Як падтрымліваць палітвязняў вітамінамі і медыцынскімі бандэролькамі?
Колькасць палітвязняў у Беларусі павялічваецца штотыднёва. Тысячы чалавек утрымліваюцца ў няволі ў дрэнных умовах. Ад 1 чэрвеня 2022 года ў месцах зняволення перасталі прымаць карантынныя перадачы, якія вязням можна было перадаваць кожны месяц у якасці «дадатковай». Звязана гэта са «стабілізацыяй сітуацыі па захворванні COVID-19».
Вельмі важна падтрымліваць вязняў вітамінамі і лекамі праз «медыцынскую бандэроль». Такую бандэроль трэба падпісаць «з медыкаментамі». Дасылаць яе можна толькі тым вязням, прысуд якіх не ўступіў у законную сілу. Спіс неабходных і дазволеных лекаў, якія можна перадаць вязням або даслаць поштай:
-
Любыя вітаміны (таксама «Д3-капс» і Амега‑3), можна нават у шыплівых таблетках;
-
лекі пры хранічных захворваннях, калі яны ёсць;
-
абязбольныя, гарачкапаніжальныя, супрацьзапаленчыя, «Ацыклавір мазь»;
-
заспакаяльныя: «Фенібут», «Наафен», «Афабазол», «Валяр’янка 600мг» і іншыя;
-
свечкі і крэм «Рэліф»;
-
працяглы курс «Тэрафлекса» ад болю ў суставах;
-
гіялуронавыя кроплі для вачэй, каб звільгатняць іх;
-
таблеткі ад горла, кашлю, спрэй для носа з эўкаліптам, «АЦЦ»;
-
«Смекта», «Альмагель», «Амез» і іншыя лекі ад болю ў страўніку;
-
лекі пры кішачных расстройствах;
-
лейкапластыр;
-
«Дэкспантэнол»;
-
інгалятары, калі ў чалавека астма.
Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”