Зміцер Лупач: Я спаліў за сабой усе масты і вярнуцца не магу пры гэтай уладзе
Глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач вось ужо амаль паўтара года жыве ў Варшаве. Ён распавёў БАЖ, што калі з'язджаў з Беларусі, то нават і не ўяўляў, што давядзецца застацца ў чужой краіны на такі працяглы час. Як, напэўна, і многім іншым, хто мусіў з’ехаць. Тады здавалася, што гэта часова і ненадоўга.
Чаму вырашыў з’ехаць?
— Я ўвогуле не планаваў з’язджаць і пра гэта не марыў, але і не мог сабе ўявіць, што калісьці ў Беларусі здарыцца такое, як зараз. Што нават за рэпосты і лайкі людзей будуць затрымліваць і садзіць за краты.
Пасля затрымання ў санаторыі і адседкі на сутках, я вырашыў з’язджаць. Тым больш і мой рэдактар выказваў мне сваё незадаволенне, што я яшчэ ў Беларусі, бо гэта небяспечна. Я супрацоўнічаю з “Белсатам”, які пасля стаў “экстрэмісцкім” СМІ.
У той час я з’язджаў праз Украіну, бо напрамую ў Польшчу тады з Беларусі проста не выпускалі. Яшчэ думаў застацца, але пасля прачытаў, што затрымалі супрацоўнікаў “Нашай Нівы” — у сярэдзіне ліпеня 2021 года былі ўвогуле масавыя затрыманні па ўсё Беларусі — вось тады я канчаткова вырашыў з’язджаць.
Мяжу з Украінай я пераехаў з 18 на 19 ліпеня і адчуў сябе ў адноснай бяспецы. Але ўсё адно яшчэ думаў, што за мяжой буду месяцы два-тры. Калі збіраў валізкі не было сумнага настрою, не задумваўся асабліва, што браць, бо лічыў, што гэта ненадоўга.
Пабыў крыху ва Украіне, пасля на два тыдні з’ехаў у Польшчу і вярнуўся ва Украіну. А пасля зноў паехаў у Польшчу, і мне мае калегі сказалі, што гэта ўжо будзе надоўга.
Калі мне трэба было рабіць праязны па Варшаве, мне сказалі, што адразу на тры месяцы будзе танней, але мяне не адпускала думка пра тое, ці я там настолькі застануся.
І ўсё ж праязны купіў на тры месяцы, як мне і раілі.
Пасля я з калегай зняў кватэру, трэба было пісаць дамову арэнды на год як мінімум. І я таксама баяўся: няўжо я тут буду цэлы год? А зараз я тут ужо другі год, і за гэты час жыву ўжо ў трэцяй кватэры. І мяркуючы па сітуацыі, не ведаю, калі вярнуся.
Адаптацыя ў Польшчы
Пашчасціла, што ў мяне адразу была праца, таму не давялося доўга сумаваць. Я тут ужо другі год, і падаецца, што час праляцеў хутка. Напрыклад, калі служыў у савецкім войску, два гады падаваліся як невядома колькі, там і дні лічылі. А тут такога адчування няма.
Я абраў Польшчу, таму што ва Украіне не збіраўся заставацца, хоць і гэтая краіна мне вельмі падабалася. Па-першае, там была праблема зрабіць сабе легальны статус, пра гэта я ўжо ведаў ад знаёмых. Па-другое, я ў Польшчы раней ужо працаваў, збольшага вывучыў мову, там мая рэдакцыя і дачка жыла на той час. Па-трэцяе, там адразу можна было падавацца на міжнародную абарону, што я і зрабіў, і мне далі статус палітычнага ўцекача і міжнародны пашпарт на два гады. Дарэчы, тэрмін дзеяння беларускага пашпарта ў мяне ўжо скончыўся. І калі ў мяне знаёмыя пытаюцца, чаму я не працягнуў яго ў Беларусі да ад’езду, то адказваю: проста таму, што не збіраўся заставацца надоўга за мяжой.
Я глядзеў на свой беларускі пашпарт — там напісана, што яго ўладальнік знаходзіцца пад абаронай дзяржавы. І мне стала смешна, што якраз я знаходжуся не пад яе абаронай, а пад абаронай ад яе.
Напрыканцы кастрычніка мінулага года мне прапанавалі працаваць на канале “Нехта”, і я пагадзіўся. Гэты канал у Беларусі прызнаны не тое, што экстрэмісцкім, а нават тэрарыстычным, то я, як кажуць, спаліў за сабой усе масты, як Юлій Цэзар некалі, перапраўляючыся ў Англію. І вярнуцца, на жаль, ужо не магу пры гэтай уладзе.
Адаптацыя ў мяне праходзіла лёгка. Першы месяц не было шмат працы, таму шпацыраваў па Варшаве, а пасля, калі з’явілася праца на “Нехта”, мне проста не было часу сумаваць. Даводзілася падымацца і ў тры, і ў чатыры гадзіны ўначы, так адаптацыя і прайшла.
Наогул Польшча для мяне не чужая краіна, тут шмат блізкай радні, мову таксама я разумею, бо падобная да нашай. Сын таксама добра адаптаваўся, а вось жонцы складаней, бо яна не разумее мову. Але цяпер у Варшаве часта гучыць расейская мова, бо сюды пераехала шмат расейскамоўных украінцаў і беларусаў, таму моўнага бар’еру няма. А калі трэба схадзіць у медычную ўстанову ці падатковую, то нам у гэтым дапамагае дачка, яна добра ведае польскую мову.
