларусь 3” не ўтыкае ў філасофію Гасцюхіна і нешта балбоча па-беларуску пра вёску ў Драгічынскім раёне. Калі б тую вёску спалілі ўкраінскія “бендеры”, яно б цікава было. Трэба як Гасцюхін — на пытанні пра культуру расказваць пра ўкраінскіх фашыстаў. А так — без абвінавачванняў, унутраных і знешніх ворагаў… Скукоцце. Буду шукаць штосьці іншае.
“Беларуcь 2”, “Тэлебарометр”. Абаяльны вядоўца з салодкай усмешкай вядзе гутарку з этнографам пра даравальную нядзелю. Трохі паслухаў, але даруй, ніякага канфлікту, нічога пра амерыканцаў. І я вярнуўся да Аксаны Вечар.
Не, адназначна трэба, каб Бабкіна вяла перадачу.
Ці яшчэ прапанова. Няхай будзе журы, якое штоперадачу будзе ацэньваць Аксану Вечар. І каб старшынёй журы была якаясьці ўрэдная баба, якая будзе даводзіць Аксану да слёз. Ну, не пра гісторыю ж вёскі глядзець!
Разбэшчаныя Андрэем Малахавым, мы, простыя палешукі, цяпер глядзім толькі тое, дзе ёсць сэкс, “мяса” і меладрама.
Канфлікт без драйву
От і “Клуб рэдактараў” на “Беларусь 1” — канфлікт ёсць, драйву няма. За сорак хвілін ніхто нікога не пабіў, нават ваду апаненту на галаву не вылілі. Наадварот, Якубовіч хітравата пагаджаецца з Бастунцом. Адно ў Давыдзькі адчуваецца ўнутраная нязгода, але ён яе ўсяляк стрымлівае. Не трэба стрымліваць эмоцыі, спадар Давыдзька. Гэта вядзе да захворванняў унутраных органаў. Можна ж ляснуць кулаком па стале і крыкнуць:
— Вы фсё вроце!
Бачна, як вы ўсім сэрцам перажываеце за пенсіянераў. Кажаце, што ў мужчын пасля выхаду на пенсію наступае кашмар, у іх палову шчасця забіраюць. От і фоты беларускіх пенсіянераў паказваеце — якія ў іх няшчасныя твары. Калі Бастунец рэмаркнуў, што шведскія пенсіянеры могуць дазволіць сабе падарожнічаць і ўсміхацца, вы так добра пачалі расказваць, што яны тое робяць за наш кошт. Я ўжо паціраў рукі, але вы не далі волю эмоцыям, і дарэмна, бо большасць гледачоў пайшлі на НТВ глядзець серыял “Масква. Тры вакзалы”. Смялей, спадар Давыдзька! Беларуская журналісцкая школа вырасла на славутых героях, якія не баяліся расказваць, як амерыканскія школьнікі пацукоў ядуць!
Увогуле, у мяне склалася ўражанне, што ў студыі, акрамя чатырох суразмоўцаў, яшчэ працавала нябачная спецыяльна абучаная карова, якая языком злізвала ўсе вострыя моманты.
Журналісцкая супольнасць абмяркоўвае “Клуб рэдактараў” — ура, дэмакратыя! А тут гледачы пазяхаюць. Адэпты “рускага свету” гасцюхіны маюць большы ўплыў. Яны больш разняволеныя ў сваіх заявах, яны не маюць ні тармазоў, ні той самай самацэнзуры ў адстойванні сваіх ідэалаў.
Беларуская тэлевізія забываецца на эмацыйнасць. Мо ў вас там у Мінску ёю можна нажэрціся ў любым тралейбусе. У нас тут, у далёкім Замкаддзі, за вокнамі шэрая беларуская вясенняя стабільнасць. Такая самая, як летась і пазалетась.
Добра, што вечарам калыханка для дарослых — рэгіянальныя навіны. Заводы працуюць. Спецыялісты запатрабаваныя. Дзеткі таленавітыя. І гэта, пэўна, я нягожы сярод гожых. І мне, пэўна, толькі здаецца, што ёсць праблемы.
А паглядзіш расійскі серыял пра простую дзеўку Надзю, якая паехала з правінцыі ў Маскву да знайшла там сваё шчасце — і спадзеў з’яўляецца, што і ў нас шчасце яшчэ будзе.