• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Зміцер Галко: «На Кіеўшчыне мы двойчы праехалі па міне, але яна не выбухнула»

    У чарговым эпізодзе аўтарскага цыклу «Рэпартаж Дудзінскага: Людзі вайны» Дзяніс Дудзінскі сустрэўся са Зміцера Галко. Спадар Галко – беларускі журналіст, супрацоўнічаў з незалежнымі рэсурсамі «Беларускі партызан», радыё «Свабода», газетай «Народная воля», быў карэспандэнтам газеты «Новы час» у разгар падзеяў на Данбасе 2014 года. Выбралі для вас з відэагутаркі самае цікавае.

    У 2018 годзе ў Беларусі яго прысудзілі да чатырох гадоў «хіміі». Пасля прысуду Галко з’ехаў ва Украіну як палітычны эмігрант.

    Калі ў лютым Расея напала ўжо на ўсю Украіну, Зміцер застаўся ў краіне, ведаючы, што такое ваенны час і як у ім існаваць. Ён праехаў ахопленую агнём Украіну ўздоўж і ўпоперак і не з чутак ведае, як жывуць людзі і як выглядае краіна падчас вайны.

    Пра пачатак вайны

    — Вайна пачалася для мяне ў прамым эфіры, бо цэнтр, у якім я на той момант працаваў, ужо месяц існаваў фактычна ў ваенным рэжыме. Практычна 24/7 мы фіксавалі ўсё, што прапаганда рабіла, каб прывесці да гэтай вайны.

    Я не спаў гэтую ноч (на 24 лютага 2022 года — рэд.). Пісаў чарговы аналітычны тэкст. Тут бачу: выступ Пуціна пачаўся. Я яго глядзеў.

    І непасрэдна на апошніх секундах гэтага выступу паляцелі ракеты. Яны прыляцелі ў тым ліку да нас.

    Мы адразу ж з’ехалі. У мяне была дамоўленасць з сябрам, які збіраўся, як пачнецца вайна, ісці адразу на фронт, што мы прыедзем у яго дом, каб даглядаць яго маці. Там прабылі тыдзень, а пасля вярнуліся ў Кіеў.

    Пра валанцёрства

    — Ездзіць на фронт я паспрабаваў спачатку ў якасці фіксера, яле потым зразумеў, што гэта нейкая такая пазіцыя назіральніка. Да таго вельмі звязаная з тым, што хочуць рабіць  іншаземныя журналісты. І тут я вырашыў, што ўсё ж хачу браць непасрэдны ўдзел сам. І з гэтага пачалося валанцёрства і вялікае падарожжа.

    Я валанцёрыў каля месяца, пакуль не скончыліся грошы, бо рабілася гэта на 90 адсоткаў за асабістыя сродкі, данаты былі невялікія.

    Дапамогу мы вазілі на Кіеўшчыну.  Буча, Ірпень, некалькі сёлаў. Больш за ўсё дапамагалі на Чарнігаўшчыне. Там атрымалася тое, чым я ганаруся: добра дапамагчы канкрэтным людзям. Напрыклад чалавеку, у якога дашчэнту быў зруйнаваны дом, мы прывезлі посуд, намёт, генератар, печку. Дапамаглі целаму дому, дзе заставаліся старыя людзі. Будынак быў напалову зруйнаваны. Мы змаглі прывесці валанцёраў, якія разабралі завалы, паставілі вокны і гэтак далей.

    Гэта ўсё адбывалася ў сакавіку-красавіку. Было вельмі небяспечна. Абстрэлы я бачыў з самага пачатку. Пачалося гэта яшчэ ў Кіеве, калі мы паехалі ў пэўны раён і проста за сто метраў ад нас быў выбух.

    Аднойчы, калі мы ехалі па Кіеўшчыне, мы проста двойчы праехалі па міне, але яна не выбухнула.

    Пра журналістыку і блогерства

    — Я застаўся на вайне не праз тое, каб страляць. Хацеў браць удзел нейкім чынам, каб па кроплі набліжаць перамогу — гэта я магу, гэтага я не баюся.

    Зараз тут дэфіціт любых рук: валанцёрскіх, інфармацыйных, журналісцкіх.

    У мяне была магчымасць у прынцыпе сядзець, бо арганізацыя, з якой я працаваў, усім офісам пераехала ў Львоў. Мне таксама прапаноўвалі паехаць з імі. Але я яшчэ ў 2014 годзе  зразумеў, што ва Украіне будзе вялікая бітва за будучыню ўсёй гэтай прасторы, у якую ўваходзіць і Беларусь.

    Таму працягнуў працу ў якасці журналіста і блогера. Напрыклад, расказваў, пра эвакуацыю заапарку. Таксама захавалася валанцёрства, але ў  тым сэнсе, што, калі мы сутыкаліся з нейкай праблемай, якую яшчэ не бачыл іншыя, мы пра яе расказвалі.

    Мы паказвалі астатнім, што тут патрэбна дапамога.

    Пра адчуванні падчас вайны

    — У 2014‑м пад Данецкім аэрапортам. 

    Калі прыехаў дадому і паглядзеў у люстэррка, то пабачыў, што я весь сівы. Там я гэтага не заўважаў.

    І пасля цэлы год сніліся кашмары.

    [У 2022‑м бывалі выпадкі], што не сустракаў у мястэчку жывых людзей. На кожным кроку ляжалі трупы.

    Зараз ідзе бітва цывілізацыі супраць варварства, 21-га стагоддзя супраць 19-га. Па адчуваннях, Расія жыве ў 19 стагоддзі, але зараз жыць, як тады, ненатуральна.

    Беларусі гэта датычыць непасрэдна. Я магу не пагаджацца з нейкай эстэтыкай Пракоп’ева, але ён гаворыць абсалютна слушна, што будучыня Беларусі вызнчаецца ў значнай ступені ва Украіне. Калі Украіна пераможа, у нас акно магчымасцей ізноў адкрыецца.

    Упэўнены, будучыня заўсёды перамагае мінулае.

    Расія жыве мінулым, а гэта супярэчыць законам прыроды.

    Чытайце яшчэ:

    “У маёй групе беларусаў больш, чым палякаў”. Мінчанка паступіла на журфак у Познані і расказвае пра навучанне там

    Як прапагандысты атрымалі Дзяржаўную прэмію за падман

    Журналіст і пісьменнік Андрэй Горват просіць дапамогі: не хапае магчымасцей для рэканструкцыі палаца ў Нароўлі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці