• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Якія думкі, дзеянні і звычкі дапамагаюць дачакацца любімых

    Шок ад арышту блізкага змяняецца няспыннай трывогай за роднага чалавека. Непакоіць нявызначанасць будучыні і бездапаможнасць. Якія думкі, дзеянні, звычкі дапамагаюць чакаць? Па парады "Вясна" звярнулася да сваякоў беларускіх палітвязняў.

    Вольга Івашына чакае мужа Дзяніса

    Вольга не бачыла каханага чалавека ўжо год. І амаль паўгода сям’я пад негалоснай забаронай на перапіску. Журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына рэгулярна змяшчаюць у карцар, у яго нават здарыўся сардэчны прыступ.

    — Тут супакоіцца, канечне, складана. Трэба думаць, што ты можаш зрабіць. Высветліць свае пачуцці і эмоцыі дзеля таго, каб з імі змагацца, а не дзеля таго, каб імі кіравацца. Свой псіхалагічны стан ты можаш сам падтрымліваць, або сам жа і знішчаць. Штодзённыя клопаты пра сям’ю адцягваюць увагу. Пачынаеш займацца перадачамі, пасылкамі, лісты пішаш — гэта дапамагае не адчуваць, што ты нічога не можаш зрабіць.

    Вольга раіць настройвацца на пазітыўнае.

    — Можна праглядаць супольныя фотаздымкі, успамінаць пазітыўныя падзеі з жыцця. Спачатку я адмаўлялася будаваць бясплотныя планы на потым, цяпер часам дазваляю сабе падумаць пра момант вызвалення. Пытанне «за што?» бацькі сабе задаюць. Я разумею, што свет несправядлівы. То ў мяне пытанне «дзеля чаго?». Як я зразумела, гэта для ўмацавання нашага кахання. Што і адбылося.

    Вольга змагаецца за мужа ўсімі спосабамі: піша скаргі, нагадвае пра палітвязняў у СМІ, піша звароты ў міжнародныя структуры. Штодня прыкладна ў адзін час Вольга піша пост у Фэйсбуку пра мужа.

    — Мы з Дзянісам прыдумалі час супольнай малітвы. Такая духоўная сувязь, а іншай няма.

    Андрэй Шарэнда чакае жонку Паліну

    Паліна Шарэнда-Панасюк — брэсцкая актывістка, якую асудзілі да двух гадоў калоніі, а нядаўна на яе распачалі новую крымінальную справу. Паліна і ў зняволенні працягвае адстойваць свае правы, таму ціск на яе не спыняецца. Жанчыну спрабуюць часткова пазбавіць бацькоўскіх правоў.

    — Мы грамадскія актывісты, псіхалагічна мы былі гатовыя, што будуць затрыманні. На жаль, за краты патрапіў не я, а Паліна. Падтрымлівае тое, што мы ўпэўненыя ў нашай перамозе. Гісторыя паскараецца, час дыктатараў на фінішнай прамой. А яшчэ дапамагае каласальная падтрымка.

    — Трэба далей займацца сваёй працай, самаўдасканальвацца. Каб чалавек, які выйдзе з‑за кратаў, бачыў, што ён выйшаў у тое, што вырасла. І трэба часцей пісаць родным, іншым палітвязням, пачаць камунікацыю з іх роднымі. Не замыкацца ў сваім горы і наогул не лічыць гэта горам. Толькі разам мы можам гэта пераадолець. Трэба памятаць аб падзеях жніўня. Я ўпэўнены, што ўсе, хто сёння за кратамі, сапраўдныя героі.

    Яўген і Святлана (імёны змененыя) чакаюць дачку

    Іх дачка-студэнтка цяпер у гомельскай калоніі. Нягледзячы на жах сітуацыі для бацькоў, ў іх атрымліваецца бачыць станоўчае: у сям’і з’явілася асаблівая пяшчота ў адносінах, «яе пранізвае любоў».

    — Калі затрымалі маё дзіця, абрынулася ўся канструкцыя звыклага свету ў маёй галаве. Усе ранейшыя клопаты, праца, ежа губляюць ранейшы сэнс, — апісвае першыя месяцы Яўген. — Штораніцы прачынаешся і ўяўляеш, што адбываецца ТАМ. Прымяраеш на сябе. Страх: вось я дачцэ ўчора тэлефанаваў і ўсё было добра, але хто мне дасць гарантыю, што яна не патрапіла ў ШІЗА і з ёй не паўтараецца тое, што з Ашуркам?

    — Аднаго разу мне задалі пытанне: «За што нам гэта ўсё?», — працягвае Яўген. — Гэтак мы глядзім назад. Я лічу, калі сітуацыя крытычная, трэба іншае пытанне задаваць: «Навошта нам гэта ўсё, дзеля чаго?» — мы глядзім туды, куды нам трэба рухацца. Жыццё змянілася, трэба выбудоўваць яго нанова. Раней мне было гэта страшна. Цяпер я гатовы пачынаць з нуля.

    Святлана ўпэўненая, што «трымацца», хаваючы ўглыб свае эмоцыі, няправільна. Раіць паглядзець такі фільм, каб праз яго, а не на сваім хваравітым прыкладзе, выліць назапашанае.

    — Адкуль чэрпаць сілы, я не ведаю, але даводзіцца. Дзіця патрапіла ў бяду, ты не можаш сабе дазволіць быць слабым. Гэты клопат робіць чалавека мацнейшым, — адзначае Святлана.

    Яўген прызнаецца, што яны з дачкой абсалютна залежныя адно ад аднаго з узаемным пачуццём віны.

    — Усведамленне гэтага прымусіла мяне зразумець, што мы абавязаны кантраляваць свае эмоцыі, каб мы не баяліся абаперціся адно на аднаго.

    Ірына (імя змененае) чакае мужа

    Ейны муж за кратамі ўжо больш за год. Ніколі раней яны не расставаліся больш як на месяц. Ірына выдатна ведае, што на пачатку зняволення на яго ціснулі, адпраўлялі ў карцар, што ягонае здароўе і ўзрост дрэнна сумяшчальныя з турэмнымі ўмовамі. Жанчына спрабуе пераконваць сябе, што варта верыць фразам «усё нармальна» з мужавых лістоў.

    — Я былая спартоўка. Доўгую дыстанцыю бяжыш, і здаецца, няма сіл, але падумаеш: фініш жа ёсць. І адкрываецца другое дыханне, ці проста бярэш сябе ў рукі. Цяпер я часта адчуваю сябе на доўгай дыстанцыі. У мяне сістэмы ніколі не было, хоць цяпер спрабую выпрацоўваць, асабліва ў плане зарадкі і гігіенічных працэдур. Здаецца, ну навошта ўсё гэта? Не, трэба рухацца наперад абавязкова і трэба захаваць сваё здароўе, каб падтрымліваць мужа. Я ўвесь час думаю, што яму значна цяжэй за мяне, і гэта мяне выцягвае.

    Памочнікі Ірыны — дзеці і ўнукі. А яшчэ падтрымліваюць кнігі.

     Менавіта тыя, якія распавядаюць пра існаванне чалавека ў экстрэмальных умовах. Яшчэ чытаю сучасных беларускіх пісьменнікаў.

    Ірына вядзе дзённік, каб захаваць для мужа ўсё, што адбывалася ў сям’і без яго. У лістах дзеліцца ўражаннямі аб усім.

    — Не магу не дыхаць — гэтак я не магу не думаць пра мужа. Нават проста іду ў горадзе, думаю, як бы ён ацаніў гэты пейзаж.

    Ганна Канавалава чакае дачку Антаніну

    — У нас была відэасувязь з дачкой, і я яе хацела падтрымаць: «Дачушка, гэта хутка скончыцца». Яна мне сказала: «Мама, ужо два гады». Таму я ёй больш такое не кажу. Я лічу, на іх месцы павінна была быць я, таму што гэта наша пакаленне дазволіла ўсяму гэтаму развіцца ў краіне.

    Актывістка «Краіны для жыцця» Антаніна Канавалава апынулася ў няволі разам з мужам. Скупыя навіны з Гомелю несуцяшальныя: у Антаніны праблемы са здароўем, на яе ціснуць, яна прайшла праз атрад, які называюць «прэс-хатай». Каб дачка была ўпэўнена ў бяспецы сваіх дзяцей, Ганна з’ехала разам з унукамі за мяжу. Менавіта місія «трэба падымаць дзяцей» дазваляе Ганне не апускаць рукі.

    Адзін з метадаў ейнай барацьбы — нядзельныя акцыі ў падтрымку палітвязняў Беларусі, а цяпер і ў падтрымку Украіны. Ад магчымасці гучна казаць пра свой боль жанчыне робіцца лягчэй.

    Здароўе  і фізічнае, і псіхічнае — дапамагае падтрымліваць хадзьба. А колазварот клопатаў з двума маленькімі дзецьмі проста не пакідае часу і сіл на дадатковыя перажыванні.

    А яшчэ дапамагае ў чаканні нязменнае выкананне свайго прынцыпу «заўсёды заставацца чалавекам»: у доме Ганны Канавалавай спыняюцца беларусы, якія вымушаныя з’ехаць са сваёй краіны, а цяпер і ўкраінцы.

    Ксенія (імя змененае) чакае сястру

    Ейная сястра, нядаўняя студэнтка, цяпер у калоніі.

    — Калі мы жылі ў адной кватэры, у нас былі больш побытавыя ўзаемаадносіны, чым сястрынскае сяброўства, шмат крыўдаў было. І шмат пачуцця віны гэта ўсё выклікае, якое сыходзіць толькі з дзеяннямі. Я напішу ліст — і мне лягчэй.

    У гэтым выпрабаванні ёсць і станоўчыя моманты. Адносіны з сястрой, хоць яны маглі развівацца толькі праз ліставанне, зрабіліся цяплейшымі, напоўніліся эмпатыяй. З’явілася і чыста сімвалічная рэч, якая ўвесь час нагадвае пра сястру, — татуіроўка паводле ейнага малюнку.

    — Я разумею, што не падпадаю пад прынятае апісанне гераіні Беларусі — адпаведна, я адчуваю, што раблю недастаткова. Мне дапамагае нагадваць сабе, што ёсць сваё жыццё. Кожны перыяд жыцця трэба пражываць. У падвешаным стане ты не можаш прыняць ніякае рашэнне, пабудаваць сваю будучыню. І гэты стан уваходзіць у звычку. Я імкнуся нейкі адсотак дня прысвячаць толькі сабе. Я і займаюся сваім жыццём, і знаходжуся з сям’ёй.

    Яшчэ пераключацца Ксеніі дапамагаюць вандроўкі.

    Аліса (імя змененае) чакае мужа

    — Не варта адмаўляцца ад любой дапамогі, асабліва на першы час, калі ты ў поўнай разгубленасці. Не саромецца, успрымаць гэта з удзячнасцю.

    Аліса падкрэслівае: спачатку кіслародную маску трэба надзець на сябе:

    — Таму што, калі штосьці з табой будзе, будзе жахліва кепска ўсім, дзецям ў першую чаргу. Таму лішні адпачынак для сябе, добрая ежа, вітаміны. Як бы эгаістычна гэта ні гучала, але старацца моцна не ўнікаць у чужыя праблемы. Таму што рэдка хто ў такой сітуацыі мае настолькі шмат рэсурсаў. Цяжка радавацца, калі твой любімы чалавек у вязніцы, але нельга выкідаць гэты час са свайго жыцця і з жыцця чалавека. Спрабаваць весці такі самы лад жыцця, які быў да. Дарэчы, і муж казаў: «Калі ў вас усё добра, мне значна лягчэй тут і я не адчуваю такога моцнага пачуцця віны».

    Чаканне Алісы палягчае тое, што ейны муж на «хіміі», то бок штодня сям’я бачыць яго на экране тэлефона. Матывуюць не падаць духам дзеці. Рэгулярныя ўспаміны пра тату і планы на будучыню даюць ім нябачную прысутнасць бацькі.

    Аліса рыхтуецца да запаветнага дня сустрэчы, нават віно ўжо купіла.

    — Бываюць проста чорныя моманты роспачы, часам падаецца, што ты ніколі не ўбачыш гэтага чалавека. Я зразумела, што не варта ад гэтага ратавацца. Захлёствае — добра, я пабуду ў роспачы, страху, адзіноце. Столькі, колькі мне трэба, каб адпусціць гэта ўсё. Нармальна, што мне зараз так жахліва. Не трэба абясцэньваць. І я заўважыла, што акурат у гэты момант штосьці для мяне здараецца прыемнае.

    Каментар клінічнага псіхолага

    Клопат пра сябе і каштоўнасці

    — Можна раздзяліць стратэгіі герояў на дзве групы. Першая звязаная з клопатам пра сябе: паўнавартасны сон, рэгулярнае харчаванне і фізічная актыўнасць. Другую групу я б назвала каштоўнасна-маральнай. Гэта ўсё рэкамендацыі, злучаныя з пытаннямі «дзеля чаго гэта ўсё?», «як гэта нас робіць мацнейшымі?» — «гэта ўмацоўвае нашу сям’ю», «я змагла пабачыць сястру з іншага боку». Немагчыма думаць пра каштоўнасці, калі ты не спаў, не еў і ў цябе абвастрыліся ўсе захворванні. Але калі ўся дзейнасць чалавека зводзіцца да падтрымання сябе фізічна, гэтага недастаткова, каб працягваць жыць.

    Вядомая фраза «калі ведаеш навошта, то можна вытрымаць любое як». Нічога новага чалавецтва не прыдумала, акрамя як надання сэнсу таму, што адбываецца.

    Захрасаць у думках, між чатырох сцен, у адным коле зносін, у мінулым знясільвае. Некалькі герояў адзначаюць, што карысна падтрымліваць сувязь са сваякамі іншых палітвязняў, дапамагаць іншым людзям. Трэба імкнуцца разнастаіць штодзённыя руціны. Важныя рытуалы, такія як сумесная малітва ці вядзенне дзённіка. Наданне ім сэнсу робіць іх крыніцай энергіі. Дакладна гэтак жа негатыўныя рытуалы могуць пазбаўляць энергіі, такія як празмерны прагляд навін ці пракручванне ў галаве адных і тых жа думак.

    Адваяваць кантроль над сваім жыццём

    — Пенітэцыярная сістэма накіравана на разбурэнне суб’ектнасці — яна адбірае ў нас адчуванне, што мы штосьці кантралюем і на штосьці можам уплываць. Пачуццё бездапаможнасці — натуральная рэакцыя. Але з ім можна змагацца. Усе героі згадваюць дзеянне як лекі ад бяссілля. Чым больш у чалавека інструментарыя, з дапамогай якога ён вяртае сабе кантроль, тым лепш ён пераадольвае гэтае выпрабаванне.

    Самы просты і відавочны спосаб — гэта перадачы, лісты, пасылкі. Камусьці дапамагае чытаць Рэмарка, Алексіевіч і Салжаніцына, таму што чалавек актыўна пераасэнсоўвае гістарычнае мінулае і адчувае: праблема ў тым, што шматлікія пакаленні гэтага не рабілі. Для кагосьці вяртанне суб’ектнасці — гэта паход на Камароўку ў той час, у які ён прызвычаіўся, па тыя прадукты, якія ведае. Для кагосьці гэта рытуалы накшталт дзённіка: «у майго мужа адабралі магчымасць назіраць, як расце сын, але я праз дзённік яе вяртаю». Добры спосаб вяртання кантролю над сваім жыццём — дапамагаць іншым.

    Віна vs адказнасць

    — Дакаранне сябе тым, што ўсё магло быць інакш ці што «я недастаткова пакутую», нас прыводзяць да пачуцця віны. Можа з’явіцца стратэгія пакарання сябе, паводле якой «майму блізкаму дрэнна — тады і мне радавацца нельга», каб гэтую пакуту параўнаваць. Гэтая логіка прыводзіць да ўзмацнення пачуцця віны. І абсалютна дакладна нашаму блізкаму ў турме не робіцца ад гэтага лепш.

    Пачуццё віны да канца ніхто не можа пераадолець. Але яго важна пераводзіць у катэгорыю адказнасці. Само паняцце віны звязанае з катэгорыямі «адназначна правільны» — «адназначна няправільны», у той час як катэгорыя адказнасці прадугледжвае адценні і арыентацыю на будучыню. Дзеянні, накіраваныя ў будучыню, — адны з самых эфектыўных. Людзі перастаюць сябе вінаваціць і бяруць на сябе адказнасць за тое, што яны далей робяць са сваім лёсам.

    Што рабіць, калі накрываюць эмоцыі?

    — Гэта нармальна, што мне сумна без любімага чалавека, што ў мяне перыядычна разрываецца сэрца. Дазваляць сабе пабыць у гэтых эмоцыях, але не захрасаць у іх — гэта разумны падыход. Пры гэтым Яўген робіць вельмі мудрую заўвагу: «Мы абавязаны кантраляваць свае эмоцыі, каб мы не баяліся абаперціся адно на аднаго». Забараняць эмоцыі, ніколі іх не паказваць — дрэнная стратэгія, яна прыводзіць да назапашвання і непазбежнага зрыву «накрыўкі ў кацялка». Але Яўген кажа пра адказны падыход, я ў ягонай фразе чую далікатнасць і клопат. З аднаго боку — даваць эмоцыям прарвацца час ад часу, а з іншага — рабіць гэта так, каб нікога побач не знесла.

    Калі няма каму выгаварыцца…

    — Добры варыянт — чытаць кнігі, якія закранаюць маральна-этычныя праблемы, праблемы справядлівасці, пакуты, накіраваныя на рэфлексію рэпрэсій, войны і г. д. Знайсці сабе годнага суразмоўцу ў асобе аўтара ці персанажа і як бы весці дыялог з ім у сваім дзённіку. Калі ніхто не падтрымлівае, лагічна звярнуцца да спецыяліста.

    Якія сімптомы кажуць, што час звярнуцца да псіхолага?

    — Любыя віды захрасання на чымсьці: дакучлівае пачуццё віны ці неадчэпныя эмоцыі і думкі. Страта канцэнтрацыя ўвагі, страта сну, апетыту, працаздольнасці. Адчуванне згубы сэнсу. Цяга да непрадуктыўных спосабаў даць рады эмоцыям, кшталту алкаголю, любыя перакосы, як запойны працагалізм ці безагляднае прысвячэнне сябе дзецям.

    Чытайце яшчэ:

    Як перажыць ізаляцыю ў адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў

    Как родным политзаключенных подготовиться к свиданию в месте лишения свободы

    Рассказываем: почему специалисты по безопасности не рекомендуют пользоваться телеграмом?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці