• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Зрэз інтэлектуальнай думкі Беларусі». Зьміцер Лукашук прэзэнтаваў у Празе выданьне пра нацыянальную ідэю

    «Людзі нас раз-пораз пыталіся: што вы займаецеся нейкім глупствам? Ну скажыце, у немцаў ёсьць свая нацыянальная ідэя?» — ахарактарызаваў рэдактар «Эўрарадыё» Зьміцер Лукашук рэакцыю слухачоў на сваю працу над кнігай пра беларускую нацыянальную ідэю.

    У Беларускай клюбоўні ў Празе 16 чэрвеня Зьміцер Лукашук гасьцяваў з прэзэнтацыяй кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя на маршы».

    Гэта другі том 100 размоваў, прысьвечаны беларускай нацыянальнай ідэі. Першы том, названы «Беларуская нацыянальная ідэя», выйшаў у 2020 годзе, а ў 2021‑м трапіў у сьпіс «экстрэмісцкай літаратуры». Сам Зьміцер Лукашук вымушаны быў пакінуць Беларусь.

    Суаўтар абедзьвюх кніг — філёзаф і публіцыст Максім Гаруноў.

    У новай кнізе сабраныя 100 інтэрвію, якія запісваліся са жніўня 2020 году па сьнежань 2021-га; большасьць з гэтых размоваў былі запісаныя Лукашуком і Гаруновым у Менску. Праца над другім томам інтэрвію пра беларускую нацыянальную ідэю завяршылася ў Варшаве. Сярод суразмоўцаў і герояў кнігі — Ніна Багінская, Сьвятлана Алексіевіч, Сьвятлана Ціханоўская, Уладзімер Някляеў, Віктар Марціновіч, Мікалай Халезін, Фэлікс Аксёнцаў, Саша Філіпенка, Аляксандар Памідораў.

    На праскай прэзэнтацыі, акрамя Зьмітра Лукашука, у дыскусіі пра кнігу ўзялі ўдзел чэскі гісторык і публіцыст Пэтр Главачэк; гісторык Ніна Скеп’ян; гісторык і журналіст Свабоды Сяргей Абламейка, адзін з суразмоўцаў Лукашука і Гарунова зь першага тома. З чэскай мовы на беларускую і наадварот перакладаў Павал Котаў.

    Пэтр Главачэк, Павал Котаў, Ніна Скеп’ян, Зьміцер Лукашук

    Прапануем вам некалькі ўрыўкаў з выказваньняў удзельнікаў дыскусіі на прэзэнтацыі кнігі Зьмітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская ідэя на маршы» ў Празе.

    Сяргей Абламейка:

    «Кніжка вельмі каштоўная і патрэбная. Гэта зрэз інтэлектуальнай думкі Беларусі, такое сацыялягічнае апытаньне інтэлектуалаў Беларусі. Толькі я сказаў бы, што яны дыскутавалі не пра нацыянальную ідэю, а пра мэты нацыянальнага разьвіцьця — куды мы ідзём, што нам зрабіць? Разьбежка меркаваньняў, відавочная ў кнізе, тлумачыцца тым, што людзі наагул не зьяўляюцца спэцыялістамі ў гэтым пытаньні. Фэномэнам нацыі і нацыяналізмам займаюцца гісторыкі, сацыёлягі і часткова палітолягі. Гэта даволі вузкая сфэра гістарычнай навукі. Гэта ўсё проста — нацыі пачалі нараджацца на сутыку эпохаў рамантызму і мадэрну ў ХІХ стагодзьдзі, тады, калі ўзьнік і беларускі нацыяналізм. Беларуская нацыя, несумненна, існуе. Проста разьвіцьцё беларускага нацыянальнага арганізму было спынена».

    Пэтр Главачэк:

    «Калі я гартаў вашу кнігу пра нацыянальную ідэю, то адзін з маіх калег зрабіў заўвагу, што гэтае пытаньне ў выпадку Чэхіі — пытаньне нацыянальнай ідэі — адносіцца да ХІХ стагодзьдзя. Што тычыцца Беларусі, я лічу, што беларусы сталі палітычнай нацыяй, пра што засьведчылі падзеі 2020 году. Таму ў выпадку Беларусі, я б сказаў, пытаньне цяпер адносіцца хутчэй да цывілізацыйнага выбару беларусаў, чым да нейкай канкрэтнай нацыянальнай ідэі».

    Пэтр Главачэк, Павал Котаў

    Ніна Скеп’ян:

    «Беларусы як нацыя, несумненна, існуюць. Беларусы ёсьць, і мы з вамі — адзін з доказаў гэтага. Можна толькі задавацца пытаньнем, наколькі нацыя высьпела, наколькі гэтае нацыятворчае разьвіцьцё было непарыўнае. І тут могуць быць розныя думкі».

    Зьміцер Лукашук:

    «Калі мы прыдумлялі ідэю праграмы з размовамі пра нацыянальную ідэю, гэта была сытуацыя накшталт: давайце мы пашукаем ружовага поні ў сфэрычным вакуўме. Гэта так выглядаў пошук нацыянальнай ідэі на той момант, калі беларусам нацыянальная ідэя, нейкія глыбінныя філязофскія развагі былі, вядома, патрэбныя, але толькі пэўнаму вузкаму колу беларусаў, якія прывыклі зьбірацца ў сваім гета, прыкладам, у «Прэс-Клюбе», Галерэі „Ў“, клюбе Сьвятланы Алексіевіч, каб для сябе пагаварыць».

    Сяргей Абламейка:

    «Насамрэч нацыянальная ідэя ў кожнай нацыі адна: свая дзяржава, а ў ёй рэалізацыя нацыянальна-культурных правоў. Сьвятлана Алексіевіч, наша нобэлеўская ляўрэатка, сфармулявала гэта ў 2017 годзе абсалютна геніяльна. Яна сказала: „Якая ў нас можа быць ідэя? Свая дзяржава, а ў ёй свая нацыянальная мова. Гэта ўсё проста“».

    Ніна Скеп’ян, Сяргей Абламейка

    Пэтр Главачэк:

    «Украіна сёньня крывавіць і змагаецца за сваю свабоду, а Беларусь, скажу жорстка, ёсьць акупаванай губэрняй расейскай імпэрыі. Таму я лічу, што пытаньне свабоды беларусаў не зьяўляецца пытаньнем нацыянальнай ідэі — якая, праўду кажучы, ня можа быць адзінай, нават калі Алексіевіч так сьцьвярджае, — але для беларусаў і беларусак гэта пытаньне цывілізацыйнага выбару.

    Я мушу тут, на жаль, сказаць, з паліталягічнага гледзішча і насуперак шматлікім сьцьвярджэньням суразмоўцаў Зьмітра Лукашука ў ягонай кнізе, што Беларусь — гэта не краіна „цэнтру“. Беларусь не знаходзіцца ў цэнтры Эўропы. Гэта ілюзія. Беларусь знаходзіцца на пэрыфэрыі дзьвюх цывілізацый — Захаду і Ўсходу. Сёньня свае каляніяльныя амбіцыі ў Беларусі ажыцьцяўляе Расея. І беларуская свабода — паводле Алексіевіч, галоўная нацыянальная ідэя Беларусі, — немагчымая без самасьвядомай эманцыпацыі Беларусі ад Расеі».

    Зьміцер Лукашук

    Зьміцер Лукашук:

    «Мы надрукавалі першую кнігу з размовамі пра нацыянальную ідэю тады, калі ўжо пачаліся пратэсты пасьля выбараў 2020 году. Першы і апошні наклад кнігі, 1000 асобнікаў, разышоўся за паўтара месяца. Што праўда, тады яшчэ працавала крама symbal.by, тады можна было спакойна слаць гэтую кнігу поштай куды заўгодна, і таму яна хутка разышлася. Потым афіцыйна за рассылку гэтай кнігі, якую „вельмі разумныя людзі“ з адпаведнай камісіі прызналі „экстрэмісцкай“, затрымалі Паўла Белавуса.

    Калі мы потым вырашылі, што нам трэба працягваць, то зразумелі, што ўсе тыя размовы, якія мы запісвалі з 2018 году па сярэдзіну 2020-га, хоць важныя і цікавыя, сталі не зусім актуальнымі ў другой палове 2020-га. Тое, як беларусы зьмяніліся, па-іншаму раскрыла вочы і нам на саміх беларусаў. Мы пачалі запісваць новыя праграмы зь верасьня 2020-га, у другую кнігу трапілі выключна тыя размовы, якія былі запісаныя пасьля 9 жніўня 2020-га. Мы часам запісвалі па чатыры, а то і па шэсьць праграмаў за дзень. Наша студыя была на вуліцы Карла Маркса, па якой людзі ішлі калёнамі з воклічамі „Жыве Беларусь!“, а потым людзі па ёй уцякалі ад АМАПу. Усё гэта было чуваць нам праз вокны, калі мы запісвалі новыя праграмы. Гэта надавала атмасфэру і эмоцыі нашым пытаньням і адказам людзей».

    Зьміцер Лукашук

    Ніна Скеп’ян:

    «Як гісторык я ўпэўненая ў існаваньні беларускай нацыі, я ўпэўненая, што разьвіцьцё і фармаваньне беларускай нацыянальнай сьвядомасьці ўваходзіць у агульнаэўрапейскую канву разьвіцьця нацыянальнай сьвядомасьці».

    Зьміцер Лукашук:

    «Я ўжо прыдумаў назву для трэцяй кнігі. Яна будзе называцца: „Беларуская нацыянальная ідэя ў выгнаньні і на вайне“. Тыя, хто застаюцца ў Беларусі, кажуць мне: „Дзякуй, Зьміцер, мы вельмі хацелі б трапіць у тваю праграму, але мы ня можам гэтага зрабіць“».

    Зьміцер Лукашук

     

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці