Асуджанага відэаператара Андрэя Толчына накіравалі ў магілёўскую калонію № 15
Сёлета 21 сакавіка гомельскага відэааператара Андрэя Толчына асудзілі да двух з паловай гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суддзя Гомельскага абласнога суда Дзмітрый Казлоў прызнаў журналіста-фрылансера вінаватым паводле часткі 1 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і часткі 2 артыкула 367 Крымінальнага Кодэкса (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
Спроба Андрэя Толчына абскардзіць гэтае рашэнне плёну не прынесла. 24 траўня Вярхоўны суд не задаволіў ягоную апеляцыйную скаргу: суддзя Аляксей Рыбакоў пакінуў у сіле вырак суда першай інстанцыі.
31 траўня імя і прозвішча журналіста з’явілася ў пераліку «асобаў, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў РБ.
Журналіст-фрылансер знаходзіцца за кратамі ўжо амаль дзевяць месяцаў. Андрэя Толчына затрымалі летась 27 верасня ў Гомелі. Спачатку яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а на наступны дзень, 28 верасня, у яго кватэры сілавікі правялі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Жонцы следчыя патлумачылі, што ператрус праводзіўся «ў межах справы за экстрэмізм». Яшчэ праз некалькі дзён затрыманаму журналісту прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў гомельскі СІЗА.
16 лістапада 2023 года Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Толчына палітычным вязнем.
Першапачаткова супраць яго распачалі крымінальную справу паводле трох артыкулаў Крымінальнага Кодэкса. Але падчас разбору ў Гомельскім абласным судзе, які працягваўся амаль два тыдні, на патрабаванне пракурора было знята абвінавачанне паводле артыкула 369–1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), якое прад’яўляў Следчы камітэт.
Цягам апошніх год Андрэй Толчын у якасці відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі Гомельшчыны, за што яго шмат разоў судзілі, штрафавалі і адпраўлялі «на суткі» па адміністрацыйных абвінавачаннях. У 2020 годзе Толчына прыцягвалі да адказнасці за прафесійную дзейнасць — за асвятленне паслявыбарчых пратэстаў у рэгіёне. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, ён разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай нібыта браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
У магілёўскай калоніі № 15, куды этапавалі гомельскага журналіста, ужо адбываюць пакаранне некалькі ягоных калег. Гэта Аляксандр Любянчук, асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, Аляксандр Зянкоў, асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, Вячаслаў Лазараў, асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі, Сяргей Сацук, асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі.