Андрэй Бастунец: “У нас быў бы чалавек, артыкул знойдзецца…”
Намеснік старшыні ГА “БАЖ” – пра арышт аўтара пастановачных інтэрнэт-ролікаў Руслана Мірзоева і каментар пракуратуры.
“Пракуратура – орган, які ажыццяўляе нагляд за законнасцю судовых рашэнняў – фактычна пацвердзіла, што Мірзоеў прыцягнуты да адказнасці не за тыя дзеянні, якія адлюстраваныя ў пастанове суда. І, што дзіўна, палічыла гэта цалкам прымальным.
Ды і сам каментар пракуратуры выглядае, мякка кажучы, дзіўна. Бо артыкулаў 33 Канстытуцыі і 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ніхто не адмяняў. А яны гарантуюць свабоду выказвання меркавання і вызначаюць жорсткія ўмовы дапушчальнасці абмежаванняў гэтай свабоды.
У нас жа дзяржслужачыя, якія прымаюць рашэнні, здаецца, упэўненыя, што «паўкрокі налева, паўкрокі направа – адміністратыўнае пакаранне». І ні пра канстытуцыйныя гарантыі, ні пра хаця б мінімальныя дэмакратычныя стандарты не задумваюцца”.
Нагадаем, што Руслан Мірзоеў, аўтар нашумелых нядаўна ў Байнэце ролікаў «Хронікі завода» пра жыццё Мінскага аўтамабільнага завода, а таксама пастановачных ролікаў «Хронікі раёна», асуджаны на 7 сутак арышту.
Пра арышт тэлеканал «АНТ» паведаміў 12 жніўня, хоць суд адбыўся 9‑га. Рашэнне выносіла суддзя Ала Булаш з Кастрычніцкага райсуда Мінска.
Афіцыйна падставай для арышту стала нецэнзурная лаянка («дробнае хуліганства», артыкул 17.1 КаАП Беларусі), якая гучала ў роліку «Хронікі раёна».
Між тым, як было агучана ў эфіры канала «АНТ», «тое, што галоўная прычына пакарання не мат, у пракуратуры не хаваюць». Намеснік начальніка ўпраўлення пракуратуры Беларусі Павел Радзівонаў заявіў, што паводзіны Мірзоева недапушчальныя: «Немагчыма заваяваць папулярнасць і аўтарытэт, маніпулюючы сацыяльнымі або грамадскімі праблемамі».
Аўтар ролікаў паказвае нібыта паднаготную свайго раёна, бярэ інтэрв’ю ў «наркамана», «прастытуткі» і іншых персанажаў пастаноўкі.
Аператар відэаролікаў «Хронікі раёна» Антон Марчанка, які атрымаў папярэджанне ад пракуратуры, сказаў, што самі фігуранты справы не жадалі шырокай агалоскі, бо «з дапамогай падтрымкі незалежных СМІ можна сітуацыю толькі пагоршыць і атрымаць усім рэальныя тэрміны незразумела за што».