Што падабаецца ў Польшчы і па чым беларускім сумуе
З ежы я магу есці амаль усё, непераборлівы. У крамах ёсць усё, паліцаў тут пустых няма, мы не мерзнем, электрычнасць не выключаюць, як там кажа прапаганда, паркі не высякаюць, дровы ніхто тут не нарыхтоўвае.
У Польшчы мне падабаецца ўзровень медычнага абслугоўвання: чалавека паважаюць, усё робяць хутка, няма ніякіх чэргаў. Платныя медычныя паслугі тут, канешне, каштуюць больш, чым у Беларусі, але не нашмат. Даводзілася звяртацца па платныя медычныя паслугі, калі хварэла жонка. А ў мяне ёсць медычная страхоўка, якая пакрывае выдаткі.
Адзінае, што сапраўды трохі напружвала, гэта калі я сустракаў паліцэйскага ва ўсім абмундзіраванні, але зараз з гэтым усё ў парадку. Бо паводзяць яны сябе прыстойна і паважліва ставяцца да людзей.
А сумую я па тым, што не магу прайсціся па тых мясцінах, дзе нарадзіўся, не магу жыць там, думаць. Калі ў нас нават за каментары ў сацсетках садзяць людзей.
Беларуская супольнасць у Варшаве
У Варшаве вельмі часта праходзяць акцыі, на якія збіраюцца з’ехаўшыя беларусы. Я нават і не ведаю пра ўсе мерапрыемствы, якія там адбываюцца. Я б адзначыў самую вялікую супольнасць, якая ладзіць акцыі, — гэта прыхільнікі Ціханоўскай. Яны звычайна збіраюцца ля помніка Каперніка. Часам чуеш пытанні: а чаго вы збіраецеся, што вы тут можаце вырашыць? Я лічу, што людзі збіраюцца, у першую чаргу, каб пабачыць адно аднаго, паміж сабой паразмаўляць, і гэта таксама добра.
Людзі заўважылі, і я таксама падтрымліваю гэтую думку, што міграцыя беларусаў гэтай апошняй хвалі адрозніваецца тым, што яна больш кансалідаваная.
Раней было так: калі чалавек з’язджаў у Польшчу, ён ужо рабіўся палякам, калі не ў першым пакаленні, то ў другім. І ўсё, ён раствараўся ў гэтым соцыуме.
Вядома, што паміж сабой ёсць усялякія непаразуменні, але гэта нармальна, таму што людзі розныя, і так павінна быць. Калі Лукашэнка можа метадам прымусу кансалідаваць сваіх прыхільнікаў, каб яны былі адзіныя, апазіцыя гэтага зрабіць не можа. Я тут часта размаўляю са знаёмымі і чую ад іх: а чаму апазіцыя не аб’яднаецца? А як аб’яднаць людзей, калі ў кожнага свае думкі, кожны мае свае нейкія ўяўленні, а сілавога ж прымусу няма. Не можа там Ціханоўская ці Латушка, ці яшчэ нехта сказаць: вось ты так і так рабі.
Таксама часта чую: якая Ціханоўская лідар? Трэба прыдумаць нейкую працэдуру і яе змяніць, прызначыць іншага. Але як? Цапкала паспрабаваў, але нічога не выйшла. Як ты прызначыш? Сілай жа не можа польская дзяржава ці ўкраінская, ці чэшская, ці якая там яшчэ, прымусіць беларусаў аб’яднацца вакол Ціханоўскай. Кожны думае па-свойму. Тут толькі нейкімі дзеяннямі і аўтарытэтам можна нешта заваяваць. А Ціханоўская, я не скажу, што я яе прыхільнік такі, але па меншай меры яна ў палітычных колах Захаду — легітымны лідар. Вось хто прыдумае працэдуру, як выбраць іншага? Пакуль я не бачу.
Не жыву адным днём, як у Беларусі
Калі параўнаць маё жыццё ў Польшчы з беларускім, то магу цяпер адназначна сказаць, што не жыву адным днём, як жывуць многія ў Беларусі зараз і як я жыў там раней. Прытым, што дорага плачу за арэнду кватэры, нават магу адкладаць частку грошай. Напрыклад, тут я маю запас, які дазваляе, калі згублю працу, не працаваць колькі месяцаў. А раней у Беларусі часта не вылазіў з крэдытаў, каб штосьці набыць ці нават сабраць дзяцей у школу.
Разам з тым вялікіх планаў я ў Польшчы не будую: каб купіць кватэру ці адкрыць нейкі бізнес, бо ўжо не той узрост. Трохі, вядома, будучыня палохае, бо пакуль ёсць здароўе — працуеш, але як яго не стане — тады што? Пакуль пра гэта не хочацца думаць.
Як бы там ні было, па Радзіме сумую і пры першай магчымасці вярнуся дадому.
Чытайце яшчэ:
Журналіста Сяргея Гардзіевіча дадалі ў спіс экстрымістаў
Прапагандыст Ігар Тур стаў выкладчыкам журфака БДУ
На Забегу незалежнасці ў Беластоку беларускія журналісты беглі з імёнамі зняволеных калег