Ананіч прапануе Расіі разам супрацьстаяць дэзінфармацыі ў інтэрнэце
Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч прапануе Расіі разам супрацьстаяць у інтэрнэце інфармацыі пра нібыта невырашальныя супярэчнасці ва ўзаемаадносінах дзвюх краін. Пра гэта яна заявіла сёння на пленарным пасяджэнні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
«Інфармацыйнае асяроддзе ў сілу развіцця новых тэхналогій здольнае несці ў сабе як стварэнне, так і разбурэнне. Часам менавіта ў інтэрнэце грамадскасці нашых краін падкідваюцца тэзісы пра нібыта існуючыя невырашальныя супярэчнасці ў нашых узаемаадносінах. Думаю, што такой інфармацыі трэба супрацьстаяць разам, у тым ліку выразна артыкулюючы дзяржаўную пазіцыю, якая рэальна адлюстроўвае стан спраў у тым ці іншым кірунку», — заявіла Лілія Ананіч.
Паводле яе слоў, у Беларусі бесперашкодна распаўсюджваюцца ўсе галоўныя расійскія каналы — гэта адзначалі на форуме і прадстаўнікі Расіі. Беларусь у сваю чаргу сур’ёзна разлічвае на пашырэнне інфармацыйнага поля міжнароднага канала «Беларусь 24», які сёння транслюецца ў Расіі. На форуме таксама агучвалася ідэя, сутнасць якой заключаецца ў тым, што тэлеканал ТРА можа стаць добрай платформай для рэгіянальных тэлеканалаў дзвюх краін.
«Вельмі прыемна, што тэма сродкаў масавай інфармацыі ў гуманітарным кантэксце гучыць як адна з важных. Упэўненая, што інфармацыя Беларусі і Расіі будзе заўсёды стваральнай на карысць дзвюх краін і народаў», — рэзюмавала Лілія Ананіч.