Андрэй Гнёт застаецца пад стражай пасля чарговага разгляду справы ў Сербіі
Пазасудовая калегія ў Бялградзе разгледзела справу аб экстрадыцыі беларускага рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта ў Беларусь. Пасяджэнні праходзілі 26 сакавіка і 1 красавіка 2024 года. Пакуль суддзі прымаюць рашэнне, беларус будзе заставацца пад стражай, паведамляе Deutsche Welle.
Па інфармацыі выдання, на слуханнях з суддзёй па папярэднім разбіральніцтве разглядаліся пытанні, звязаныя з экстрадыцыяй Андрэя Гнёта ў Беларусь. Па інфармацыі юрыстаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе, Андрэй выступіў перад судом і прадставіў усе доказы, якія ён лічыць важнымі. Цяпер калегія з трох суддзяў Высокага суда Бялграда прымае рашэнне аб выкананні ўмоў для экстрадыцыі. Папярэдне адвакаты чакаюць рашэння цягам месяца. Андрэй Гнёт па-ранейшаму застаецца пад вартай.
Тым часам сябры Гнёта адкрылі збор для аплаты паслуг адвакатаў. Справай рэжысёра займаюцца чатыры абаронцы, іх праца працягваецца ўжо пяты месяц.
41-гадовы рэжысёр Андрэй Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў сталіцу краіны Бялград. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола Беларусі ад 21 верасня 2023 года. Мэта запыту — экстрадыцыя ў Беларусь для крымінальнага пераследу.
29 лютага праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што Інтэрпол заблакаваў даныя Гнёта, пачаўшы праверку падстаў, па якіх беларускія ўлады абвясцілі яго ў вышук. Адвакат рэжысёра настойвае, што падабаронны пераследуецца па палітычных, а не эканамічных матывах, як заяўляюць у Мінску.
12 сакавіка Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь. Справу накіравалі на новы разгляд.