Анатоль ГАТОЎЧЫЦ: “Міліцыянты, што рабілі вобшук, прасілі напісаць пра іх нешта добрае…”
Журналіст Анатоль Гатоўчыц распавёў пра вобшук, які сёння раніцай зладзілі ў ягоным доме.
— Вобшук санкцыянаваў намеснік генеральнага пракурора Дзмітрый Гора, — гаворыць Анатоль Іванавіч. — А пастанову выпісаў следчы па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення па расследаванню злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці Цэнтральнага апарата Следчага камітэту падпалкоўнік юстыцыі Валынец.
Прыйшлі да мяне ў 7.20 раніцы. Спачатку пазванілі па хатняму тэлефону, потым — у дамафон. Я адразу патэлефанаваў адвакату, але той быў у ад’ездзе.
Вобшук праводзілі майор мясцовага Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Дзмітрый Сопаў, Юрый Клімянкоў з Цэнтральнага райаддзела міліцыі Гомеля і Міхаіл Дзейкін — таксама, здаецца, з Цэнтральнага райаддзела міліцыі.
Аднаго з панятых яны прывялі з сабой, а другой стала суседка-пенсіянерка.
Забралі тры ноўтбукі, планшэт жонкі, шмат маіх блакнотаў і агульных сшыткаў, дзе рабіў запісы, штодзённік.
Таксама ўзялі з сабой налепкі з выявай “Пагоні”, якія мне падарылі, вялікі бел-чырвона-белы сцяг, а таксама ўкраінскі, якія мы разам з жонкай прывезлі з Майдана — яго нам падаравалі ўкраінскія журналісты. Маленькія сцяжкі з выявай “Пагоні” і бел-чырвона-белага сцяга таксама забралі. А вось сцяжкі ЗША і Еўрасаюза пакінулі. Пыталіся: “Нашто вам бел-чырвона-белы сцяг?“. Я адказаў, што гэта наша гісторыя.
Шэсць флэшак забралі. І яшчэ кніжку маю “Адысея капітана БНР”.
Карацей, напакавалі шмат! Я нават ім пакеты свае даваў, бо тыя, што ў іх з сабой былі — тонкія, як для смецця, магло вываліцца з іх усё маё дабро. Кажу, хлопцы, вы ж мяшэчнікі!
Перавярнулі літаральна ўсё ў доме, залезлі ў бялізну. І нават у падвал хадзілі — была пастанова і там вобшук правесці!
Цікава, што з майго падвала тры з лішнім гады скралі ровар унучкі. І тады да нас прыходзілі дзевяць чалавек з сабакам. Ровар, дарэчы, быў чырвонага колеру. І яго так і не знайшлі.
Вобшук цягнуўся больш за чатыры гадзіны прыкладна. Скончылі ў 12.30.
Яны нават правялі мой асабісты дагляд, праверылі, што ёсць у кішэнях. Хаця пра гэта ў пастанове не было сказана ні слова, таму я зрабіў адпаведную заўвагу ў пратакол.
Сказалі, што маё дабро адвязуць у Мінск і там будуць старанна ўсё вывучаць.
Дарэчы, мяне на мінулым тыдні выклікалі ў якасці сведкі ў Гомельскі раённы аддзел Следчага камітэта па справе Уладзіміра Няпомняшчых.
Падчас вобшуку міліцыянты выбачаліся, падкрэслівалі, што яны толькі выканаўцы. Сказалі, што калі будзеце пісаць пра вобшук у сродках масавай інфармацыі, дык напішыце пра нас нешта і добрае: маўляў, нічога не разбурылі, не нашкодзілі і што былі ў бахілах. Хаця бахілы мы ім з жонкай свае далі. Я, між іншым, папытаўся, ці ёсць у іх кавід, дык пакляліся, што няма. У масках, дарэчы, працавалі.
Яшчэ з цікавага: падчас вобшуку спыталі, ці можна зайсці ў прыбіральню. Я кажу: “Можна. Але ў мяне платная!”. Яны рассмяяліся. Сказалі, каб дасылаў рахунак на Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй і Цэнтральны райаддзел міліцыі.
Канешне, смешнага мала. Я думаю, цяпер зачышчаюць не толькі палітычных лідараў, але і журналістаў — каб страху навесці паболей на грамадства, каб людзі нават не згадвалі ні пра пратэсты, ні пра суды, ні пра што!
Вобшук — гэта, зразумела, непрыемна. Яны ж не тлумачаць, што шукаюць. Кажуць, паглядзім запісы, блакноты. Але ў мяне шмат розных дакументаў, дасье за сваё журналісцкае жыццё збіраў па самым розным тэмам. І ўсё гэта прыцягваць за вушы, бачыць нейкіх арганізатараў у журналістах — дах даўно, відаць, паехаў у арганізатараў гэтых усіх ператрусаў…