• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «З усіх ЗАГСаў Кіева толькі адзін пагадзіўся распісаць украінца з беларускай»: журналісты пра выпрабаванні ў эміграцыі

    Сёння змена месца жыхарства часцей адбываецца не па жаданні, а змушана — у лічаныя дні ці нават гадзіны. Сярод такіх вымушаных эмігрантаў незлічоны шэраг журналістаў ды іншых супрацоўнікаў масмедыя.

    Аўтар БАЖ пагутарыў з трыма вымушанымі мігранткамі, якія ў мінулым годзе з’ехалі ў суседнія краіны. У кожнай з іх свая гісторыя, свае абставіны і рэцэпты прыстасавання да новага жыцця.

    Вольга, Кіеў: «Самым цяжкім выпрабаваннем стала змяненне стаўлення ўкраінцаў да беларусаў»

    Вольга з’ехала ў Кіеў у 2021 годзе па праграме падтрымкі беларускіх журналістаў, якім пагражаюць рэпрэсіі. Стала працаваць прадакт-менеждарам медыяпраекта — кіравала распрацоўкай сайта новага СМІ.

    — Складанасцяў першых месяцаў жыцця пасля пераезду я асабліва не памятаю. Наадварот, выконваць сваю працу ў той час было лягчэй, чым у Беларусі, — расказвае Вольга. — Украінцы — адкрытыя і ветлівыя людзі. Яны ў прынцыпе любяць мець зносіны — і з малазнаёмымі, і з незнаёмымі. Таму завесці новае кола сяброў і прыяцеляў было не цяжка. Хоць, канешне, па родных і сябрах я сумавала.

    Крыху складаней Вользе было менавіта на працы.

    — У мяне быў украінскі распрацоўшчык сайтаў, з якім першыя пару месяцаў было невыносна працаваць з прычыны свабоднага падыходу да дэдлайнаў, нейкага лёгкага стаўлення да сваіх абавязкаў і абяцанак. Першы час не магла зразумець, як можна так працаваць. Даводзілася шмат часу марнаваць на кантроль за тэрмінамі і выкананнем тэхнічных заданняў. Усё гэта ў Беларусі выконвалася як няўхільнае правіла, — параўноўвае яна.

    Але хутка і гэта перастала быць праблемай. Тым больш, у Кіеве Вользе вельмі падабалася:

    — Да вайны гэта быў вельмі жывы і дынамічны горад, дзе штодня нешта адбывалася, усё вакол развівалася, рухалася наперад.

    І вось вайна. Пасля месяца бамбёжак і абстрэлаў Вольга з іншымі бежанцамі выехала ў Польшчу і зноў пачала жыццё з чыстага аркуша.

    — Шчыра кажучы, гэты пераезд я перажыла вельмі цяжка.

    Унутры як быццам нешта зламалася. Нейкі час я адчувала сябе згубленым дзіцём.

    Мне было вельмі цяжка нават клапаціцца пра сябе, не тое каб шукаць жыллё і вырашаць розныя справы з дакументамі, — успамінае дзяўчына. — Тым больш, што ва Украіне застаўся мой каханы мужчына.

    Яе пераезд выпаў на самую масавую міграцыю, на максімальна вялікі паток бежанцаў.

    — Моцна падкасіла наступнае. Я даверылася інфармацыі, што, маючы ўкраінскі від на жыхарства, буду мець магчымасць карыстацца часовай дапамогай, якую дае Польшча бежанцам. А калі прыехала, высветлілася, што гэта не так, і я павінна вырашаць свае праблемы сама. Нягледзячы на ​​тое, што я, як і ўкраінцы, уцякала ад вайны, што мяне таксама бамбавалі. Мне пашанцавала, дзякуючы калегам знайшлася сям’я беларускіх айцішнікаў, якая мяне прытуліла на час. Каб я магла проста перавесці дых і сабрацца з думкамі, што рабіць далей, — згадвае суразмоўца.

    Паводле слоў Вольгі, за тры месяцы ў Польшчы яна перажыла амаль дзесяць пераездаў з кватэры на кватэры, з горада ў горад. У выніку вырашыла вярнуцца ва Украіну, як і многія іншыя бежанцы.

    У ліпені Вольга зноў была ў Кіеве.

    — Першы час былі складанасці адаптацыі, але ўжо зусім іншыя, чым раней. Я не разумела, як буду рэагаваць на сірэны. У Польшчы я супакоілася, перастала баяцца пралятаючых самалётаў і гучных гукаў. Страх зноў вярнуўся ў маё жыццё.

    Але самым цяжкім выпрабаваннем стала для журналісткі тое, як змянілася стаўленне ўкраінцаў да беларусаў.

    — Калі я вярнулася, мой мужчына прапанаваў распісацца. Мы патэлефанавалі ва ўсе ЗАГСы Кіева, і толькі адзін пагадзіўся правесці рэгістрацыю нашага шлюбу. Усе адмовіліся праз тое, што я грамадзянка Беларусі. На ўзроўні стасункаў з дзяржавай вельмі адчуваюцца гэтыя змены ў кепскі бок.

    На побытавым узроўні дзяўчына пакуль не сустракалася з негатывам.

    — Зразумела, што калі ў нейкай кампаніі ўкраінцы даведваюцца, што я з Беларусі, узнікае шмат пытанняў. Яны не ведаюць пра нашу краіну амаль нічога, але і ператвараць пікнік у лекцыю па сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Беларусі за апошнія 30 гадоў незаўжды хочацца. Адным простым адказам амаль ніколі не абыходзіцца — людзям, якія выраслі ў дэмакратычнай краіне, складана зразумець акалічнасці жыцця пры дыктатуры. Але ж адкрытага негатыву пакуль пазбягала.

    Вольга прызнаецца, што з усімі стрэсамі і адчаем і ў Польшчы, і ва Украіне ёй дапамагае спраўляцца прырода. Пры любой магчымасці дзяўчына імкнецца схадзіць у лес, на возера.

    — Пабыць на прыродзе, паслухаць шум ветра — гэта дапамагае прывесці галаву ў парадак, вызваліцца ад цяжкіх думак. Праўда, і на прыродзе здараюцца паветраныя трывогі… Яшчэ мне дапамагае інфармацыйны дэтакс — адмаўляюся ад чытання навін хаця б на дзень. Навіны — што ўкраінскія, што беларускія — вядома аптымізму не надаюць. Стараюся жыць тут і цяпер, на будучыню не загадваю.

    Яна, Грузія: «Калі канвеер рэпрэсій не спыняецца ні на адзін дзень, разумееш, што вяртацца небяспечна»  

    У ліпені 2021-га ў Яны было два дні, каб сабрацца і з чатырохгадовым сынам з’ехаць з Беларусі.

    З адным чамаданам і дзіцём яна прыляцела ў Грузію. Меркавала, што на пару месяцаў. Але атрымалася на даўжэй.

    — Назіраючы за тым, что робіцца ў Беларусі, калі канвеер рэпрэсій не спыняецца ні на адзін дзень, разумееш, што вяртацца небяспечна, — кажа Яна. — На слыху шмат гісторый, калі людзі вярталіся на пахаванне родных ці выправіць нейкія дакументы, і траплялі пад судзілішча. Таму вырашыла застацца. Для мяне і для шмат іншых людзей бяспека — гэта базавая патрэба. Калі гэтая патрэба не закрытая, чалавек не можа поўнавартасна функцыянаваць. Немагчыма жыць у рэжыме чакання, што за табой прыйдуць. Мяркую, што многія мае калегі адчулі гэта на сябе. У свабоднай краіне разумееш, што якасць твайго жыцця зусім іншая: ты можаш працаваць, дыхаць, спаць, будаваць і рэалізоўваць планы.

    Поводле слоў Яны, самы цяжкі перыяд быў у першыя месяцы жыцця ў Грузіі, калі краіна ўвяла строгія «кавідныя» абмежаванні.

    — Праз нейкі час пасля прыезду я аддала сына ў прыватны дзіцячы садок.

    А ўвосень садкі зачыніліся на шматмесячны каранцін. Працу, якая складаецца з інтэрв’ю, анлайн-сустрэч і напісання, рабіць з дзіцем на руках амаль немагчыма.

    — Пытанне я вырашыла так: рызыкнула браць на некалькі гадзін няню, якая гуляла з малым, пакуль я працавала, — распавядае пра выпрабаванні Яна.

    Сама адаптацыя заняла пэўны час. Простыя рэчы здаваліся дзяўчыне складанымі:

    — Не ведаеш, дзе набыць тое ці іншае, куды пайсці, каб вырашыць нейкія пытанні… У гэтай справе дапамаглі землякі. Шукала ў сацсетках чаты беларусаў, далучалася. Такіх чатаў, мне здаецца, хапае паўсюль. Ёсць агульныя, ёсць прафесійныя — журналістаў, прадпрымальнікаў, юрыстаў і шмат каго яшчэ. Там можна спытацца і атрымаць адказ, можна прапанаваць і знайсці аднадумцаў. 

    З працай складанасцей у Яны асабіста не было.

    — Мая рэдакцыя доўгі час працавала ў рэжыме анлайн, таму прыстасоўвацца да такога фармату не было неабходнасці.

    Як кажа Яна, яшчэ адна праблема ўзнікла, калі Расія развязала вайну ва Украіне. Некаторыя банкі адмянілі меню па-руску ў банкаматах ці наогул адмаўляліся абслугоўваць людзей з расійскімі і беларускімі пашпартамі ў аддзяленнях. Але зараз гэта ўжо не праблема.

    Тым не менш, па словах дзяўчыны, інтэграцыі ў грузінскую грамадскаць у яе не адбылося.

    — Я неяк сама па сабе, — кажа яна. — Я не стала яго часткай. Мяне ўжо ўспрымаюць «як сваю» ў дзіцячым садку, у краме, дзе кожны дзень нешта набываю, я сама ўжо шмат чаго ведаю і даю парады. Гэта называецца адаптацыя. У Грузіі адаптавацца нецяжка. Людзі тут вельмі гасціныя, адкрытыя, заўсёды дапамогуць. Ёсць, канешне, асаблівасці менталітэту, але агулам мне тут добра. Я вырашыла, што пра вяртанне і гаворкі няма, пакуль ёсць рызыка. Я ніколі не планавала кудысьці з’язджаць з Беларусі, але пакуль махавік рэпрэсій гойдаецца, я буду жыць тут. Гэта адзіная прычына, па якой я застаюся.

    Як будзе далей, Яна стараецца не думаць. Хоць думкі ўжо з’яўляюцца, напрыклад, як усё складзецца, калі прыйдзе час ісці сыну ў школу.

    — Вось гэта, я лічу, самая галоўная праблема для мігрантаў у Грузіі, якія прыехалі з дзецьмі, — дадае Яна. —  Але ў нас з сынам ёсць яшчэ год. Пажывем — пабачым.

    Ірына, Літва: «Я засвоіла пару дзясяткаў слоў па-літоўску, але, уласна, усё маё жыццё – беларускі парадак дня»

    Напрыканцы ліпеня 2021 года Ірына ўзяла водпуск і паехала на адпачынак у Вільню. У той самы час пачаліся рэпрэсіі ў дачыненні медыя, дзе яна працавала.

    — Я не планавала выязджаць надоўга, а ў выніку з адным маленькім чамаданчыкам апынулася ў эміграцыі, — успамінае Ірына. —  Вяртацца было небяспечна. Думала неяк перачакаць. Тады ў канцы лета і на пачатку восені ў замежжы праводзіліся розныя адукацыйныя праграмы для журналістаў. І я вырашыла прымаць у іх удзел, пакуль нешта высветліцца з вяртаннем у Беларусь. Пасля некалькіх месяцаў такога вандравання стала зразумела, што вяртацца нельга.

    Але ж і вандраваць з праекта на праект таксама немагчыма. Давялося ўладкоўвацца ў Вільні.

    — Восенню я ўжо арэндавала кватэру і пачала звыкацца з новым жыццём у рэжыме свайго медыя. У першы час мне было складана ўсё, нават прызвычаіцца да жылля, дзе я на птушыных правах. Ніяк не пакідала думка, што хутка вярнуся дадому.

    Старалася не абжывацца рэчамі, якія быццам усё роўна давядзецца пакідаць. У такім чаканні жыла вельмі доўга.

    Але час ідзе, да ўсяго прывыкаеш. Неяк купіла кубкі ў сваё новае жыллё, бо тыя, што меліся, мне не падабаліся. З таго і пачалося асэнсаванне, што я тут не на тыдзень, і не на месяц, трэба працаваць і жыць далей. Зараз ужо і Вільня здаецца не такой чужой, паціху з’явіліся любімыя месцы і маршруты ў горадзе. Вільня — гасцінны горад, ён лёгка прымае людзей.

    Праз год жыцця ў Вільні Ірына адчувае, што ўласна і не жыла за мяжой.

    — Падчас кавіда наша рэдакцыя працавала дыстанцыйна. Тое ж працягваецца і цяпер. Праца анлайн у кавідны час стала новай «нармальнасцю», і беларусы выйшлі з пандэміі з гэтым навыкам. Уся каманда медыя, з якім я супрацоўнічаю, працуе дыстанцыйна і зараз — хто з Беларусі, хто з іншых краін. Таму няма ніякай розніцы, хто і дзе знаходзіцца фізічна. Увесь апошні год я пражыла ў беларускай інфармацыйнай бурбалцы, толькі і розніца, што зараз у мяне з вакна відаць Вільня, а не мой родны беларускі горад.

    На думку журналісткі, інтэграцыі ў яе не адбылося:

    — Я засвоіла пару дзясяткаў слоў па-літоўску, назваў некалькіх вуліц Вільні, але, уласна, усё маё жыццё — беларускі парадак дня. Усе мае знаёмствы — гэта беларусы, большая частка з іх — мае калегі.

    Па словах Ірыны, беларусы, якія аселі ў Вільні пасля 2020 года, трымаюцца адзін аднаго, дзеляцца нейкімі лайфхакамі, ладзяць імпрэзы, арыентаваныя на беларускую суполку. Таму класічнай эміграцыі з інтэграцыяй у літоўскі соцыюм пакуль не атрымалася.

    — Ды й моцнага жадання на такую інтэграцыю пакуль няма. Калі б я сама вырашыла, што хачу жыць за мяжой, і пераехала, — гэта была б іншая справа. Што тычыцца маіх планаў на будучыню, то яны толькі працоўныя. Ёсць праца, якая павінна рабіцца, ёсць нейкія запланаваныя паказчыкі, ёсць людзі, пра якіх трэба клапаціцца, ёсць у рэшце рэшт прафесійнае развіццё, якое трэба захоўваць і ўдасканальваць. Усё гэта трэба рабіць, як бы цяжка не было. А далей — як будзе, так будзе, — кажа Ірына. І дадае:

    — Для сябе, як фізічнай асобы, шчыра кажучы, я не планую нічога. Хочаш насмяшыць Бога — раскажы яму пра свае планы. Мне здаецца, што там на нябёсах ужо абрагаталіся з беларусаў. Не хочацца больш смяшыць.

    Псіхолаг Марына Чыжык: «За эміграцыю трэба плаціць — псіхічным і фізічным здароўем»

    — Падзеі апошніх двух гадоў падштурхоўваюць людзей да эміграцыі. З’язджаюць, як правіла, адважныя, валявыя і рашучыя людзі. Пра іх кажуць: «Яны з’ехалі» і як бы ставяць кропку ў іх біяграфіі на роднай зямлі. Кажуць з розным адценнем: шкадавання, раздражнення, суму, зайздрасці.

    Эмігранты, перасяленцы прайшлі першы этап — адважыліся з’ехаць. Але вось зараз і пачынаецца самае цікавае і непазбежнае — адаптацыя.

    Прасцей кажучы, гэта прыстасаванне чалавека да ўмоў, якія змяніліся. Новае ўсё: паветра, клімат, жыллё, харчаванне, месца жыхарства, вучоба, праца. Змена кола стасункаў.

    Паспрабуйце змяніць працу — атрымаеце стрэс, але ён кампенсуецца звыклымі сябрамі, хатай, кліматам. А тут змяняецца адразу ўсё. За эміграцыю трэба плаціць — псіхічным і фізічным здароўем.

    Людзі праходзяць некалькі этапаў адаптацыі ў чужой культуры і асяродку.

    1. Турыстычны этап. Знаходжанне ў стане цікавасці і эйфарыі ад новай культуры, традыцый, карцінак вакол. Адчувае чалавек сябе турыстам, якому ўсё ў навіну. Доўжыцца такі этап ад тыдня да трох месяцаў.

    2. Перыяд расчаравання. Прыстасаванне да побыту, змена працы, нярэдка і перавучванне, паніжэнне сацыяльнага статусу, моўныя бар’еры, падрабязнае і дэталёвае вывучэнне законаў, асаблівасцяў. Пачынаецца параўнанне з радзімай, падаецца, што на новым месцы ўсё не зусім лагічна, няправільна. Паступова пачынаюць спадаць «ружовыя акуляры». І тут як каму пашчасціць.

    Калі чалавек стрэсаўстойлівы, не прад’яўляе завышаных патрабаванняў да сябе і іншых, адэкватна глядзіць на рэчы, тады адаптуецца на працягу 1–2 гадоў.

    А калі ён марыў ідэалізаваць жыццё, патрапіць у казку і ў адзін момант палепшыць усе сферы жыцця, то, хутчэй за ўсё, нуда па Радзіме можа гнясці некалькі гадоў. Менавіта ў гэты перыяд многія вяртаюцца.

    3. Перыяд прыняцця. З’яўляецца адчуванне ўпэўненасці, цікавасці да жыцця ў гэтай краіне, пашыраецца кола знаёмстваў, ёсць магчымасць выбару працы ці лепшага месца жыхарства ўнутры краіны, нуда па Радзіме становіцца ледзь прыкметнай.

    4. Этап бікультуралізму. Адбываецца зліццё дзвюх культур — сваёй і чужой. Цяжкасці больш не палохаюць, яны вырашаюцца спакойна і без стрэсу. Туга па Радзіме адсутнічае, застаюцца толькі аддаленыя ўспаміны, як быццам у іншым жыцці.

    Вы збіраецеся ці толькі што эмігравалі… Што трэба зрабіць? Парады

    1. Узважце ўсе «за» і «супраць», прадумайце свае магчымасці. Чым прадыктаванае жаданне пераехаць: неабходнасцю або капрызам, станам панікі, страху, цікавасці або зайздрасці да таго, што «шматлікія з’язджаюць»? Пераезд — сур’ёзны стрэс.

    2. Падрыхтуйцеся. Вы павінны ведаць, куды вы едзеце, праверыць інфармацыю пра працу, клімат, месца пражывання, умовы бяспечнага выезду за мяжу. Добра, калі на новым месцы ёсць надзейныя людзі (сябры, сваякі), якія дапамогуць, падкажуць. Адна справа — паехаць да сяброўкі, якая мае магчымасць уладкаваць вас на працу і дапамагчы фінансава першы час. Зусім іншае — сабрацца за некалькі гадзін і прыляцець на першым жа самалёце, кінуўшы ўсё.

    3. Хваліце сябе за малыя дасягненні. За дзень зроблена адна важная справа — ужо добра.

    4. Дазвольце сабе сумаваць, злавацца, адчуваць віну, бяссілле, адзіноту, нуду па сябрах і радзіме — гэта нармальна. Памятайце, што гэта адзін з этапаў адаптацыі, на які сыходзіць шмат энергіі.

    5. Шукайце супольнасці і групы па інтарэсах, разам пераадольвайце моўныя бар’еры. Гэта своеасаблівыя дыяспары. Веданне мовы надае ўпэўненасці, таму давядзецца прыкласці нямала высілкаў, каб ліквідаваць яе.

    6. Не адмаўляйцеся ад новых знаёмстваў, прыглядайцеся да суседзяў, калег. Знаходжанне ў ізаляцыі не вырашыць праблему адаптацыі. І няхай не заўсёды і не вельмі хочацца, але на спробы людзей вам дапамагчы трэба рэагаваць станоўча, бо культура будзе асвойвацца хутчэй, а пачуццё ізаляцыі будзе заглушацца.

    7. Не забараняйце сабе новыя захапленні: маляванне, плаванне, фатаграфія. Часта захапленні дазваляюць хутчэй адаптавацца і знайсці аднадумцаў.

    8. Надавайце час здароўю, выпрацаваўшы рэжым. Акліматызацыя, абвастрэнне хранічных захворванняў вельмі верагодныя ў перыяд адаптацыі.

    9. Падтрымлівайце сувязь з роднымі, блізкімі. Многія адчуваюць віну за ад’езд перад бацькамі, дзецьмі.

    10. Успрымайце ўсё, што адбываецца, як вопыт і развіццё. Нават калі не атрымаецца і давядзецца вярнуцца —- гэта выпрабаванне сябе на трываласць, выжыванне, магчымасць прыстасавацца. Погляд на свет з іншага ракурсу можна разглядаць як самаразвіццё і самапазнанне.

    Чытайце яшчэ: 

    «Расчаравалася ў працы міжнародных інстытутаў»: як Сабіна Аліева змяніла юрыспрудэнцыю на журналістыку

    «Зялёны партал» перастаў адкрывацца ў Беларусі

    Аліна Коўшык праз 15 гадоў працы на «Белсаце» сыходзіць з тэлеканала

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці