• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістка, якая працавала ў акупацыі: Аднакласнік з Беларусі казаў, што я хлушу, бо не могуць бамбіць Чарнігаў

    Горадня — украінскі горад на поўначы Чарнігаўскай вобласці. Падчас поўнамаштабнага расійскага ўварвання 24 лютага 2022 года гараднянская грамада, што мяжуе адразу і з Расіяй, і з Беларуссю, была імгненна акупаваная. Але рэдактарка мясцовай газеты «Новини Городнянщини» Святлана Томаш, нягледзячы на смяротную рызыку, —  і гэта не гучныя словы, — працягвала інфармаваць мясцовых жыхароў праз Facebook пра тое, што адбывалася вакол.

    БАЖ паразмаўляў са Святланай пра тыя страшныя дні і пра сённяшні стан мясцовага выдання.

    З Расіі — аніводнае весткі, беларускія калегі выказвалі падтрымку

    Сёння папяровая газета «Новини Городнянщини» працягвае друкавацца і даходзіць да чытача, нягледзячы на тое, што ўзляцелі кошты на друк і ёсць складанасці з лагістыкай.

    — Адразу пасля дэакупацыі ў мяне не было спадзявання, што зноў зможам стаць на ногі, але ў нас гэта атрымалася, — дзеліцца Святлана. — Зараз звычайны фармат, тыраж мы страцілі не моцна. Адзінае што, давялося адмовіцца ад колеру. Пакрысе вяртаецца рэклама. Я не скажу, што ўсё шыкоўна, але на друк, на паперу хапае.

    Рэдактарка тлумачыць, што цяпер папяровае выданне надзвычай запатрабаванае, асабліва ў іх памежнай грамадзе, дзе многія вёскі раскіданыя па лясах і людзі часта не маюць радыё, тэлебачання, мабільнай сувязі.

    — У нас яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання была такая сітуацыя, што ўкраінскія вежы давалі даволі слабы сігнал, адпаведна беларускі і расійскі сігналы іх перабівалі: слухалі і глядзелі беларускае, расійскае радыё і тэлебачанне. На сёння гэтае пытанне вырашаецца на дзяржаўным узроўні — аднаўляюць украінскія вежы. Вядома, людзі пасля перажытага адмовіліся ад беларускага і расійскага. Цяпер стабільнай крыніцай інфармацыі для нашай грамады з’яўляецца акурат газета, таму яна вельмі запатрабаваная. Патроху і тыраж павялічваецца. Мясцовым навінам альтэрнатывы няма! Тэксты пра бабу Шуру, бабу Шуню, нашых гарадскіх герояў, можна пачытаць толькі ў мясцовай газеце. Матэрыял можа разысціся і шырэй.

    Медыя «Новини Городнянщини» ў Face­book

    Старонка газеты ў Face­book таксама працягвае функцыянаваць, але роля яе зменшылася ў параўнанні з перыядам акупацыі. Да таго ж, тлумачыць спадарыня Томаш, людзі прызвычайваюцца да бясплатнай інфармацыі ў інтэрнэце, і гэта адбіваецца на падпісцы. Таму, аднавіўшы выхад на паперы, «Новини Городнянщини» размяшчаюць у Face­book не навінавыя матэрыялы, а забаўляльны кантэнт, жыццёвыя гісторыі, і тое, праз тыдзень-два, пасля выхаду ў газеце.

    — Але на час акупацыі Face­book быў адзіным спосабам сувязі і інфармавання. Мы ж былі аточаныя і адрэзаныя, сувязі не было, а вось інтэрнэт дзе-нідзе можна было злавіць, — прыгадвае Святлана.

    Для ее, як і для большасці мясцовых, пачатак вялікай вайны быў шокам.

    — Я ды іншыя жыхары нашай памежнай грамады да апошняга не верылі, што такое можа быць. Я прачнулася ад выбухаў 24 лютага. У нас адзіная грамада, якая мяжуе з дзвюма краінамі. Абстрэлаў з беларускага боку не было, але ж адтуль ішлі калоны расійскай тэхнікі. А з расійскага боку — і тэхніка, і абстрэлы. Усе людзі павыскоквалі на вуліцу. Мы паверылі, што пачалося ўварванне, толькі тады, калі па вуліцах горада паперла цяжкая артылерыя і танкі.

