• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрусь Горват. Беларусь — гэта застылае кіно

    Колісь дырэктар намаляваў вялікі МКАД і загадаў паставіць унутры дэкарацыі. Рэжысёр нагнаў акцёраў і пачаў здымаць сваю ўтопію пра стабільнасць. Але ці то бюджэт скончыўся, ці то ўзніклі якіясьці канфлікты з аддзелам ідэалогіі, але здымкі перарваліся на няпэўны час. Рэжысёр папрасіў не разыходзіцца, сам з’ехаў вырашаць праблемы, а акцёры сталі жыць сярод дэкарацый і цягам часу забывацца на тое, што гэта проста кіно. Што Сухарава — гэта бутафорыя. Што айфоны з пакемонамі — гэта рэквізіт. Што стабільнасць — гэта не рэлігія, а адна з ідэй аўтара.

    Хоць хадзілі чуткі, што рэжысёр больш не вернецца, што ён знайшоў сабе новых — харошых — акцёраў і пачаў здымаць іх, але дворнікі штодня працягвалі вылізваць сцэнічную пляцоўку, акцёры — надзяваць касцюмы і займаць месцы сваіх персанажаў. У чаканні, што здымкі працягнуцца, на вялікай сцэнічнай пляцоўцы памаленьку, паціху адбывалася жыццё, але не адбывалася нічога, што супярэчыла б сцэнару беларускай утопіі. У доўгім чаканні рэжысёра акцёры зацыкліся на сваіх ролях, няспынна паўтаралі тыя ж рэплікі: адныя — «Дзяды ваявалі», іншыя — «Жыве Беларусь!».

    Паўтара года таму я пераехаў у вёску, дзе свецяць не сафіты, а месяц з зорамі ў небе. Я думаў, што мой Прудок далёка ад кінастудыі, і што тут адбываецца не кіно, а няспынны рух Зямлі ў касмічнай прасторы.  

    От цётка нясе з крамы тры сасіскі.

    — Я  прыйшла ў магазін, кажу: «Дзеўкі, дайце мне сасісак». Мне так захацелася. Я пенсію палучаю. Гэта маё права — купляць, што душа захоча. Іванчык гаворыць: «Мамо, хачу мяса». А што, сынок, кажу, зара пайду і куплю. Мы таксама людзі.

    А потым прыязджае з горада Каця, кажа:

    — Эх, харашо ў дзярэўні летам!

    Яна мые і так чыстыя рукі гелем ад мікробаў. Мы з цёткай сядзім на дне студні і пужліва пазіраем, як апошнія мікробы пішчаць і дохнуць.

    А праз месяц цётка нясе з крамы яшчэ тры сасіскі.

    — Я  прыйшла ў магазін, кажу: «Дзеўкі, дайце мне сасісак».

    А праз год цётка ізноў нясе з крамы тры сасіскі.

    А Каця ўпершыню ў жыцці бачыць, як мухі займаюцца сексам:

    — Нічога сабе! Абалдзець!

    У гэты момант я разумею, што вёска — гэта таксама кіно. Што цётка — гэта акцёрка трагікамічнай ролі, а мікробы і секс мух для мяне — даўно бутафорыя.

    Што месяц з зорамі ў небе — гэта таксама сафіты.

    А як прыеду ў Мінск і — адчуваю сябе маслам, якое намазалі на хлеб. Гэтаму маслу стала так добра на хлебе, што яно выдыхнула з сябе сціснутае паветра і пайшло ў краму купіць новыя чырвоныя кеды.

    — Дзеўкі, дайце мне чырвоныя кеды. Маёй душы так захацелася.

    Дзеўкі даюць кеды. Я шпацырую ў кедах па праспекце. Я — масла ў чырвоных кедах. Я таксама чалавек.

    У Мінску я разумею, што застылае кіно пераехала разам са мной у Прудок і цяпер я збягаю ад яго ў Мінск, дзе адбываецца няспынны рух Зямлі ў касмічнай прасторы.

    У Мінску пяе Лявон Вольскі і гучыць джаз ля Ратушы.

    У Прудку — уборачная кампанія і перадавікі. Наш дзядзька Андрэй сабраў 696 тон збожжа. А нейкі Уладзімір Аляксеевіч з Даманавіч — 1112. Я не ведаю, ці ўжо зжэрла Андрамеда суседнюю галактыку. Мне на гэта няма часу — я чытаю артыкул пра тое, чым сілкуюцца хлебаробы. Гэта цяпер самае важнае.

    У Мінску ваяр з арнаментам на грудзях абараняе зборную Беларусі па футболе. А на Палессі раённы інспектар па справах непаўналетніх спрабуе абараніць свет ад пакемонаў.

    А звоніць Каця, цікавіцца:

    — Што ў цябе новага?

    Ну, у мяне кура — інтравертка. Выбаіна ў асфальце паглыбілася. А мухі ўсё яшчэ займаюцца сексам.

    А калі б я пераехаў у Мінск, ён ізноў бы стаў сцэнічнай пляцоўкай, скуль з’ехаў рэжысёр, які папрасіў не разыходзіцца.

    Мне пазвоніць цётка, запыецца:

    — Сынок, раскажы, што ў вас там адбываецца.

    Ну, Лявон Вольскі пяе ў Палацы Рэспублікі. Ну, на Адміністрацыі прэзідэнта вісіць «Пагоня». Нічога дзіўнага, цётка, усё як заўжды. Вы ж ведаеце, цётка, Беларусь — гэта застылае кіно.

    А цётка адкажа:

    — І мы, сынок, паціху. От памаленьку схадзіла ў краму, купіла чатыры сасіскі…

    — Нічога сабе! Абалдзець!

    Не, я вам так скажу: гэта не Мінск — кіно. Гэта не Беларусь — кіно. Гэта застылае кіно — я сам. Камбайнёры камбайнуюць, Андрамеда жарэ суседнюю галактыку, Беларусь няспынна рухаецца ў касмічнай прасторы.

    І ўсё ўвесь час змяняецца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці