• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З 24 лютага беларусы сталі менш давяраць сацсеткам і Telegram-каналам. Вынікі даследавання па лічбавай бяспецы беларусаў

    Беларусы давяраюць пошце і сайтам дзяржпаслуг. БАЖ сабрала самыя цікавыя пытанні з прэзентацыі даследавання беларускай інтэрнэт-аўдыторыі ад Digital Skills Coalition Belarus. Адказы могуць сведчыць не толькі пра ўзровень лічбавай адукаванасці беларусаў, але і пра ўзровень даверу да дзяржаўных органаў і міліцыі.

    Цікавы факт: толькі 49% апытаных беларусаў лічаць, што па тэлебачанні можна ўбачыць фэйкавыя навіны! Аўтары даследавання кажуць, што астатняя аўдыторыя «патэнцыйна з’яўляецца спажыўцамі прапаганды».

    Гэта не ўсе цікавыя лічбы новага даследавання, якое было праведзена ўлетку сярод 1002 беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў. З дапамогай праграмы ў інтэрнэце апытвалі беларусаў ва ўзросце ад 18 да 74 гадоў. Большасць апытаных (45%) — з вышэйшай адукацыяй. Аўтар даследавання – медыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч з Dig­i­tal Skills Coali­tion. 
    «Узровень даверу да атрыманай інфармацыі —  95%, узровень памылковасці — 3%», — кажа Дарашкевіч.

    Якім крыніцам інфармацыі беларусы не давяраюць?

    У лідарах — сацыяльныя сеткі (58%).

    Аўтары даследавання кажуць, што ў мінулыя гады беларусы не давяралі інфармацыі, атрыманай з тэлевізара. Цяпер гэта крыніца апусцілася на другое месца і займае адзін радок з тэлеграм-каналамі (у абодвух па 49%).

    Міхаіл Дарашкевіч сцвярджае, што такім чынам сітуацыя змянілася пасля вайны: менавіта з лютага беларусы сталі менш давяраць сацсеткам і тэлеграм-каналам.

    А каму ж давяраюць?

    Топ‑3 выглядае так:

    1. Радыё (толькі 22% апытаных разлічваюць, што іх там могуць падмануць)

    2. Сябры і сваякі (інфармацыі, атрыманай з такіх размоў, не вераць 23%)

    3. Газетам і часопісам (траціна апытаных думаюць, што там не друкуюць ілжывую інфармацыю).

    Падвоху ад інфармацыі, атрыманай з YouTube, чакаюць 35% апытаных.

    Навошта ўвогуле беларусам інтэрнэт?

    65% выкарыстоўваюць яго для пошуку інфармацыі.

    Цікавая розніца ва ўзростах: 76% людзей, старэйшых за 54 гады, выкарыстоўваюць інтэрнэт для пошуку інфармацыі, а вось сярод тых, хто маладзейшы за 24 гады, такіх 53%.

    Пры гэтым, у 4 разы больш маладых людзей выкарыстоўваюць інтэрнэт для творчай самарэалізацыі, чым тых, хто старэйшы за 54 гады.

    Лічба, якая, бадай, не здзівіць беларусаў: для свабоднага выказвання свайго меркавання інтэрнэт выкарыстоўваюць толькі 11% карыстальнікаў, а вольнай прасторай яго лічаць 13% апытаных.

    Мужчыны і жанчыны карыстаюцца інтэрнэтам з рознымі мэтамі?

    Так.

    Да прыкладу, мужчын, якія зарабляюць з дапамогай інтэрнэту, на 9% больш (59% супраць 50%). Больш мужчын у інтэрнэце шукаюць інфармацыю і абменьваюцца ведамі.

    А вось жанчын, якія творча самарэалізуюцца ў сетцы, — на 8% больш (19% супраць 11%).

    Куды будуць звяртацца ў выпадку выцеку інфармацыі?

    30% мужчын пойдуць у міліцыю.

    Сярод жанчын такіх — 21%.

    Больш за ўсё карыстальнікаў, якія звернуцца па дапамогу менавіта ў МУС сярод узроставай катэгорыі ад 35 да 44 гадоў. Менш за ўсё міліцыі давяраюць маладыя людзі да 24 гадоў і людзі старэйшыя за 54 гады.

    Большасць жа беларусаў пойдзе за дапамогай да знаёмых спецыялістаў.

    Наколькі наогул пытанне бяспекі ў інтэрнэце хвалюе беларусаў?

    Даўно вядома, што пры карыстанні інтэрнэтам, мы пакідаем вялізарную колькасць інфармацыі, якая можа быць выкарыстана супраць нас. У апошнія два гады гэта актыўна практыкуюць беларускія праваахоўныя органы. Аднак жа сурʼёзна хвалюе гэта толькі 43% апытаных.

    Большасць беларусаў ці ніколі не задумваліся пра тое, як можа быць выкарыстаная іх асабістая інфармацыя, альбо задумваліся, але вырашылі, што гэта не занадта сурʼёзная праблема.

    Зусім не турбуюцца за сваю лічбавую бяспеку — 6%.

    Якімі інструментамі абараняюць сябе?

    Большасць — за VPN-сэрвісы (51% мужчын і 45% жанчын).

    Наступны па папулярнасці адказ: нічога не выкарыстоўваем для абароны! Так адказалі 27% мужчын і 29% жанчын.

    Аўтары даследавання адзначаюць, што папулярны ў 2020 годзе Psiphon, з дапамогай якога блізу 2,5 млн беларусаў абыходзілі блакаванне інтэрнэту, цяпер страціў пазіцыі. Ім карыстаюцца 18% і 14% жанчын.

    Ці лічаць беларусы сябе адукаванымі ў лічбавай бяспецы?

    58% мужчын лічаць свой узровень сярэднім, жанчын — на 6% менш.

    У той жа час жанчын, якія лічаць свой узровень нізкім, на 4% больш (23% мужчын і 27% жанчын).

    «Існуе гендарны дысбаланс у гэтым пытанні», — кажа Міхаіл Дарашкевіч. І адзначае, што хоць у цэлым жанчын, якія карыстаюцца інтэрнэтам больш, але ж лічба тых, хто надае увагу лічбавай бяспекі і тэхнічнай частцы карыстання сецівам, не такая вялікая.

    «Таму падтрымка жанчын у кібербяспецы, у тэхналогіях — гэта адзін з прыярытэтаў у галіне павышэння лічбавых навыкаў», — адзначае Дарашкевіч.

    Нулявым свой узровень адукаванасці назвалі 3% мужчын і 4% жанчын.

    Пры гэтым лічба жанчын і мужчын, якія лічаць, што ім патрэбныя дадатковыя веды для абароны – прыблізна аднолькавая (62% і 61%)

    Якія месцы ў інтэрнэце беларусы лічаць бяспечнымі?

    Высокі ўзровень даверу да дзяржаўных сайтаў паслуг — толькі 16% мяркуюць, што на гэтых сайтах могуць выкрасці іх асабістую інфармацыю.

    І самы высокі ўзровень даверу да паштовых сэрвісаў (толькі 13% чакаюць ад іх падвоху).

    Часцей за ўсё інтэрнэт-карыстальнікі адчуваюць сябе ў небяспецы пры карыстанні сайтамі, на якіх мусяць рэгістравацца (42% апытаных лічаць, што ў гэтым выпадку іх асабістая інфармацыя можа быць выкарыстаная супраць іх).

    Што лічаць важным пры карыстанні інтэрнэтам?

    80% — за абарону персанальных дадзеных.

    «Калі параўноўваць з 2016 годам, то колькасць людзей, якія лічаць важнымі гэты пункт, вырасла. Раней на першым месцы была ўстойлівасць і надзейнасць у карыстанні. Такія змены можна звязаць з Законам аб абароне персанальных дадзеных, прынятым у мінулым годзе», — кажа Міхаіл Дарашкевіч.

    Якія навыкі ў карыстанні інтэрнэтам самыя запатрабаваныя?

    У лідарах — уменні знаходзіць інфармацыю і абараніць свае персанальныя дадзеныя.

    Але зноў жа зʼяўляюцца разыходжанні ў гендары і ва ўзросце.

    Напрыклад, большасць мужчын (62%) лічаць самым важным уменнем здольнасць знаходзіць інфармацыю. Жанчын сярод гэтай катэгорыі — 54%.

    Затое больш жанчын (на 4%) сярод катэгорыі, якая лічыць важным уменне ствараць кантэнт.

    Актыўней за ўсіх у гэтым пытанні — карыстальнікі маладзейшыя за 24 гады. 

    А вось уменне крытычна ацэньваць знойдзеную інфармацыю лічаць важным 41% мужчын і 38% жанчын. Па ўзростах тут істотных адрозненняў няма, хоць менш за ўсё карыстальнікаў, якія лічаць гэты пункт важным, аказалася сярод людзей малодшых за 24 гады.

    Ці падтрымліваюць беларусы ідэю рэгуляваць працу інтэрнэту?

    Тут на выбар прапаноўваліся два меркаванні. Большасць (87%) сышліся на тым, што неабмежаваны доступ да інтэрнэту робіць нас больш інфармаванымі і актыўнымі грамадзянамі.

    13% лічаць, што гэта падзяляе нашу краіну і ўрад мусіць кантраляваць, хто і як выкарыстоўвае сетку.

    Хто павінен каардынаваць працу інтэрнэту ў Беларусі?

    Большасць апытаных (55%) сышліся ў меркаванні, што гэта задача ўсіх зацікаўленых бакоў.

    Але хто ж у спісе гэтых зацікаўленых?

    19% — за ўрад і дзяржаўныя органы.

    За прафесійных юрыстаў — 18%.

    Грамадскія і міжнародныя арганізацыі — па 16% кожная.

    Пры гэтым 60% беларусаў не ведаюць ніводнай міжнароднай арганізацыі, якая працуе ў галіне інтэрнэт-кіравання.

    Чытайце яшчэ:

    Будні прафанацыі: як “саўбелаўскія” прапагандысты сталі хэдлайнерамі Дня беларускага пісьменства

    Журналістка Дар’я Чульцова выйшла на волю пасля амаль 2 гадоў калоніі

    Аліна Стэфановіч: Мой муж — палітвязень у Беларусі, я пераехала ў Батумі з трыма дзецьмі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці