Андрэй Бастунец: Папярэджанне – не прафілактычны захад, а санкцыя
Старшыня ГА “БАЖ” пракаментаваў прэс-службе арганізацыі вынясенне пісьмовых папярэджанняў сайтам nn.by і ej.by.
– ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» неаднаразова падкрэслівала, што папярэджанне – гэта не прафілактычны захад, а санкцыя, якая ўжываецца ў дачыненні да СМІ. Мы ведаем, што два папярэджанні цягам года могуць стаць нагодай для судовага пазову аб закрыцці друкаванага СМІ. А інтэрнэт-рэсурс можа быць заблакаваны і без усялякага папярэджання. Дарэчы, так раней і адбывалася. У пэўным сэнсе мы маем справу з прэцэдэнтам, калі замест абмежавання доступу робіцца іншы захад.
З іншага боку – калі нейкія дзяржаўныя структуры былі зацікаўленыя ў абвяржэнні пэўнай інфармацыі, яны маглі б звярнуцца непасрэдна ў СМІ альбо дамагацца гэтага праз суд. Невядома, ці самі яны звярнуліся ў Мінінфармацыі, ці гэта ініцыятыва самога ведамства. У любым выпадку, мы бачым недапушчальнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў свабоду выказвання меркавання і абмежаванне свабоды СМІ, – лічыць старшыня ГА “БАЖ”.
Як паведаміў сайт Мінінфармацыі, 2 сакавіка гэтае ведамства вынесла пісьмовыя папярэджанні ўладальнікам інфармацыйных рэсурсаў nn.by і ej.by.
Ej.by папярэдзілі за “дыскрэдытацыю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь” – за спалучэнне тэксту «Беларускае войска комплексна правяраюць на боегатоўнасць» і ілюстрацыі з выявай нямецкай тэхнікі часоў Другой сусветнай вайны.
NN.by вынеслі папярэджанне за публікацыю «У Беларусі – чырвоны ўзровень дэмаграфічнай небяспекі: штогод «вымірае» райцэнтр». “Дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, што пацвярджаецца статыстычнымі дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, размешчанымі на інфармацыйным рэсурсе http://belstat.gov.by. Падобная недакладная інфармацыя ў артыкуле nn.by дыскрэдытуе выніковасць дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі”, – гаворыцца на сайце Мінінфарма.