• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Забойцаў Веранікі Чаркасавай дагэтуль не знайшлі

    Журналістка недзяржаўнай газеты "Салідарнасць" Вераніка Чаркасава была жорстка забітая 20 кастрычніка 2004 г. у сваёй кватэры ў Мінску.

    Яе цела са шматлікімі нажавымі раненнямі знайшлі 15-гадовы сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка.

    2004 год

    На допыце 19 лістапада ім паведамілі, што са сведкаў яны сталі падазраванымі. У пастанове пракуратуры было пазначана, што апэратыўным шляхам атрыманая інфармацыя, якая сведчыць пра дачыненне Філімонава і Мялешкі да забойства журналісткі. Асноўнай версіяй было вызначана забойства на бытавой глебе.

    Між тым, у выніку журналісцкага расследавання журналіста Сяргея Сацука была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства В. Чаркасавай здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе.

    2005 год

    31 студзеня 2005 г. старшы следчы пракуратуры г. Мінска Уладзімір Чумачэнка падпісаў пастанову аб правядзенні стацыянарнай псіхіятрычнай экспертызы Антона Філімонава. Неабходнасць правядзення экспертызы тлумачылася тым, што А. Філімонаў пасля гвалтоўнай смерці маці быў пастаўлены на ўлік у гарадскі дзіцяча-падлеткавы псіханеўралагічны дыспансер, а ў канцы лістапада паступіў на стацыянарнае лекаванне ў рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную лякарню.

    1 лютага група следчых на чале з Уладзімірам Чумачэнкам без папярэджання з’явілася ў школу №88, дзе вучыцца 15-гадовы Антон. Яны спрабавалі забраць А.Філімонава для правядзення псіхіятнычнай экспертызы, але сваякі вучня прадухілілі дзеянні следчых.

    2 лютага бацька Антона – Зміцер Філімонаў, які жыве ў Маскве, забраў сына з сабою.

    23 лютага суд Цэнтральнага раёна г. Мінска адхіліў скаргу Віталя Кулікова — адваката Антона Філімонава, сына забітай у кастрычніку 2004 г. журналісткі Веранікі Чаркасавай — на рашэнне пракуратуры г. Мінска аб прызначэнні стацыянарнай псіхіятрычнай экспертызы падлетка. Гэтае рашэнне можа быць абскарджана цягам сутак у Мінскі гарадскі суд. Судовае паседжанне было закрытым і доўжылася каля 40 хвілін.

    У залу суда падчас слуханняў былі дапушчаныя толькі адвакат, пацярпелая (маці забітай журналісткі Дыяна Чаркасава) і прадстаўнік пракуратуры Цэнтральнага раёна г. Мінска. З усіх іх узялі падпіску аб неразгалошанні матэрыялаў слуханняў. Самога Антона Філімонава ў суд не выклікалі.

    4 сакавіка Мінскі гарадскі суд адмяніў рашэнне аб прымусовым характары псіхіятрычнай экспертызы чына Веранікі Чаркасавай А.Філімонава, разгледзеўшы касацыйную скаргу, пададзеную адвакатам В.Куліковым. Адвакат абскарджваў рашэнне суда Цэнтральнага раёна г.Мінска ад 23 лютага, які пакінуў у сіле пастанову пракуратура г.Мінска аб прызначэнні стацыянарнай псіхіятрычнай экспертызы Філімонава.

    18 красавіка начальнік следчага аддзела Пракуратуры г. Мінска С. Іваноў вырашыў спыніць крымінальны пераслед Антона Філімонава і Уладзіміра Мялешкі «за адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства». Пастанова прынятая на падставе таго, што падчас папярэдняга расследавання па справе «не здабыта дастатковых доказаў» спрычыненасці Мялешкі і Філімонава да злачынства, а «ўсе магчымасці для збору дадатковых доказаў вычарпаныя».

    23 чэрвеня на прэс-канферэнцыі намеснік Генеральнага пракурора РБ Віктар Прус паведаміў, што пракуратура падоўжыла тэрмін расследавання забойства журналісткі газеты «Салідарнасць» Веранікі Чаркасавай да 21 жніўня г.г. Па словах В. Пруса, па справе працягваецца актыўная аператыўна-следчая праца, аднак «сёння станоўчага выніку, на жаль, не дасягнута». Паводле В. Пруса, пракуратура «правярае» каля 10 версій гэтага забойства. Што тычыцца следчых дзеянняў у дачыненні да сына забітай журналісткі, намеснік генеральнага пракурора заявіў, што той у якасці падазраванага «хутчэй непасрэдна не разглядаўся», але «былі дастаткова важкія аргументы думаць пра тое, што ён нешта ведае датычна гэтага злачынства». Віктар Прус лічыць, што «па гэтай справе ніякіх парушэнняў законнасці, у тым ліку ў дачыненні да сына Чаркасавай, дапушчана не было. Ён дапытваўся для высвятлення некаторых абставінаў, якія ён як асоба, што знаходзілася непадалёк ад дома сваёй маці, патлумачыць не мог».

    21 жніўня Пракуратура РБ зноў працягнула тэрмін следства па справе аб забойстве журналісткі.

    8 верасня ў Мінску прайшла прэзентацыя зборніка «Красным по белому», у які ўвайшлі лепшыя публікацыі Веранікі Чаркасавай. Яго склалі публікацыі з 1992 па 2004 гг., якія з’яўляліся ў самых розных беларускіх і расійскіх выданнях: «Голас Радзімы», «БДГ», «Белорусская газета», «Новое время», «Огонёк», «Салідарнасць». Зборнік рыхтаваўся напрацягу некалькіх месяцаў групай валанцёраў. Кнігу «Красным по белому» можна замовіць, даслаўшы ліст на адрас zakaz_v_ch@yahoo.com

    21 кастрычніка кіраўнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў паведаміў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», што тэрмін папярэдняга расследавання справы аб забойстве Веранікі Чаркасавай падоўжаны яшчэ на 2 месяцы.

    У канцы снежня папярэдняе расследаванне справы аб забойстве Веранікі Чаркасавай было прыпынена «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачанага». Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» кіраўнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў. Як патлумачыў сп. Іваноў, цяпер па справе працуюць спецыялісты крымінальнага вышуку (які падпарадкоўваецца Міністэрству ўнутраных спраў), аднак пракуратура трымае іх працу на кантролі. Па словах следчага, крымінальны вышук перыядычна дакладае пракуратуры пра вынікі сваёй працы, аднак ён быў «не гатовы» адказаць, як часта гэта адбываецца. Пры неабходнасці пракуратура ў любы момант можа аднавіць следства, — зазначыў С. Іваноў. Паводле яго словаў, у следства па-ранейшаму некалькі версій гэтага забойства, і пракуратура не можа разглядаць ніводную з іх у якасці асноўнай.

    27 снежня 2005 года 16-гадовы сын забітай журналісткі Антон Філімонаў быў затрыманы  супрацоўнікамі Першамайскага РУУС па падазрэнні ў вырабе беларускіх грашовых купюраў. У яго і яшчэ чатырох яго знаёмых знайшлі некалькі купюраў па 5 і па 10 тысяч беларускіх рублёў, і ў дачыненні да іх была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 221 КК РБ (незаконны выраб, захаванне і распаўсюд падробленых грошай, здзейсненыя паўторна арганізаванай групай асобаў па папярэдняй дамоўленасці). Усе пяцёра правялі некалькі сутак у следчым ізалятары часовага ўтрымання, аднак 30 снежня ўсіх, акрамя А. Філімонава, адпусцілі. Мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай была ўжытая толькі да яго.

    2006 год

    2006 год заўважнага прагрэсу ў расследаванні справы аб забойстве журналісткі газеты “Салідарнасць” Веранікі Чаркасавай не прынёс. Нагадем, што ў канцы снежня 2005 г. папярэдняе расследаванне справы аб забойстве Веранікі Чаркасавай было прыпынена «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачанага». Аднак “справа Чаркасавай” па-ранейшаму заставалася ў цэнтры ўвагі грамадскасці з прычыны крымінальнай справы, ўзбуджанай у дачыненні да сына забітай журналісткі – Антона Філімонава, якога затрымалі ў канцы снежня 2005 г. (гл. вышэй).

    6 студзеня бабуля і дзядуля Антона Філімонава, Уладзімір Мялешка і Дыяна Чаркасава зладзілі прэс-канферэнцыю і заявілі, што ў СІЗА на падлетка аказваюць ціск. Па словах Д.Чаркасавай, да А.Філімонава ў ізалятар часовага ўтрымання прыходзілі невядомыя людзі, якія прапаноўвалі напісаць прызнанне ў забойстве маці.

    10 студзеня суд Першамайскага раёна г. Мінска адхіліў скаргу Уладзіміра Мялешкі (законнага прадстаўніка А. Філімонава) аб змяненні меры стрымання яго ўнуку. 17 студзеня суд г. Мінска пацвердзіў гэтае рашэнне, адхіліўшы скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі.

    2 лютага Дыяна Чаркасава і Уладзімір Мялешка апублікавалі адкрыты зварот да грамадскасці, у якім заявілі, што за больш як месяц знаходжання ў СІЗА‑1 г. Мінска іх yнука з ім не было праведзена ніводнага следчага дзеяння па справе аб фальшывых грашовых знаках. Блізкія Антона заявілі, што праваахоўныя органы прызналі факты наведвання падлетка ў СІЗА асобамі, якія не маюць дачынення да справы аб фальшывых грашовых знаках. Сваякі А.Філімонава звярнуліся да грамадскасці па дапамогу ў справе абароны падлетка — у прыватнасці, у змяненні яму меры стрымання.

    У той жа час да пракурора г. Мінска Мікалая Кулікова звярнуліся некалькі дзесяткаў беларускіх журналістаў з просьбай змяніць меру стрымання Антону Філімонаву і вызваліць яго з‑пад варты. (Збор подпісаў ініцыявала жонка зніклага ў 2000 годзе аператара ОРТ, сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Святлана Завадская). Тым не менш, пракуратура не ўбачыла падставаў для змянення падлетку меры стрымання. Пра гэта гаварылася ў афіцыйным лісце намесніка пракурора г.Мінска Л. Літвінюка ад 16 лютага на адрас ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і Святланы Завадскай.

    17 лютага газета «Рэспубліка» апублікавала выказванне намесніка Генеральнага пракурора Віктара Пруса на паседжанні калегіі рэспубліканскай пракуратуры: ён выказаў занепакоенасць тым фактам, што забойцы журналісткі Веранікі Чаркасавай дагэтуль не прыцягнутыя да адказнасці. Ён катэгарычна адмовіў існаванне сувязі паміж гэтай справай і затрыманнем яе сына Антона.

    Тым не менш, у канцы лютага расследаванне справы аб забойстве журналісткі было адноўлена. Гэтую інфармацыю пацвердзіў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» кіраўнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў.

    22 лютага намеснік пракурора г. Мінска Л. Літвінюк працягнуў тэрмін папярэдняга следства па справе і тэрмін утрымання падлетка пад вартай да 27 сакавіка (да 3 месяцаў).

    7 сакавіка суд Цэнтральнага раёна г. Мінска пакінуў без зменаў меру стрымання А. Філімонаву, адхіліўшы скаргу адваката на законнасць прымянення і падаўжэння яму меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

    13 сакавіка Антону Філімонаву была змененая мера стрымання з утрымання пад вартай на “меру стрымання ў выглядзе закладу”. Паводле пастановы, следчыя органы ўзялі пад увагу, што падчас папярэдняга расследвання па згаданай крымінальнай справе “неаднаразова паступалі хадайніцтвы аб змене ў дачыненні да Філімонава А.Д. меры стрымання ў выглядзе заключэня пад варту на іншую, не звязаную з пазбаўленнем волі, а таксама тое, што абвінавачаны Філімонаў А.Д. пакутуе на хранічныя захворванні”. А.Філімонаў быў вызвалены пад заклад 7,5 тысяч долараў ЗША, які ўнеслі яго сваякі. У следчым ізалятары ён правёў 2,5 месяцы.

    14 сакавіка «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага» раследаванне справы аб забойстве В. Чаркасавай было ў чарговы раз прыпынена.