    Да 24 лютага рэдакцыя мела стасункі і з расійскімі, і з беларускімі калегамі. На стагоддзе «Новин Городянщини» ў 2017 годзе прыязджалі беларускія журналісты з добрушскага выдання.

    — У нас нават сумесныя старонкі выходзілі, мы друкавалі добрушскія навіны, яны нашыя. То бок у традыцыях таго часу былі шчыльныя стасункі. Гэта балюча, вядома, успрымаць. І мы не разумелі, чаму раптам так сталася. Гэта трагедыя для ўсіх народаў.

    — Ці не спрабавалі яны вас падтрымаць?

    — З Расіі — не, з Клімава не атрымалі аніводнае весткі, усё проста ў момант заглухла. А беларускія калегі выказалі падтрымку: трымайцеся, усё будзе добра.

    А потым у нас знікла сувязь. Пасля дэакупацыі мы ўжо не камунікавалі, бо гэта вельмі балючая тэма. Даваенная прапаганда адыграла вялікую ролю, і, шчыра кажучы, Украіна вельмі прайгравала на інфармацыйным фронце да поўнамаштабнага ўварвання. Была ўжо сфармаваная думка ў людзей.

    Спадарыня Томаш успамінае тыя першыя дні вайны:

    — Нешта некаму даказаць проста немагчыма, гэта я ведаю з уласнага досведу. Я кажу аднакласніку, які жыве ў Беларусі, што ў нас Чарнігаў разбамбілі, а ён адказвае: «Ты хлусіш, не могуць Чарнігаў разбамбіць». Распавядаю яму пра дачку, якая знаходзіцца пад Чарнігавам і не выходзіць там з падвала, бо патрапіла ў шэрую зону і над імі пастаянна лётае. Аднакласнік мне ў адказ: «Не можа гэтага быць, гэта ўсё фэйкі». Ну пра што можна гаварыць? Лепш не камунікаваць, калі табе не вераць…

    Святлана перакананая, што міжасабовыя кантакты людзей пакрысе адновяцца: шмат вёсак знаходзяцца за кіламетр-два ад беларускай мяжы, якой падзеленыя многія сем’і.

    — Я прыязджаю ў памежную вёску, а баба мне пачынае нешта распавядаць, у яе слёзы коцяцца па шчоках: «Я не ведаю, ці пабачу некалі ўнукаў. Яны жывуць ад мяне ў пяці кіламетрах, але паміж намі мяжа, якую нельга перайсці».

    Вельмі шмат людзей ва Украіне зараз успрымаюць Беларусь як памагатага агрэсару, бо на свае вочы бачылі, як адтуль ішла тэхніка.

    — Але справа ў тым, што стаўленне да Беларусі зусім не такое, як да Расіі. Калі Расія нам адназначна вораг: гэта здрада, подласць не даруецца яшчэ не адно пакаленне. А вось з Беларуссю стасункі будуць залежыць ад таго, якую яна зойме пазіцыю. Калі, вядома, яна поўнасцю не стане на бок агрэсара і не пачне адкрыта дапамагаць зброяй, тэхнікай, людзьмі, — дадае суразмоўца.

    «Увечары спаўзала па сцяне і проста выла — бо разумела, што мае дзеці ў небяспецы»

    Прыгадваючы час працы пад акупацыяй, Святлана кажа, што публікаваць вялікія па памеры навіны не было магчымасці. Гэта былі паведамленні ў некалькі сказаў: пра тое, што мясцовая адміністрацыя не перайшла на бок ворага, пра месца і час раздачы лекаў.

    Галоўнай задачай журналісткі было стрымаць паніку.

    — У горадзе шмат хто баяўся выходзіць на вуліцу, не тое, каб прыйсці ў мэрыю і нешта распытаць. Вельмі важна было паведаміць, дзе і калі будуць выдавацца лекі, бо многім патрабаваўся інсулін, былі хворыя на анкалогію. Мне на месенджар прыходзіла вельмі шмат паведамленняў: як там мае бацькі, якія жывуць у такой вось вёсцы? Як там сітуацыя, у мяне там родныя? Гэта былі крыкі душы. І я хадзіла ў гарадскую раду, дазнавалася якая сітуацыя і па магчымасці ўсім адказвала. Гэта таксама было важна.

    Першым матэрыялам Святланы пасля вызвалення была вялікая хроніка акупацыі, дзе журналістка падрабязна апісала ўсе падзеі ў Горадні і ваколіцах. Нататкі ж ёй даводзілася рабіць дома алоўкам пры свечках.

    — На жаль, мала фота засталося, бо расійскія вайскоўцы стаялі і правяралі тэлефоны. За такую інфармацыю можна было паплаціцца жыццём. Таму фотаздымкі я па магчымасці выдаляла. Адзіным інструментам працы быў мой мабільны тэлефон.

    26 лютага падчас ваенных дзеянняў быў знішчаны дом Святланінай маці:

    — Яна старэнькая, 73 гады, у гэты час знаходзілася ў будынку. Цудам ацалела, удалося яе адтуль забраць. Меншая дачка была ў жудасным стане пад Чарнігавым, туды нават немагчыма было пастаўляць хлеб. Яны з дзедам і бабаю сядзелі, даядалі кансервы. Муж маёй старэйшай дачкі стаяў на абароне Чарнігава — ён вайсковец. Яна сама — жонка ўдзельніка АТА, мой унук — сын удзельніка АТА, яны былі ў смяротнай небяспецы. Мне думаць пра тое, ці баюся я, проста не было часу.

    Журналістка разумела, што нельга асабліва свяціцца з тэлефонам, бо так усю сям’ю падставіла б пад яшчэ большую небяспеку. Таму апраналася непрыкметна:

    — Джынсы, куртачка, берэцік, боты зімовыя і іду сабе. Яны ж не ўсіх правяралі. Ну неяк Бог збярог. Удзень я бегала, бо святла не было, шукала дзе зарадзіць тэлефон, дзе злавіць інтэрнэт. Дзень праходзіў, увечары спаўзала па сцяне і проста выла — бо разумела, што ўсе мае дзеці ў небяспецы, жыццё ўсіх руйнуецца. Гэта было жахліва. Але, напэўна, мабілізацыя ўсіх чалавечых сіл і дапамагала трымацца: трывога за дзіцё, за маму, за тое, што будзе заўтра і ці будзе ўвогуле ў нас заўтра… Не было часу думаць ні пра што іншае.

    Калі расійскія танкі пайшлі назад і стала зразумела, што войскі варожыя адыходзяць, у мясцовых захоўваўся недавер да таго, што адбываецца вакол.

    — А потым, калі ўвайшлі нашыя вайскоўцы і ўсё ўжо скончылася, стала сапраўды страшна: я  дні тры не магла нічога рабіць, не магла спаць, не магла есці. Усе плакалі ад радасці. І ў той жа час — гэта, напэўна, быў посттраўматычны сіндром — прыйшло разуменне, якую небяспеку мы мінавалі.

    Першым, хто мне дазваніўся ў акупаваную Горадню, быў прадстаўнік Нацыянальнага саюза журналістаў з Кіева: не было такога дня, калі б калегі не спрабавалі са мной звязацца, каб падтрымаць. «Ты як?» ляцела з усёй Украіны, гэта вельмі ўразіла і запомнілася.

    Акупантаў Святлана бачыла, але не размаўляла: абыходзіла як мага далей, ведаючы, як яны распраўляюцца з журналістамі. Разам з тым журналістка кажа, што нельга ўсіх ставіць у адзін шэраг:

    — Былі такія, што гнулі сваю лінію, агрэсіўныя: у вас тут нацысты. Былі тыя, што і самі не разумелі асабліва, што адбываецца. Быў хлопец-танкіст, у іх танк зламаўся, дык ён плакаў: «Не чапайце мяне, у мяне нават мама не ведае, што я тут: сказалі, што вучэнні. Я не хачу нікога забіваць і не хачу быць забітым». Былі вельмі адукаваныя сярод іх. Напрыклад, афіцэры таго самага ФСБ, што прыязджалі ў гарадскую раду і намагаліся схіліць да супрацы адміністрацыю, нават ветлівыя былі.

    На аснове ўсіх гэтых аповедаў і таго, што даводзілася чуць ёй самой, Святлана зразумела, што для многіх акупантаў адкрылася зусім іншая карціна, чым ім малявала расійская прапаганда.

    — Яны пабачылі, што не так кепска людзі тут жывуць. Нават здзіўляліся з нашых вуліц, што ёсць асфальт, ёсць святло. Казалі, у вас не вёскі, а мястэчкі. Бачылі, што ў нас дагледжаныя ўсе помнікі Другой сусветнай, што мы таксама шануем памяць дзядоў, якія ваявалі тады за свабоду. Яны шчыра здзіўляліся. Але былі і заточаныя на агрэсію людзі — з нянавісцю, гатовыя забіваць толькі за тое, што мы ўкраінцы.

    У мэрыі яны заяўлялі, што ў нашых падручніках вучаць ненавідзець рускіх. Наш мэр паслаў намесніка ў школу, каб той прынёс падручнікі гісторыі з 5 па 9 клас. Аддаў акупантам і сказаў: «Знайдзіце тут хоць адно такое слова і падумайце, ці праўда тое, што вам нагаварылі».

    Сёння ж, хоць мясцовасць і вызвалілі ад ворага, на Гарадняншчыне казаць пра пачуццё бяспекі не выпадае. Раён пастаянна і бесперапынна абстрэльваецца з расійскага боку, вельмі шмат людзей эвакуявалася, бо многія вёскі разбураныя да апошняй хаты.

    Зяленскі мне падаўся простым чалавекам, але надзвычай стомленым

    За адданую працу Святлану Томаш узнагародзілі ордэнам Княгіні Вольгі, што, як прызнаецца журналістка, для яе было неспадзяванкай:

    — Я не чакала гэтага, але мяркую, тут ролю адыграла відэа, якое я зняла падчас акупацыі, калі гараднянцы 9 сакавіка, у дзень нараджэння Тараса Шаўчэнкі, выйшлі са сцягамі ў акупаваным горадзе на мітынг і крычалі «Слава Украіне!». Відэа я закінула ў інтэрнэт, напісаўшы, што Горадня — гэта Украіна.

    Тое відэа стала вірусным. Святлане потым распавядалі, што яго нават паказалі па нейкім з расійскіх каналаў, але сказалі, што гэта нацысцкі марш ва Украіне.

    Жыхары акупаванай Горадні Чарнігаўскай вобласці, сакавік 2022 года

    Спадарыня Томаш неаднаразова паўтарае, што гэта ўзнагарода не яе, а ўсіх гараднянцаў, якія валанцёрылі, падтрымлівалі, дзяліліся апошнім.

    — Гэта ж не мая заслуга, я толькі зняла. Я настолькі ганаруся сваімі людзьмі! Нават калі пачалі акупанты завозіць гуманітарную дапамогу ў выглядзе прадуктаў — а ў нас нават мукі не было на той момант — якая б у каго ні была сітуацыя, аніводны чалавек не падышоў і не ўзяў тую гуманітарку.

    Святлана вельмі ўсцешаная, што дзякуючы яе рабоце пра маленькую Горадню пачула ўся Украіна і, можа, нават больш.

    — А прэзідэнт… Хачу сказаць, што я заўсёды была чалавекам глыбока апалітычным. І ў сваёй журналісцкай дзейнасці строга трымаюся прынцыпу апалітычнасці. Зяленскі мне падаўся простым, звычайным чалавекам, але надзвычай змучаным. Найбольш мяне ўразілі ягоныя вельмі стомленыя вочы.

    Чытайце яшчэ:

    «Вот я уже дипломированный мастер по перманентному макияжу». Как работают белорусские региональные медиа после 2020 года

    Як рабіць тэлебачанне падчас вайны? Прыклад украінскага рэсурсу Espreso. ВІДЭА

    Ларыса Шчыракова ўжо ў гомельскай жаночай калоніі № 4

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці