• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Здзівіцеся, як шмат беларускага побач з вамі». Расказваем пра сэрвіс ByMapka, заснаваны Алінай Коўшык

    ByMapka — сэрвіс, які дапамагае беларусам за мяжой знайсці паслугі землякоў. Чаму такі сэрвіс з’явіўся, як ім карыстацца, што карыснага з’явіцца ў ім у бліжэйшы час — MOST распытаўся ў стваральніцы сэрвісу Аліны Коўшык.

    Злучыць тых, хто шукае паслугі, з тымі, хто іх аказвае

    — Для чаго патрэбна ByMapka?

    — ByMap­ka патрэбна, каб злучаць беларусаў за межамі Беларусі. Нягледзячы на тое, што мы раскіданыя па ўсім свеце, нас вельмі шмат побач.

    Калі вы паглядзіце на карту, то, напэўна, здзівіцеся, як шмат беларускага знойдзецца побач з вамі! І як лёгка падтрымаць беларусаў, якія адважыліся пачаць або працягнуць свой бізнес за межамі Беларусі.

    — Як з’явілася ідэя стварыць такі сэрвіс?

    — Я вельмі шмат працавала з беларускай дыяспарай і ў мяне часта пыталіся, дзе знайсці цырульніка ці, напрыклад, лекара. Таксама было зразумела, што беларусы за мяжой хацелі б карыстацца такімі ж па якасці паслугамі, як прывыклі ў сябе дома. Так з’явілася ідэя сэрвісу, які злучае тых, хто шукае паслугі, з тымі, хто іх аказвае.

    Карта Беларусі за межамі Беларусі

    — Каму і як цяпер дапамагае платформа?

    — Зараз платформа жыве сваім жыццём. Мы запусцілі яе восенню 2021 года з нашай невялікай камандай. І вельмі радуе, што гэты сэрвіс стаў у поўным сэнсе самастойным.

    Людзі перадаюць адзін аднаму кантакты ByMap­ka, а ўладальнікі бізнесу рэгіструюць новыя кропкі на карце.

    — Як карыстацца Bymap­ka?

    — Уладальніку бізнесу неабходна запоўніць форму на сайце https://bymapka.me, і праз некаторы час ваша кропка з’явіцца на карце. Будзе вельмі крута, калі вы зможаце распавесці ў сваіх сацыяльных сетках пра тое, што вы карыстаецеся ByMap­ka, каб як мага больш людзей даведалася пра сэрвіс.

    Зараз мы працуем над пашырэннем функцыяналу, у тым ліку над стварэннем асабістых кабінетаў. Інфармацыю ў ім уладальнікі бізнесу змогуць рэдагаваць самі — напрыклад, калі памяняецца сайт, адрас або тэлефон.

    Каб знайсці паслугі, трэба проста падзяліцца сваёй геалакацыяй на сайце. Карта адразу ўбачыць, дзе вы знаходзіцеся, і пакажа сэрвісы, якія ёсць побач з вамі. Можна скарыстацца фільтрамі, выбраць пэўную паслугу, якую вы шукаеце. А яшчэ можна скарыстацца пошукавым радком на сайце.

    — Як дапамагчы ByMapka стаць яшчэ больш папулярнай?

    — Мы вельмі хочам, каб Bymap­ka стала картай Беларусі за межамі Беларусі. Каб яна дапамагла аб’яднаць тых людзей, якіх раскідаў лёс па ўсім свеце.

    І нам здаецца, што ў дадзены момант межы краін не маюць значэння, калі мы можам быць побач і рабіць фантастычныя рэчы разам, дапамагаць адно аднаму.

    Мы працуем над тым, каб у ByMap­ka стала больш функцыяналу, ёсць ідэі па дадатковых сэрвісаў. Акрамя таго, ByMap­ka стала партнёрам платформы Dig­i­tal Belarus.

    Dig­i­tal Belarus — платформа, якую прадставіў стваральнік «Голаса» Павел Лібер. Гэта лічбавая платформа, якая ў перспектыве дазволіць беларусам карыстацца шырокімі магчымасцямі лічбавай дэмакратыі — ад медыцынскай кансультацыі да галасавання і сплаты падаткаў.

    Чым больш людзей будуць карыстацца ByMap­ka і раскажуць пра яе ў сацыяльных сетках, тым больш папулярнай яна стане і мы зможам развіваць яе, паляпшаючы сэрвіс.

    Некаторыя лічбы

    • Па стане на 21 верасня 2022 года ў ByMap­ka зарэгістравана 1307 бізнесаў.

    • Самыя папулярныя краіны: Польшча — 803, Грузія — 272, Літва — 55 кропак.

    • Самыя папулярныя гарады ў Польшчы: Варшава — 434, Уроцлаў — 101, Гданьск — 100 кропак.

    • Часцей за ўсё на ByMap­ka рэгіструюць салоны прыгажосці, цырульні, будаўнічы бізнес і адукацыйныя паслугі. 

    Чытаць яшчэ: 

    «Какая этика, когда репрессии, война и угроза ядерного удара». Или все же актуально?

    Итоги летнего телесмотрения в Беларуси: наибольшим спросом пользовались телеканалы ОНТ, СТВ, Россия-Беларусь, НТВ-Беларусь и МИР

    «Обозначение «орки» погружает нас в мир фантазий, а война — реальная»: как работает этический кодекс журналиста во время боевых действий

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці