Андрусь Горват. Час, калі не было Facebook’а
То быў час, калі інтэрнэт ужо існаваў, але яго не было ў нашых галовах. Хоць я завёў паштовую скрыню на mail.ru ўжо на першым курсе, але праглядаў пошту раз на месяц. Сваіх камп’ютараў у нас не было. Аднойчы мая аднакурсніца прывезла з дому маленькі ноўтбучак — дзіва! Мне пашчасціла займець яго на цэлую ноч. І я прасядзеў у Word’зе, каб панабіраць свае тэксты. Тады рукапісы яшчэ былі рукапісамі, а не файламі. У камп’ютарны клуб, які месціўся ў суседнім інтэрнаце, мы таксама хадзілі «у Word» альбо паглядзець «Масяню».
Час ад часу мы шкодзілі радыё-фізікам, у чыіх пакоях стаялі камп’ютары, аб’яднаныя сеткай. Мы адключалі ім электрычнасць.
У мяне мала ўспамінаў, якія пачынаюцца з «я», амаль усе яны — «мы-ўспаміны».
Галоўны «мы-ўспамін» — мы чыталі кніжкі: Стругацкіх, Пелевіна. «Стараверы» шчэ распаўсюджвалі чарговую хвалю моды на Рэмарка. Вельмі папулярным быў Рычард Бах. Яго малафарматныя томікі пераходзілі з рук у рукі. За імі ўтвараліся чэргі. Мы жылі ў тых кніжках. То было нашае віртуальнае жыццё.
Каб пакінуць камент адзін аднаму, мы сустракаліся ўвечары на коўдрах і дыванах на падлозе. Сустрэчы зацягваліся да позняй ночы альбо да першай лекцыі. Жыццё не спынялася ні на хвіліну! Без інтэрнэта кожны дзень быў такім насычаным, што ў мяне мала ўспамінаў пра тое, як я спаў (і ці спаў?).
Памятаю, як ноччу на вакзале ў Брэсце вельмі мучаліся ад недасыпу і хадзілі туды-сюды. Хадзілі, хадзілі, і знайшлі японца. А з намі ў кампаніі быў кітаец. Паколькі японец — гэта амаль што кітаец (так падумалі мы), то вырашылі з ім пасябраваць. Функцыі зафрэндзіць яшчэ не было — і мы пасябравалі з ім ужывую. Той японец потым прыязджаў да нас у госці ў інтэрнат.
Госці — гэта асобная гісторыя. Яны былі кожны дзень. Не мае, дык сяброў. Каб пакінуць іх у інтэрнаце на ноч, мы ішлі на хітрыкі і нават на вельмі страшныя злачынствы. Калі да мяне прыехалі дзве аднакласніцы, адна прайшла як мая цётка, другую мы запусцілі ў вакно. Кожны дзень да кагосьці з нас прыязджалі цёткі і дзядзькі аднаго з намі ўзросту.
Не было ў нас і мабільных тэлефонаў. Каб пазваніць бацькам і папрасіць даслаць грошай, трэба было адстаяць чаргу да таксафона. Увечары чэргі збіраліся па дзесяць чалавек. На другім курсе з’явіліся пэйджары. Акрамя функцыі атрымоўваць паведамленні, яны выдавалі анекдоты, курсы валют і прагноз надвор’я. Гэта была адзіная забава, якой я бавіў вечары ў кіёску, дзе працаваў начным вартаўніком.
Мы не абмяркоўвалі чужыя акцыі, флэш-мобы і дурасці, а прыдумлялі свае. Памятаю, як засунулі Асі пад вопратку падушку — так імітавалі яе цяжарнасць і высвятлялі, ці будуць ёй саступаць месца ў тралейбусе. Навошта? А проста так.
Начавалі ў саломе за МКАД, выпрабоўвалі свае целы на вынослівасць: хадзілі, лазілі, бегалі, віселі, стаялі — што заўгодна, абы даказаць, што мы — гэта больш за нашыя целы.
Я так аднойчы зарокся тры дні не спаць, не есці і піць толькі ваду. На другую ноч друкаваў чорна-белыя фотаздымкі на кухні пры чырвоным святле. Ад стомы, недасыпу і голаду той ноччу я пабачыў шмат цікавых глюкаў: дыхалі шпалеры, расцягваліся рукі, а з вуліцы (сёмы паверх!) у вакно зазіраў алімпійскі мядзьведзік і махаў лапкай.
Мы ладзілі вечарыны на Дзень Незалежнасці Харватыі, фарбавалі адзін аднаго хной. Спявалі ў пераходзе, каб зарабіць грошай на муку і спячы бліны.
Яшчэ мы часта хадзілі ў паходы. Падчас аднаго з паходаў мы трохі патролілі Кацю Кібальчыч — будучую асобу года па версіі газеты «Наша Ніва». Каб ведалі, што так будзе, патролілі б болей.
А на Новы год залазілі на дах 15-павярховага інтэрната, дзе вадзілі карагод вакол будучага кінакрытыка Адэліны — нашай святочнай ялінкі.
Кіно мы глядзелі ў кінатэатрах. Аднойчы займелі відэакасету «Апошняе танга ў Парыжы» Берталуччы. Знайшлі і старэнькі магнітафон, які падключылі да маленькага чорна-белага тэлевізара майго суседа. Магнітафон зажаваў і сапсаваў плёнку, але нейкі кавалак забароненага ў СССР фільма мы ўсё-такі пабачылі.
Замест парнаграфіі, мы глядзелі перадачу «X‑Laski» на польскім тэлеканале, які лаваў той тэлевізар. То была лёгкая эротыка, якая, калі яе праглядаць гурбаю, вельмі весяліла. Асабліва рэклама польскіх презерватываў і сродкаў для павялічэння чэлеса.
Калі пайшла размова пра парнаграфію і чэлес, то трэба трохі дадаць і пра палітыку. То быў час, калі ніхто не думаў, што Лукашэнка стане вечным прэзідэнтам. У паветры яшчэ не вісела безвыходнасць, млявасць і абыякавасць да жыцця.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў быў зроблены бясплатны праезд для студэнтаў. Мы тым скарысталіся і наведалі Брэст, Полацк, Віцебск, Магілёў. А Ася не змагла спыніцца, яе з кітайцам Джан Тэем ноччу злавілі мытнікі ў Белавежскай пушчы — недзе ля мяжы з Польшчай.
Сёння Ася Дарафеева — старшыня партыі Зялёных. А я жыву ў дзярэўні і даю казу.
Тады мы не думалі, кім станем, проста любілі жыццё і не сядзелі на месцы. Я найбольш удзячны Асі за гэтыя ўспаміны.
А яшчэ — Марку Цукенбергу. За тое, што прыдумаў Facebook. Але асабліва за тое, што не прыдумаў яго раней.
Анлайн-канферэнцыя са Святланай Калінкінай. Пятніца, 12:00. Дасылайце пытанні!