    10 красавіка суд Першамайскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы, узбуджанай у дачыненні да Антона Філімонава і іншых падлеткаў, абвінавачаных у парушэнні другой часткі артыкула 221 КК РБ. 11 красавіка пракурор запатрабавала для 16-гадовага А. Філімонава пакаранне ў выглядзе 4 гадоў пазбаўлення волі, а для астатніх абвінавачаных — па 3 гады. Суддзя ж не ўбачыла ў гэтай справе прыкметаў паўторнасці і вынесла падлеткам прысуд па першай (больш мяккай) частцы арт.221 КК. Для Антона Філімонава было вызначана пакаранне — 2,5 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.

    10 красавіка на сайце “Беларускі партызан” з’явіўся артыкул пад назвай “Цана жыцця (новая версія прычын забойства Веранікі Чаркасавай)”, аўтарства якога належыць Творчай майстэрні “Агенцтва журналісцкіх расследаванняў“. “У адрозненні ад следчых, за мінулы год журналісты… змаглі здабыць новыя факты, якія ўказваюць на тое, што забойства Веранікі магло быць звязана з яе прафесійнай дзейнасцю”, — гаварылася ва ўступнай частцы публікацыі.

    Па меркаванні аўтараў артыкула, Вераніка, сама таго не ўсведамляючы, магла трапіць на самы “гарачы край” барацьбы паміж дзвюма кланавымі групаўкамі краіны. Яны лічаць, што Вераніка магла валодаць інфармацыяй, апублікаванне якой пагражала аднаму з канфліктуючых бакоў стратай вялікіх грошай.

    У красавіку 2006 г. у Інтэрнэце з’явіўся сайт, прысвечаны справе аб забойстве беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай: http://www.veronikacherkasova.org. На сайце змяшчаецца інфармацыя датычна ходу расследавання яе забойства, публікацыі на гэтую тэму ў беларускай і замежнай прэсе, заявы беларускіх і міжнародных арганізацый па гэтай справе і г.д. Забойства Веранікі разглядаецца аўтарамі сайту ў кантэксце беларускай сітуацыі, і таму яны прапануюць шмат дадатковай інфармацыі датычна становішча з мас-медыя ў нашай краіне. Па звестках ГА «БАЖ», да з’яўлення сайту мелі дачыненне калегі і сябры Веранікі, якія цяпер жывуць у ЗША.

    18 красавіка газета “Звязда” надрукавала інтэрв’ю з начальнікам следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры Мінска Сяргеем Івановым, у якім ён заявіў, што расследаванне забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай прыпынена ў сувязi з тым, што не ўстаноўлены асобы, якiя здзейснiлi злачынства. Але, на яго думку, “гэтая крымiнальная справа — не безнадзейная, i яе расследаванне можа быць даведзена да лагiчнага канца”. Галоўны следчы сталіцы лічыць, што злачынства не было дакладна прадуманым i загадзя падрыхтаваным.

    У сваю чаргу, кіраўнік агенцтва журналісцкіх расследаванняў Сяргей Сацук, які з калегамі таксама расследаваў забойства В. Чаркасавай, упэўнены, што гэта быў прафесійны кілер, які інсцэнаваў забойства на побытавай глебе.

    20 кастрычніка 2006 г. – на другую гадавіну забойства журналісткі – была разгорнута грамадская кампанія па пошуку і прыцягненні да адказнасці забойцаў. Акцыя стартавала са звароту Генеральнага сакратара Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) Айдана Уайта да Аляксандра Лукашэнкі. “МФЖ, якая аб’ядноўвае звыш 500.000 журналістаў з розных краінаў, заклікае Вас аднавіць расследаванне справы аб забойстве журналісткі Веранікі Чаркасавай, знайсці і пакараць яе забойцаў ў судовым парадку… Мяркую, што працяглая нездатнасць беларускіх уладаў прыцягнуць да адказнасці забойцаў В.Чаркасавай кідае цень на імідж Беларусі і гатовасць беларускага ўраду абараняць асноўныя правы чалавека,”— гаворыцца ў звароце. Таксама ў лісце падкрэсліваецца, што “толькі праз прыцягненне злачынцаў да судовай адказнасці Беларусь можа прадэманстраваць сваім грамадзянам і міжнароднай супольнасці сваю падтрымку свабоды прэсы і гатовасць абараняць жыцці журналістаў.”

    2007 год

    27 жніўня 2007 г. начальнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў заявіў прэс-службе БАЖ , што следства па гэтай справе было ў чарговы раз прыпынена ў лютым, і нічога новага ён паведаміць журналістам не можа.

    Блізкія Веранікі Чаркасавай кажуць, што ні пра хаду следства, ні пра яго аднаўленні альбо прыпыненні іх ніхто не інфармуе. «Пачуўшы інфармацыю пра арышты па справе Паліткоўскай, я нават парадваўся за расійскія праваахоўныя органы», — зазначыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ айчым забітай журналісткі Уладзімір Мялешка. «Прынамсі, следчыя органы не баяцца фармулёўкі „забойства на прафесійнай глебе“. Відавочна, што імі праведзена значная праца», — лічыць ён.

    18 кастрычніка 2007 г. той жа Сяргей Іваноў паведаміў БАЖ, што следства «не мае паведаміць па гэтай справе нічога новага». Гэта значыць, што расследаванне з лютага 2007 г. прыпынена.

    2008 год

    У пачатку кастрычніка 2008 г. кіраўнік следчага аддзелу пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў у гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ» зазначыў, што следства не можа паведаміць нічога новага па справе, а расследаванне па-ранейшаму прыпынена. Апошняе прыпыненне расследавання з фармулёўкай «у сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага» адбылося ў лютым 2007 г.

    8 кастрычніка 2008 г. маці Веранікі Дыяну Чаркасаву і айчыма Уладзіміра Мялешку выклікалі на допыт у Першамайскі РУУС г. Мінска. У той жа дзень у іх кватэры з санкцыі пракурора Першамайскага раёна быў праведзены ператрус. У кватэры шукалі, як заявілі супрацоўнікі РУУС, «зброю, наркотыкі, скрадзеныя рэчы». У выніку ператрусу нічога не забралі. На допыце ў Дыяны Чаркасавай і Уладзіміра Мялешкі распытвалі, дзе зараз знаходзіцца сын журналісткі Антон Філімонаў.

    «Антон зараз жыве за мяжой. Ён вымушаны быў выехаць, бо было відавочна, што следства ўсё роўна вяртаецца да яго ўвесь час як да галоўнага „кандыдата на падазраванага“. Чатыры гады яны не шукалі сапраўдных злачынцаў, а рыхтавалі глебу для таго, каб звязаць з Антонам забойства Веранікі», — лічыць Дыяна Чаркасава.

    «Мы чатыры гады таму страцілі дачку, а цяпер фактычна згубілі ўнука, з якім не можам нават падтрымліваць нармальную сувязь. І ў такой сітуацыі „візіты“ з ператрусамі і выклікі на допыты выглядаюць здзекам са старых людзей. Мы не можам паведаміць следству нічога новага», — дадае Д. Чаркасава.

    ­20 кастрычніка 2008 г. журналісты ўсклалі кветкі на могілках у Калодзішчах, дзе пахаваная Вераніка.

    2009 год

    19 кастрычніка 2009 г. следчы па асабліва важных справах сталічнай пракуратуры Сяргей Іваноў заявіў прэс-службе ГА «БАЖ», што следства па справе аб забойстве Веранікі Чаркасавай не аднаўлялася з лютага 2007 года, і што пракуратура г. Мінска, што вядзе расследаванне, не можа паведаміць грамадскасці нічога новага.

    У тым жа месяцы ГА «БАЖ» абвесціла аб правядзенні творчага конкурсу імя В. Чаркасавай.

    2010 год

    Вынікі конкурсу былі падведзеныя 12 студзеня 2010 года — у дзень нараджэння журналісткі. У журы конкурсу ўвайшлі беларускі паэт, былы старшыня Дзяржтэлерадыё Генадзь Бураўкін, маці Веранікі, былая намесніца галоўнага рэдактара газеты «Голас Радзімы» Дзіяна Чаркасава, старшыня Камісіі па этыцы БАЖ Анатоль Гуляеў, вядомая беларуская журналістка, рэдактарка рэсурсу «Заўтра тваёй краіны» Марына Загорская, а таксама былая выкладчыца Інстытута журналістыкі БДУ і адна з укладальнікаў кнігі найлепшых твораў Веранікі Чаркасавай «Красным по белому» Наталля Кулінка.

    Пераможцамі конкурсу сталі Наталка Бабіна, Зміцер Панкавец і Яўген Самсонаў.

    Сярод лепшых адзначылі таксама матэрыялы Кастуся Лашкевіча, Сяргея Чыгрына, Наталлі Семяновіч, Аляксея Белага, Андрэя Пачобута.

    19 кастрычніка старшы памочнік пракурора г. Мінска Сяргей Балашаў пацвердзіў прэс-службе БАЖ, што папярэдняе расследаванне па гэтай справе па-ранейшаму прыпынена.

    2011 год

    19 кастрычніка памочнік пракурора г. Мінска Сяргей Балашаў паведаміў БАЖ, што следства па справе па-ранейшаму прыпынена «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага». «Па справе вядуцца аператыўна-вышуковыя мерапремствы, вынікі якіх заслухоўваюцца на аператыўных нарадах», — паведаміў сп. Балашаў. Праўда, удакладніць, калі апошні раз па справе Чаркасавай была такая нарада, ён адмовіўся, спаслаўшыся на таямніцу следства. «Пакуль рэальных доказаў аб спрычыненасці каго-небудзь да гэтага забойства няма», — рэзюмаваў памочнік пракурора.

    2012 год

    19 кастрычніка, напярэдадні 8‑й гадавіны забойства журналісткі, прадстаўнік Следчага камітэту Ягор Лівай паведаміў БелаПАН, што расследаванне справы прыпынена, аднак аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы праводзяцца.

    «З моманту ўтварэння Следчага камітэту Беларусі (пачатак 2012 г. – заўв. БАЖ) гэтая крымінальная справа была перададзена нам і прынята да вытворчасці, — сказаў ён. — На дадзены момант справа прыпынена ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая ўчынiла злачынства. У той жа час гэта не азначае, што не праводзіцца ніякіх дзеянняў, накіраваных на вышук злачынцы. Задзейнічаны пэўныя апэратыўныя падраздзяленні, якія праводзяць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне асоб, якія маюць дачыненне да забойства, і высвятленне ўсіх абставін справы».

    2013 год

    Следства па справе аб забойстве Веранікі Чаркасавай па-ранейшаму прыпынена ў сувязі з “нявысвятленнем падазраванай асобы”. Пра гэта старшыні ГА “БАЖ” Жанне Літвіной паведаміў 22 кастрычніка галоўны інспектар па інфармацыі і сувязі з грамадсксцю ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусі па г. Мінску Аляксандр Герасімаў.

    2014 год

    20 кастрычніка споўнілася 10 гадоў з дня забойства журналісткі. Следчыя органы заяўляюць, што расследаванне справы па-ранейшаму прыпынена “ў сувязі з невысвятленнем асобы, падлягаючай прыцягненню да крымінальнай адказнасці”. Пра гэта прэс-службе ГА “БАЖ” заявіў 16 кастрычніка галоўны інспектар па інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта па г. Мінску Аляксандр Герасімаў. “Версіі следства не абавязана вам казаць. У расследаванні мы не адкрываем звестак пра следчых, якія вядуць справу”, – дадаў сп. Герасімаў. У Мінску журналісты зладзілі вечарыну памяці Веранікі.

    2015 год

    12 сакавіка каля 6.30 раніцы ў кватэру ў Мінску, дзе жывуць маці і айчым Веранікі, наведаліся два чалавекі ў цывільным, якія заявілі, што хочуць пагутарыць пра сына Веранікі. Дзіяна Чаркасава і Уладзімір Мялешка адмовіліся размаўляць з візіторамі. 

     

    «Таямніца следства. P.S.». Дакументальны фільм

    Вольскі, Кулінковіч, Памідораў, Дзянісаў. Відэа з канцэрта памяці Веранікі Чаркасавай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці