• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    World Press Photo: Акцэнт на жаночай тэме ў глабальным кантэксце

    Правы жанчынаў сёння — адна з самых гарачых тэмаў не толькі ў Беларусі, але паўсюдна ў свеце. І часта змаганне за гэтыя правы азначае проста не абмінаць увагай, а паказваць, расказваць, даваць слова. Давайце зірнем, як спрычыніліся да развіцця жаночай тэмы фатографы з розных краінаў, расказаўшы свае гісторыі.

    На адкрыцці выставы ў Гродна. Фота Аляксандра Саенкі

    Дзякуючы культурна-адукацыйнаму цэнтру ЦЭХ Беларусь у чарговы раз прымае міжнародную выставу фатаграфіі «Сусветнае прэс-фота». Сёлета Гродна і Мінск увайшлі ў лік больш чым ста гарадоў па ўсім свеце, жыхары якіх могуць азнаёміцца з найлепшымі сусветнымі ўзорамі працы ў галіне візуальнай журналістыкі.

    Карэспандэнтка НЧ пабывала на гродзенскай выставе і цяпер ведае, чаго чакаць жыхарам і гасцям Мінска, яікя пажадаюць наведаць знакамітую вандроўную экспазіцыю.

    Міжнародны конкурс «Сусветнае прэс-фота» ўпершыню прайшоў у 1955 годзе, і зладзілі яго ў Амстэрдаме найперш для галандскіх фатографаў. Больш чым за 60 гадоў конкурс эвалюцыянаваў у падзею глабальнага маштабу. Атрымаць статуэтку «Залатое вока» — галоўны прыз конкурса — лічыцца найлепшым сусветным прызнаннем у галіне фотажурналістыкі. Штогод на конкурс падаецца больш за 70 000 выяваў. Прыкладна 150 з іх атрымліваюць намінацыі і такім чынам трапляюць да ўдзелу ў перасоўнай выставе. Адзін здымак штогод надзяляецца тытулам «Сусветнае прэс-фота года».

    На адкрыцці выставы ў Гродна. Фота Кацярыны Гардзеевай

    На адкрыцці выставы ў Гродна. Фота Кацярыны Гардзеевай

    Што адразу заўважаеш, прагледзеўшы выставу-2018, дык гэта яе падкрэслена мірны характар. У фінал конкурса «Сусветнае прэс-фота», з чым ён пераважна і асацыяваўся, раней трапляла шмат кадраў з гарачых кропак — для іх існуе адмысловая рубрыка «Пільныя навны». Сёлетняе «Прэсфота» выклікала ў мяне настальгію па перадачах «Вокруг света» і «В мире животных». Экспазіцыя атрымалася эфектнай ды інфарматыўнай, яна прыцягвае ўвагу да нечаканых і малавядомых праблем планеты, а таксама ўражвае разнастайнасцю жыцця на Зямлі — уражвае як адмоўна, так і станоўча.

    Адзін з аспектаў выставы, які нельга абмінуць увагай, — акцэнт на жаночай тэме ў глабальным кантэксце. Правы жанчынаў сёння — адна з самых гарачых тэмаў не толькі ў Беларусі, але паўсюдна ў свеце. І часта змаганне за гэтыя правы азначае проста не абмінаць увагай, а паказваць, расказваць, даваць слова. Давайце зірнем, як спрычыніліся да развіцця жаночай тэмы фатографы з розных краінаў, расказаўшы свае гісторыі.

     

    Гісторыя першая. Прасаванне грудзяў у Камеруне

    Гэба Хаміс, Егіпет. 28-гадовая Вэроніка масажуе грудзі сваёй 10-гадовай дачцэ Мішэль пад позіркамі іншых дзяцей.

    Гэба Хаміс, Егіпет. 28-гадовая Вэроніка масажуе грудзі сваёй 10-гадовай дачцэ Мішэль пад позіркамі іншых дзяцей.

    Гэтую фотагістрыю немагчыма сузіраць без жаху, а чуллівая жанчына ці дзяўчынка ў дадатак мае рызыку псіхічнага патрасення, калі прымерыць яе на сябе. Ці ведалі вы, што прасаванне грудзей — традыцыйная практыка ў Камеруне? Маецца на ўвазе масажаванне або сцісканне грудзей дзяўчатам-падлеткам, каб спыніць ці замарудзіць рост малочных залозаў. Навошта такія катаванні? Адказ просты, але жахлівы. Гэта робіцца ў спадзеве адцягнуць полавае выспяванне, каб прадухіліць згвалтаванне або сексуальныя дамаганні.

    Прасаванне грудзей зазвычай робіць маці дзяўчыны або старэйшая сваячка. Тэхніка прасавання адрозніваецца ў залежнасці ад рэгіёну краіны. Некаторыя звязваюць грудзі папругай, іншыя награваюць тачыльны камень, шпаталь або таўкачык і прасуюць або масажуюць імі грудзі.

    Гэба Хаміс, Егіпет. 11-гадовая Сюзанна трывае прасаванне грудзей, пакуль яны не робяцца абсалютна пляскатымі.

    Гэба Хаміс, Егіпет. 11-гадовая Сюзанна трывае прасаванне грудзей, пакуль яны не робяцца абсалютна пляскатымі.

    Гэта нясцерпна балюча, а ў перыяд гарманальных зменаў у целе дзяўчынкі можа выклікаць адхіленні і стаць прычынай інфекцыі ды анкалогіі. Не кажучы ўжо пра цяжкія псіхалагічныя наступствы для ахвяраў нечалавечай традыцыі. Але маці «прасаваных» дзяўчатак ганарацца тым, што робяць, і перакананыя, што дзейнічаюць на карысць дочкам.

    Самы распаўсюджаны аргумент ад дарослых жанчын (апроч таго “і мне так рабілі і нічога — чалавекам вырасла) гэта тое, што непрывабная сексуальна дзяўчынка не зацяжарыць у школе і зможа спакойна атрымаць адукацыю. Цікава таксама, што гэта «жаночы сакрэцік»: часта мужчыны ў сям’і нават не здагадваюцца, што такое адбываецца ў іх доме.

    Нягледзячы на акцыі грамадскіх актывістаў, медыкаў і сацыяльную рэкламу па тэлевізіі, ад прасавання грудзей сёння пакутуе кожная чацвертая дзяўчынка ў веку ад 8 да 15 гадоў у Камеруне, Нігерыі і некаторых іншых краінах Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі.

    Дзяўчаткі з пляскатымі ад прасавання грудзьмі на здымках егіпцянкі Гэбы Хаміс — як крывое люстэрка для жыхароў постсавецкага рэгіёну, перакананых, што дзяўчына можа пазбегнуць згвалтавання, апрануўшы доўгую спадніцу.

     

    Гісторыя другая. Расплата за адукацыю ў Нігерыі

    Эдам Фэргусан Aўстралія, для The New York Times.Партрэт 14-гадовай Аішы, скрадзенай узброеным атрадам «Бо-ко Харам», зроблены ў Майдугуры, штат Борна, Нігерыя.

    Эдам Фэргусан Aўстралія, для The New York Times.Партрэт 14-гадовай Аішы, скрадзенай узброеным атрадам «Бо-ко Харам», зроблены ў Майдугуры, штат Борна, Нігерыя.

    У беларускай медыйнай прасторы вядзецца шмат спрэчак вакол тэмы фемінізму. Напрыклад, у красавіку партал onliner.by апублікаваў калонку Кацярыны Лазіцкай — аўтарку прадставілі як маладую маці. Яна напісала так: «Я лічу фемінізм, які афіцыйна існуе на тэрыторыі Беларусі, мякка кажучы, непераканаўчым і не разумею, за што яны змагаюцца ў гэтай краіне. Бо нам, жанчынам, не асабліва патрэбныя роўныя правы — яны ў нас і так, па сутнасці, ёсць…» На што адна з «афіцыйных феміністак», на якую такім чынам «наехала» Лазіцкая, іранічна заўважыла, маўляў, сапраўды, належным чынам ацаніць можна толькі тое, за што давялося змагацца. Для дзяўчыны ў Беларусі вышэйшая адукацыя — нешта, што само сабой разумеецца. У Нігерыі нават вучоба ў школе для жанчын — вычын і смяротная небяспека.

    Аўстралійскаму фатографу Эдаму Фергусану ўдалося зрабіць партрэты нігерыйскіх дзяўчат неўзабаве пасля таго, як тыя вызваліліся з палону. Аішу ды іншых прымусілі ўпрыгожыцца, абвязалі выбухоўкай і загадалі ўзарваць сябе ў людным месцы, але ім удалося ўцячы і паклікаць на дапамогу. «Бо-ко Харам» — базаваная ў Нігерыі Радыкальная ісламісцкая ваенізаваная групоўка, чыя назва перакладаецца як «Заходняя адукацыя забароненая!», падкрэслена атакуе школы і з 2014 года ўжо скрала больш за 2000 жанчын і дзяўчат. Шахідкі разглядаюцца баевікамі як новы від зброі. «Бо-ко Харам» выступае за ўвядзенне шарыяту па ўсёй краіне. Баявікі «Бо-ко Хараму» стаяць за большасцю тэрарыстычных актаў, якія адбываюцца ў Нігерыі. За апошнія гады колькасць смерцяў у выніку атак, якія здзяйсняюць выкрадзеныя са школаў дзяўчаты, істотна павялічылася.

     

    Гісторыя трэцяя. Плаванне як свабода ў Занзібары

    Ана Боязіс, ЗША. Вучаніцы з пачатковай школы Кіджыні вучацца плаванню і ратаванню на водах, блізу пляжу Муюні.

    Ана Боязіс, ЗША. Вучаніцы з пачатковай школы Кіджыні вучацца плаванню і ратаванню на водах, блізу пляжу Муюні.

    Гэтая фотагісторыя верне еўрапейку на сто гадоў таму, калі публічнае купанне яшчэ было выклікам грамадскай маралі, і першыя плывуны і плывунні, заходзячы ў ваду ў пацешных для сённяшняга вока строях лічыліся скандалістамі. Пры тым, што плаванне — гэта вельмі карысны занятак, яшчэ і сёння ён даступны далёка не ўсім на планеце. Дзяўчат у Занзібары знеахвочваюць вучыцца плаваць, збольшага праз абмежаванні кансерватыўнай ісламскай культуры і адсутнасць купальных касцюмаў, якія адпавядаюць нормам рэлігійнай сціпласці. Але ў вёсках на самай поўначы Занзібару праект «Панджэ» («Вялікая рыба») дае магчымасць мясцовым жанчынам і дзяўчатам навучыцца плаваць у доўгіх да пятаў купальных строях, каб яны заходзілі ў ваду, не парушаючы сваіх культурных ці рэлігійных нормаў.

    Здымкі Аны Боязіс прамяняць прыгажосць і ціхамірнасць. Сапраўды адчуваеш, як вада вызваляе. І зусім побач на выставе — цалкам аголеныя жанчыны, безабаронныя выявы якіх наадварот — крычаць пра гвалт і несвабоду. Пра гэта — фотааповед наступнай аўтаркі.

     

    Гісторыя чацвёртая. Сексуальны прыгон у Санкт-Пецярбургу.

    33-гадовая Алена прыехала ў Санкт-Пецярбург пасля вайны ва Украіне, спадзеючыся, што ёй прапануюць працу адміністратаркі ў бардэлі, але высветлілася, што мелася на ўвазе праца прастытуткай. Фота Таццяна Вінаградава, Расія

    33-гадовая Алена прыехала ў Санкт-Пецярбург пасля вайны ва Украіне, спадзеючыся, што ёй прапануюць працу адміністратаркі ў бардэлі, але высветлілася, што мелася на ўвазе праца прастытуткай. Фота Таццяна Вінаградава, Расія

    Таццяну Вінаградаву прываблівае асвятленне жыцця маргінальных груп насельніцтва. У 2017 годзе яна рабіла фотапартрэты прастытутак у інтэр’ерах кватэр, якія яны наймаюць у паўночнай расійскай сталіцы. Атрымаўся, на мой погляд, нуар і антысекс, нягледзячы на кантэкст фота. Афіцыйная статыстыка кажа, што ў Расіі 1 мільён секс-працаўніц.  

    «Срэбная ружа», пецярбургская НДА, сцвярджае, што сапраўдная лічба — бліжэй да 3 мільёнаў, бо толькі ў адным Санкт-Пецярбурзе працуюць 50 000 жанчын. Крызіс у расійскай эканоміцы прывёў да павелічэння колькасці жанчын, якія страцілі працу ў такіх галінах, як бізнес ці адукацыя, і зрабіліся работніцамі ў секс-індустрыі. Аўтарка здымкаў падкрэслівае, што, хоць расплата за прастытуцыю ў Расіі — адносна невялікі штраф, усе гэтыя жанчыны жывуць пад страхам шантажу, бо баяцца наступстваў завядзення крымінальнай справы.

     

    Як робяцца пераможцамі: здымак з Венесуэлы

    28-гадовы Хасэ Віктар Салясар Бальса загарэўся падчас сутыкненняў са спецназам, у якія перараслі пратэсты супраць прэзідэнта Нікаляса Мадура ў Каракасе, Венесуэла. Фота Ранальда Шэміт, Венесуэла, Agence France-Presse. Здымак, які атрымаў тытул «Сусветнае прэс-фота года».

    28-гадовы Хасэ Віктар Салясар Бальса загарэўся падчас сутыкненняў са спецназам, у якія перараслі пратэсты супраць прэзідэнта Нікаляса Мадура ў Каракасе, Венесуэла. Фота Ранальда Шэміт, Венесуэла, Agence France-Presse. Здымак, які атрымаў тытул «Сусветнае прэс-фота года».

    Паводле якіх крытэраў абіраюцца найлепшыя сусветныя фатаграфіі? Можна меркаваць, што найперш грае ролю візуальны складнік: фота павіннае быць бездакорным з мастацкага гледзішча. Па-другое, важны кантэкст, падтэкст і “месідж” здымка. Апроч таго, здымкі верыфікуюцца ў Амстэрдаме. Гісторыі, якія яны расказваюць, не павінны быць фэйкавыя. Ну і відавочна, што для перамогі аўтару часам неабходна шмат удачы. Гэтак у маі 2017 года карэспандэнт мексіканскай службы «Agence France-Presse» апынуўся ў патрэбны час у патрэбным месцы.

    Намагаючыся засяродзіць заканадаўчую ўладу ў сваіх руках, прэзідэнт Мадура абвесціў, што перагледзіць венесуэльскую дэмакратычную сістэму і сфармуе заканадаўчую асамблею. Новая структура заменіць Нацыянальную Асамблею, дзе рэй вядзе апазіцыя. Апазіцыйныя лідары заклікалі да масавых пратэстаў з патрабаваннем заўчасных прэзідэнцкіх выбараў. Сутыкненні паміж пратэстоўцамі і ўнутранымі войскамі Венесуэлы выбухнулі 3 мая, і пратэстоўцы (шмат хто з іх паначапляў капюшоны, маскі ці адгазнікі) шпурлялі бутэлькі з гаручай сумессю і камяні. Салясар загарэўся, калі ў матацыкла выбухнуў паліўны бак. Мужчына выжыў, але атрымаў апёкі першай і другой ступені.

     

    Вось як адгукаюцца пра яго працу сябры журы фотаконкурса.

    Магдалена Эрэра, фотадырэктарка французскай версіі часопісу «Geo» і старшыня журы: «Гэта класічнае фота, але яно мае імклівую энергію і дынаміку. Колеры, рух, а таксама выдатную кампазіцыю. Гэта моцнае фота. Мяне яно агаломшыла…»

    Сябра журы Уітні Джонсан, намесніца фотарэдактара часопісу «Nation­al Geo­graph­ic»: «Фота даволі сімвалічнае. У чалавека на твары — маска. Ён — гэта не толькі ён, ахоплены агнём, гэта таксама ўвасабленне Венесуэлы ў агні».

    Сябра журы Бюлент Кылык, старэйшы фатограф турэцкай службы «Agence France-Presse»: «На здымку ёсць адна дробная дэталь. Графіці — пісталет на сцяне. Там напісана «paz», то бок, «мір». Гэта таксама надае выяве моц».

    Сябра журы фотажурналістка Эман Мугамэд: «Гледзячы на здымак, ты адчуваеш сілу людзей. Сілу тых, хто не маўчыць».

    Астатнія фотагісторыі можна будзе пабачыць і ацаніць уласна на выставе.

    Гродзенская экспазіцыя даступная да 17 мая па адрасе: вуліца Дубко 17 (гандлёвы цэнтр «Old City», панядзелак — чацвер, нядзеля: 10:00–21:00, пятніца, субота: 10:00–22:00, уваход вольны).

    Экспазіцыя ў Минску будзе адкрытая для наведвання з 23 мая да 12 чэрвеня на адрасе: пр‑т Машэрава 9, корпус 8 (у прасторы культцэнтру КОРПУС, час працы з 12:00 да 21:00, кошт квітка – 5 рублёў, ільготны – 2,5. Для журналістаў уваход вольны).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці