• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віталь Цыганкоў: Улада пільна сочыць за тым, каб незалежная прэса не пераходзіла пэўнай рысы папулярнасці

    Пра свабоду слова, старыя і новыя пагрозы, цэнзуру і паліткарэктнасць размаўлялі ў Полацку. На сустрэчу з палітычным аглядальнікам “Радыё Свабода” і вядоўцам праграмы на тэлеканале "Белсат" Віталём Цыганковым прыйшлі каля трыццаці чалавек.

    Пра свабоду слова

    З усіх свабодаў свабода слова — самая нязручная, бо яна не прыносіць ніякай канкрэтнай выгады. Ёсць свабода прадпрымальніцтва, якая развівае бізнес, ёсць свабода перамяшчэння, якая дазваляе міграцыю, эміграцыю, вандраванне па розных краінах.

    А што дае свабода слова? Як кажа Віталь, ад яе не будзе больш у нас на стале, ад яе не будзе больш прыемнасцяў, хутчэй наадварот. Яна не вядзе да эканамічнага росту і нават да дэмакратыі. Вядома, што свабода слова ёсць у абсалютна недэмакратычных краінах, такіх як, напрыклад, Венесуэла. Там апазіцыя мае свае тэлеканалы і газеты, але пры гэтым свабода слова не ўплывае на тое, што ў іх адбываецца. У іх няма ні хлеба, ні памперсаў… І таму свабода слова як каштоўнасць для многіх з’яўляецца неадназначнай.

    Філасофская праблема свабоды слова якраз у тым, што значная частка людзей успрымае яе як свабоду для думак, якія ім падабаюцца.

    — Калі мы пакорпаемся ў сабе і задамо пытанне: ці хацелі б мы свабоды для ўсіх? Умоўна кажучы для “ватнікаў, прыхільнікаў рускага свету” і тых, хто адмаўляе незалежнасць Беларусі і сее нянавісць. Вымушаныя будзем прызнацца, што адказ не вельмі лёгкі”, — кажа Цыганкоў.

    Пра свабоду СМІ ў Беларусі

    Як мяркуе Віталь Цыганкоў, у Беларусі няма свабоды прэсы. Тут ёсць незалежныя СМІ, якія намаганнямі ўлады не з’яўляюцца масавымі, бо ўлада з імі ўвесь час змагаецца.

    — Улада стварае эканамічныя, адміністрацыйныя перашкоды для незалежнай прэсы і перавагі для ўласнай — дзяржаўнай прэсы. У Беларусі, напрыклад, ніводнага грамадска-палітычнага прыватнага тэлеканала няма. Усе тэлеканалы фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту і гэтак далей. Пры гэтым беларускія чыноўнікі скажуць, што ў нас тысячы незалежных выданняў, але ўсе яны ў стылі “Сад і агарод” , “Жук і жаба”, карацей, не грамадска-палітычныя выданні.

    Паводле Віталя Цыганкова, улада пільна сочыць за тым, каб незалежная прэса не пераходзіла пэўнай рысы папулярнасці. Але ёсць сайты, якія дасягнулі масавасці, гэта, перш за ўсё, TUT.BY і Onliner.by. Для дзяржавы — гэта праблема. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што трэба «нармалізаваць», маючы на ўвазе паставіць пад кантрольTUT.BY. Менавіта на гэта і была скіраваная так званая «справа БелТА”. Ток бок барацьба працягваецца.

    Пра стаўленне беларусаў да незалежных журналістаў

    На думку Віталя Цыганкова, у Беларусі дастаткова ўнікальная сітуацыя ў параўнанні з калегамі з Расіі ды Украіны. Унікальнасць у тым, што праблемы са свабодай прэсы і дзяржаўным ціскам пазітыўным чынам адбіваюцца на іміджы беларускіх журналістаў.

    У Расіі пасля войнаў кампраматаў адбылося рэзкае зніжэнне іміджу журналіста ў масавай свядомасці, журналіст стаў у значнай ступені сімвалам нейкай прадажнасці — альбо алігархам, альбо ўладзе.

    Ва Украіне пры наяўнасці шматлікіх тэлеканалаў, якія належаць розным фінансавым групоўкам ды алігархам, таксама стаўленне да журналістаў дастаткова скептычнае. Кожны, хто глядзіць гэтыя каналы, адразу рэагуе на тое, каму яны належаць.

    А ў Беларусі ўсё ж такі ў шырокіх масах насельніцтва захавалася стаўленне да недзяржаўных журналістаў, як да людзей, якія змагаюцца за свабоду прэсы і за праўду.

    Нават сацыялагічныя даследванні сведчаць пра тое, што ў Беларусі незалежныя журналісты ўспрымаюцца пазітыўна. У іх даволі высокі рэйтынг.

    Які ён, незалежны беларускі журналіст? Зборны вобраз

    Паводле Віталя Цыганкова, у незалежную журналістыку па-ранейшаму ідуць людзі ідэйныя, у нейкай ступені рамантычныя, людзі з місіяй. Яны не ідуць у журналістыку, каб зарабіць вялікія грошы, як гэта было раней.

    Нават у параўнанні да сярэдняга заробку ў 1990-ыя гады беларускія журналісты зараблялі нашмат больш, чым цяпер. Тады журналісты, працуючы на адным месцы, зараблялі некалькі сярэдніх беларускіх заробкаў. А калі працавалі ў розных месцах, маглі зарабляць нашмат больш.

    Цяпер у большасці, асабліва рэгіянальных беларускіх журналістаў, заробак недацягвае нават да сярэднестатыстычнага па краіне. Крыху лепшае становішча ў тых, хто супрацоўнічае з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі.

    Гэта не тая прафесія, куды ідуць людзі, дзеля эканамічнай выгады і ўзбагачэння. Можна, канешне, пайсці ў рэкламу, калі браць блізкія да журналістыкі прафесіі, ці пісаць тэхналагічныя тэксты, ці пайсці працаваць у дзяржаўную прэсу, дзе ўсё ж такі заробкі вышэй і г. д.

    — Калі мы гаворым пра незалежных журналістаў — гэта людзі ідэйныя, рамантычныя, з місіяй. Прафесія журналіста перастала быць прэстыжнай, няма такіх вялікіх конкурсаў на журналісцкія факультэты, як гэта было раней.

    Калі чалавек, уступаючы ў прафесію, загадзя ведае, што пойдзе ў незалежную журналістыку, ён кіруецца ідэямі служэння грамадству, ідэямі справядлівасці, ідэямі палепшыць жыццё”, — падсумоўвае Віталь Цыганкоў.

     

    Пра паліткарэктнасць у Беларусі

    Як кажа Віталь Цыганкоў, у Беларусі пакуль няма такой вялікай праблемы паліткарэктнасці. І калі ён пра яе піша або выказваецца, то арыентуецца на заходні досвед. Палітычны аглядальнік чытае даволі шмат перш за ўсё амерыканскай прэсы, таму ён адпаведна на гэта рэагуе і выказваецца. Па словах Віталя, калі арыентавацца на амерыканскі досвед, то паліткарэктнасць для яго ўяляецца як штучная спроба ігнараваць нейкія бакі жыцця. Ён катэгарычна не згодны з такім падыходам, калі з нейкіх матываў не расказваюць пра тыя ці іншыя бакі жыцця ці групы насельніцтва. Яму падаецца, што сёння надта многа людзей — ад лібералаў да кансерватараў, ад правых да левых — выступаюць супраць паліткарэктнасці. І ёй прыходзіць у пэўным сэнсе нейкі заканамерны канец.

    Паколькі ў Беларусі зусім іншы ўзровень праблем, паліткарэктнасць даходзіць толькі адгалоскамі тых самых заходніх дыскусій. Часам гэта даволі анекдатычныя адгалоскі, калі людзі аўтаматычна пераносяць заходнюю рэальнасць на беларускую. Напрыклад, патрабуючы цыганоў называць ромамі, хаця па-беларуску “цыганы”. Да таго ж і сама цыганская супольнасць пакуль хоча, каб іх называлі цыганамі.

    Гэта той прыклад, калі нейкая рэальнасць аўтаматычна пераносіцца на беларускую глебу і патрабуе, каб беларуская сітуацыя мянялася пад яе. Разам з тым не ўлічваюцца моўныя, палітычныя, грамадскія рэаліі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці