• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Які месенджар самы бяспечны для аўдыя- і відэавыклікаў

    Які месенджар з’яўляецца найбольш бяспечным для аўдыя- і відэавыклікаў і як максімальна засцерагчы сябе пра размове па тэлефоне? Адказвае «Байпол».

    Viber

    Прадстаўнік ByPol Мацвей Купрэйчык найгоршым месенджарам з пункту гледжання бяспекі называе Viber. Таму ён раіць ім не карыстацца.

    Суразмоўца кажа, што пры патрэбе беларускія сілавікі з ААЦ могуць атрымаць доступ да аўдыявыклікаў, зробленых праз Viber.

    «Раздрукоўкі такіх выклікаў яшчэ ў 2019 годзе мне дэманстравалі супрацоўнікі ААЦ, калі яны вялі распрацоўку пэўных людзей. У гуку, выкладзеным на паперу, было пазначана, што выклік быў зроблены праз Viber з такога нумара на такі, і далей ішла раздрукоўка размовы па тэксце», — кажа Купрэйчык.

    Па ягоных словах, прынамсі супрацоўнікі ААЦ мелі магчымасці праслухоўваць выклікі і адсочваць геалакацыю праз Viber.

    У рэйтынгу расійскай кампаніі Artezio Viber займае пятае месца з сямі самых бяспечных месенджараў. 

    WhatsApp

    Сітуацыя з бяспекай пры размове праз What­sApp значна лепшая, чым у Viber, але без хібаў не абышлося. 

    «Ёсць пэўная сістэма, якой карыстаюцца супрацоўнікі КДБ і ААЦ, каб сачыць за выклікамі. Яна дазваляе ім бачыць сам факт таго, што выклік быў зроблены, але без дадатковага спецыяльнага софту яны не змогуць праслухаць выклік. У іх будзе толькі інфармацыя пра тое, што той чалавек размаўляў з іншым праз What­sApp.

    Гэта адбываецца, калі патрэбны ім чалавек знаходзіцца ў распрацоўцы і ў іх ёсць спіс ягоных кантактаў. Такі спіс яны, напрыклад, маглі атрымаць праз той жа Viber. Такім чынам яны будуць бачыць, што вы і ваш суразмоўца з вашай тэлефоннай кнігі адначасова выходзілі на сувязь праз гэты месенджар, і ўжо далей будуць працаваць, абапіраючыся на гэтую інфармацыю», — тлумачыць Купрэйчык. 

    Праўда, у згаданым вышэй рэйтынгу What­sApp займае ажно сёмае месца.

    Telegram, Signal, FaceTime

    Найбольш бяспечнымі месенджарамі для аўдыя- і відэавыклікаў лічацца Telegram, Sig­nal і айфонаўскі Face­Time. У рэйтынгу Artezio на першае месца па ўзроўні бяспекі ставяць менавіта Sig­nal.

    Па словах байполаўца, яны не маюць такіх хібаў, якія ёсць у Viber i What­sApp, таму атрымаць звесткі пра змест выклікаў без дадатковага праграмнага забеспячэння немагчыма. 

    Што тычыцца шкоднага ПЗ, то яно ў першую чаргу з’яўляецца на прыладзе менавіта пасля таго, як ваш гаджэт апынецца ў руках сілавікоў.

    «Напрыклад, калі чалавека выклікаюць на размову ў міліцыю ці КДБ, то ягоны тэлефон пакідаюць у адмысловую ячэйку, дзе ён мусіць знаходзіцца і яго нібыта ніхто не будзе чапаць. Але па факце, калі ім трэба, то возьмуць яго і за гэты час, што вы будзеце размаўляць з супрацоўнікамі, усталююць схаваны софт, які дазволіць ім у будучыні праслухоўваць усе вашы выклікі, рабіць скрыншоты паведамленняў і фіксаваць іншую вашу дзейнасць», — кажа прадстаўнік ByPol.

    Пасля наведвання міліцыі, КДБ, ААЦ ці іншай установы, дзе неабходна было пакінуць тэлефон у адмысловай ячэйцы, трэба тэлефон скінуць да завадскіх наладаў і ўсталяваць усе праграмы наноў. Таксама змяніць пароль доступу да акаўнтаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці асноўных.

    Байполавец кажа, што ў аддзеле, дзе ён працаваў падчас службы ў Беларусі, усе супрацоўнікі карысталіся для камунікацыі Face­Time і iMеs­sage. 

    На карысць Face­Time таксама сведчыць той факт, што замест нумара тэлефона там можна выкарыстоўваць email адрас. Апроч таго, гэты месенджар з’яўляецца найменш патрабавальным да якасці інтэрнэту.

    Усталюйце VPN

    Не будзе лішнім, калі вы зарэгіструецеся ў месенджары на замежны нумар. Апроч гэтага, для павышэння ўзроўню бяспекі варта карыстацца VPN. Бо сам факт выкліку (не змест размовы), калі чалавек не карыстаецца VPN, часам можна вылічыць.

    Сярод платных VPN байполавец раіць карыстацца Surf­shark VPN або Nord VPN. З бясплатных — Pro­ton VPN і Psiphon VPN.

    Чытайце яшчэ:

    Аўтара крытычнай публікацыі на сайце “Ганцавіцкі час” выклікалі ў міліцыю

    Спустя 10 лет после похищения Джона Кантли боевиками ИГ в Сирии судьба фоторепортера остается неизвестной

    Добраахвотныя “шасцёркі”. Як прапагандысты здаюць спецслужбам свядомых беларусаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці