Яшчэ адзін беларус атрымаў Нобель! Факты пра Алеся Бяляцкага
Праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі стаў сёлетнім ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. 25 верасня за кратамі ён адзначыў сваё 60-годдзе. "Радыё Свабода" сабрала асноўныя факты пра ляўрэата і цытаты калег да ягонага юбілею.
Хто такі Алесь Бяляцкі
-
Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
-
У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
-
Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
-
У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
-
У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
-
З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
-
У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
-
У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
-
4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
-
21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
-
За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
-
Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
-
Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой».
-
14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
-
Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
-
Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
Свабода пагаварыла з калегамі Алеся Бяляцкага, якіх ён далучыў да праваабарончай дзейнасьці.
«Людзі глядзелі на яго як на маральны аўтарытэт, чые каштоўнасьці бясспрэчныя»
Праваабаронца Дар’я Рублеўская кажа, што спачатку пазнаёмілася з кнігамі Алеся Бяляцкага. І пасьля прачытаньня гэтых кніг, як прызнаецца дзяўчына, ёй маляваўся партрэт чалавека вельмі змрочнага, абцяжаранага досьведам працяглай барацьбы, пастаяннага змаганьня.
«А калі я першы раз прыйшла ў „Вясну“, Алесь Віктаравіч выйшаў з кубкам, на якім была намаляваная лялькі „Барбі“, і вельмі цёпла размаўляў са мной. Мы доўга гаварылі пра каштоўнасьці. Ён запытаўся, адкуль я, чаму размаўляю па-беларуску і калі адважылася на гэта, шмат распытваў пра сям’ю. І дагэтуль у сваіх лістах заўсёды пытаецца пра гэта.
Для мяне ён ніколі ня быў босам у такім клясычным разуменьні, як у сур’ёзных камэрцыйных ці вэртыкальна пабудаваных структурах. Для мяне ён быў чалавекам, да якога прыходзіш па пэўную параду. Сам ён ніколі не дае парады, калі ты ня просіш. Але яго погляды на некаторыя рэчы былі вельмі каштоўныя, і гэтага зараз вельмі не хапае», — кажа Дар’я Рублеўская.
Яна працуе ў «Беларускай праваабарончай школе», дзе моладзь навучаюць правам чалавека. Ад пачатку заснаваньня гэтай ініцыятывы Алесь выкладаў на розных курсах, ён расказваў пра гісторыю дысыдэнцкага руху, пра структуру беларускіх праваабарончых арганізацый.
«Але, натуральна, ён ня толькі сваімі лекцыямі ўплываў на людзей, гэта было заўважна — людзі глядзелі на яго як на маральны аўтарытэт, чые ўнутраныя каштоўнасьці проста бясспрэчныя. Людзі станавіліся ў чэргі, каб падпісаць кніжкі, каб даведацца, як ён перажываў ранейшы турэмны досьвед, якія ў яго творчыя пляны.
Для мяне ён застаецца, нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце, досьвед, перажытае, — вельмі энэргічным, бадзёрым, і галоўнае — крэатыўным і творчым чалавекам».
Дар’я яшчэ ўзгадала, як у 2020 годзе, калі пачаліся масавыя пасадкі людзей яшчэ па адміністрацыйных справах, маладыя праваабаронцы заснавалі ініцыятыву «Майстэрня паштовак салідарнасьці» і пісалі лісты і палітвязьням, і тым, хто трапіў у ЦІП на суткі.
«Алесь быў ідэйным натхняльнікам, ён заўсёды гаварыў пра важнасьць такой падтрымкі, пра важнасьць салідарнасьці найперш празь лісты і паштоўкі. Таму, што б ні здарылася, падобнай дзейнасьці нельга пакідаць. Алеся Віктаравіча вельмі не хапае ў камандзе», — кажа праваабаронца Дар’я Рублеўская.
«Калі нешта здараецца, ён вельмі спакойна і цьвяроза ацэньвае, што трэба рабіць»
Алесь Буракоў, праваабаронца «Вясны», пазнаёміўся з Алесем Бяляцкім, калі той толькі выйшаў з Бабруйскай турмы і прэзэнтаваў у Магілёве сваю кнігу «Іртутнае срэбра жыцьця». У 2015 годзе трапіў на сустрэчы з праваабаронцамі «Вясны».
«Алесь Віктаравіч падаўся вельмі грунтоўным. Такія людзі ўражваюць. Вельмі падкупляла прастата ў камунікацыі. Ён чалавек, якога вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру, ён сымбаль праваабарончага руху, такая велічная постаць, але так проста размаўляў, лёгка дзяліўся простымі, побытавымі рэчамі з калегамі, як ён можа паехаць да сябе ў вясковую хату, штосьці там рабіць. І пра гэта ён расказваў вельмі цікава!
Таксама мяне вельмі ўражвае, як ён ставіцца да цяжкасьцяў, што тычацца прафэсійнай дзейнасьці. У Бяляцкага ёсьць магія навучаць людзей, якія побач зь ім, не рэагаваць эмацыйна на праблемы. То бок, калі нешта здараецца, ён вельмі спакойна і цьвяроза ацэньвае, што трэба рабіць.
Для мяне гэта быў вельмі карысны ўрок: любую праблему самага вышэйшага ўзроўню можна вырашыць зь мінімальнымі нэрвовымі затратамі», — кажа Алесь Буракоў.
«Калі я асабліва востра адчуваю безнадзейнасьць, адчай, ня бачу сьвятла, — заўсёды згадваю Алеся»
Для праваабаронцы Дзіяны Пінчук Алесь Бяляцкі — яскравы прыклад адданасьці сваёй ідэі і прынцыпам.
«Менавіта ад Алеся Віктаравіча я зразумела, што такое каштоўнасьць Чалавека зь вялікай літары — тое, што стаіць у аснове канцэпцыі правоў чалавека. Таму цяпер, калі я асабліва востра адчуваю безнадзейнасьць, адчай, ня бачу сьвятла, заўсёды згадваю Алеся.
Гэты чалавек, нягледзячы на тое, што перашкодаў было больш, чым нейкіх спрыяльных умоваў, яшчэ ў 1996 годзе здолеў стварыць і захаваць вялікую праваабарончую арганізацыю „Вясна“, якая заўсёды была і застаецца не даспадобы беларускім уладам. Менавіта за дзейнасьць „Вясны“ ўтрымліваюць за кратамі Алеся і іншых праваабаронцаў», — перакананая Дзіяна.
Сам Алесь Бяляцкі заўсёды кажа, што калі б не каманда, не ідэйныя людзі побач, у яго не атрымалася б стварыць такую арганізацыю. І ён заўсёды асабіста апекаваўся кожным супрацоўнікам «Вясны», валянтэрам.
«Памятаю, што ў 2020–21 гадах, калі ў нас было надзвычай шмат працы, ён заўсёды знаходзіў час патэлефанаваць, запытацца, як у мяне справы, як я пачуваюся. Калі мне давялося пакінуць Беларусь і пераехаць ва Ўкраіну, ён таксама заўсёды зьвязваўся.
Таму для мяне цяпер вельмі важна, каб ён ведаў, што праваабарончая дзейнасьць працягваецца — у выглядзе працы „Вясны“, фіксацый парушэньня правоў беларусаў, падтрымкі палітвязьняў, прасоўваньня правоў чалавека нават у такіх проста немажлівых умовах і абставінах. Каб ён ведаў, што ідэя, за якую схавалі за краты праваабаронцаў, жыве і сёньня», — кажа Дзіяна Пінчук.
«Алесь працуе над новай кнігай успамінаў пра літаратурны музэй Багдановіча»
Праваабаронца Сяргей Сыс сябруе з Алесем Бяляцкім яшчэ са студэнцкіх гадоў — агулам больш за 40 гадоў. І, ведаючы цьвёрды характар калегі і сябра, пэдантычнасьць і настойлівасьць у дасягненьні мэтаў, перакананы, што і ў зьняволеньні ў чаканьні суду Бяляцкі не марнуе свой час.
«Лісты ад Алеся — вялікая рэдкасьць, перапіска амаль цалкам блякуецца турэмнымі цэнзарамі. Тым ня менш я ведаю, што Алесь працуе над новай кнігай успамінаў пра літаратурны музэй імя Максіма Багдановіча, дзе ён працаваў дырэктарам. Эсэ піша. Толькі вось невядома, ці зьберажэцца гэта ўсё.
Раней Бяляцкі свае кнігі, напісаныя ў турме, часткамі ў лістах перадаваў на волю. І мы часам калектыўна расшыфроўвалі вельмі цяжкі почырк Алеся».
Сяргей Сыс расказвае, што Алесь за кратамі шмат чытае, хоць выбар кніг у бібліятэцы СІЗА на «Валадарцы» ня вельмі багаты, і спадзяецца, што і ў тых кнігах сябра знаходзіць нешта для душы і розуму. Алесь акуратна ставіцца да свайго здароўя, з даступных прадуктаў вырабляе цікавыя стравы, дбае пра тое, каб хоць нейкія вітаміны былі.
«Прыкра, вядома, што столькі часу ён, як і іншыя нашыя сябры, за кратамі. Няволя — надзвычай цяжкае выпрабаваньне. Але перакананы, што Алесь з годнасьцю яго пройдзе», — перакананы Сяргей Сыс.
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 15 кастрычніка 2021 году за кратамі застаюцца 7 актывістаў «Вясны».
17 верасьня 2020 году затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі ад таго часу. Спачатку ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Потым дадаліся абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Таксама застаюцца зьняволенымі:
-
Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
-
Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
-
Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
-
Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
-
Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
-
Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
Чытайце яшчэ:
Лауреатом Нобелевской премии мира назвали Алеся Беляцкого
«Праўда — яна адна». Апошняе слова галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай
Белорусский расследовательский центр обжалует в суде признание его расследования экстремистскими материалами