• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрэй Гнёт даслаў ліст з турмы ў Сербіі

    Беларускі рэжысёр і журналіст Андрэй Гнёт даслаў ліст з турмы ў Сербіі — яго апублікавала прэс-сакратарка НАУ Юлія Гарачая. 

    Андрэй Гнёт. Фота: pri­vat

    У лісце Андрэй Гнёт дзякуе беларусам за падтрымку.

    «Даражэнькія мае Беларусы! Атрымліваю ад вас лісты і паштоўкі, што не трымаў у руках мо гадоў дзесяць. Як нейкі цуд яны грэюць маю душу і сэрца! Тыя, хто быў за кратамі, як ніхто гэта разумеюць. Кожнае вашае слова кропля ў вялізнае мора надзеі на маю Свабоду, якое шырыцца штодзень. Дзякуй, родныя!»

    Ён просіць пісаць яму лісты пра тое, як беларусы патрапілі пад рэпрэсіі, але змаглі выйсці на волю.

    «Кожная гісторыя з хэпі-эндам — гэта мая надзея, якую я не магу згубіць».

    Юлія Гарачая заклікала пісаць лісты рэжысёру па адрасе: Andrey Gny­ot, 11050 Ser­bia, Cen­tral­ni zatvor, Bač­van­s­ka 14, Beograd (Vož­dovac).

    Паводле інфармацыі аб’яднання былых сілавікоў BelPol, 41-гадовы рэжысёр Андрэй Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў сталіцу краіны Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі.

    Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства просіць экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

    29 лютага праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што Інтэрпол заблакаваў даныя Гнёта, пачаўшы праверку падстаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясцілі яго ў вышук. Адвакат рэжысёра настойвае, што падабаронны пераследуецца па палітычных, а не эканамічных матывах, як заяўляюць у Мінску.

    12 сакавіка Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь. Справу адправілі на перагляд.

    Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем».

    У траўні 2022 года выйграў конкурс Effie Awards Rus­sia. У 2016‑м партал marketing.by паведамляў, што Гнёт з’яўляецца «адным з самых вядомых і запатрабаваных» беларускіх рэжысёраў, сярод яго кліентаў такія вядомыя айчынныя брэнды, як МТС, Mark Formelle, «Бульбашъ», «Аліварыя», «Спартак», «Беллакт», World Of Tanks.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці