Віцебскія журналісты арганізавалі дапамогу адзінокай шматдзетнай маці
Што важна: журналісты «Витебского курьера» не проста сабралі рэчы і грошы для сям'і былой выхаванкі дзіцячага дома Кацярыны, а скаардынавалі ўсіх ахвотных дапамагчы.
Як гэта часта здараецца, усё пачалося з артыкула, распавяла рэдактарка «Витебского курьера» Вольга Радзюк:
— На адным з віцебскіх форумаў наша журналістка Саша Май прачытала аб’яву «мяняю санкі на тушку курыцы». Гэта ўразіла, бо, пагадзіцеся, абмен незвычайны. Зразумела, што чалавек трапіў у нейкае крытычнае становішча. Так і аказалася: маці чатырох дзетак за колькі дзён да атрымання «дзіцячых» грошай проста не мела, за што накарміць сваю сям’ю…
Сітуацыя, у якую трапіла шматдзетная маці Кацярына, была апісана ў артыкуле «Брать детей и ехать к Президенту. Сесть и сказать, что не уйду, пока вопрос с жильем не решится»: жанчына жыве на здымнай кватэры ў Віцебску, а прапісана ў Віцебскім раёне. Не першы год стаіць у чарзе, але там перспектываў на атрыманне ільготнага жытла аніякіх, бо нічога не будуецца. За кватэру плаціць многа: і за арэнду, і за камунальныя паслугі, прычым за апошняе — шмат, бо ў кватэры ніхто не прапісаны. Зразумела, першае, што мы зрабілі — гэта сабралі, што змаглі, у нашай рэдакцыі.
Калі завозілі дзецям ласункі, журналісты былі ўражаныя: сітуацыя ў сям’і такая, што пра цукеркі-апельсіны нават гаворкі няма — дзецям больш патрэбныя пабытовыя рэчы, адзенне, абутак. Прычым гэта не віна Кацярыны — яна добрая маці, вельмі акуратная, старанная, дзеці дагледжаныя, у кватэры парадак. Проста так склалася жыццё, што яна засталася адна, і вымушана ўсе праблемы вырашаць самастойна…
Артыкул выклікаў шмат водгукаў. Нехта пісаў, што гэта фэйкавая гісторыя, прыдуманая самімі журналістамі, нехта сцвярджаў, што сям’я насамрэч далёка не ў такім бядотным становішчы. Але аматараў пакпіць з чужога гора заўжды шмат, а большасць людзей усё-ткі пісала каментары з тым, каб прапанаваць дапамогу.
Так рэдакцыя «Витебского курьера» стала каардынатарам добраахвотных «шэфаў», кажа Вольга Радзюк:
— Мы сабралі рэчы, цацкі і нават дзіцячы вазок у тых, хто пакінуў нам свае кантакты. Прывезлі ўсё Кацярыне. І тут высветлілася, што артыкул на нашым сайце прачытаў гаспадар кватэры, дзе жыве сям’я. І таксама вырашыў дапамагчы: дазволіў жыць у кватэры бясплатна, толькі аплочваць «камуналку».
Дарэчы, на той час у сацыяльных сетках разгарнулася цэлая кампанія па пошуку для Кацярыны іншага жытла — бо і адна «камуналка» ў кватэры, дзе ніхто не прапісаны, дарагаватая. Аднак знайсці новую кватэру — таксама праблема, бо не кожны захоча здаць яе адзінокай маці з чатырма маленькімі дзецьмі. Пакуль жыллёвая праблема Кацярыны ў такім стане: знайшліся юрысты-валанцёры, якія спрабуюць знайсці шляхі, каб «перанесці» чаргу шматдзетнай маці з раённага ўліку на гарадскі.
Пра тое, што ўдалося зрабіць дзякуючы неабыякавым чытачам, «Витебский курьер» апублікаваў новы артыкул. У рэдакцыі запэўніваюць, што гатовы заставацца кур’ерамі добрых справаў і надалей.
«Эстафета добрых спраў», якую распачала ГА «БАЖ» — гэта сапраўды важна. Бо СМІ насамрэч уплывовы інструмент. І наш прыклад у гэтым сэнсе — вельмі яскравы доказ. Нам удалося скаардынаваць высілкі розных людзей, каб дапамагчы канкрэтнай сям’і. Але варта не забывацца і на яшчэ адну істотную рэч: такія добрыя справы выразна падвышаюць аўтарытэт журналістаў у грамадстве», —мяркуе рэдактарка «Витебского курьера».
Апошні артыкул са «справаздачай» пра зробленае зноў каментуюць чытачы. А журналісты спадзяюцца, што наладжаныя ўзаемасувязі зноў прынясуць свой плён. «Витебский курьер» апублікаваў пералік таго, што асабліва патрэбна шматдзетнай сям’і — перадусім гэта дзіцячае адзенне. І абяцае «сачыць за сітуацыяй», што, па сутнасці, азначае «дапамагаць і надалей».
Фота Сашы Май, «Витебский курьер»