Вайна грукае ў дзверы. Пра што пісалі польскія газеты ў Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года
Дваццаць міжваенных гадоў палова Беларусі знаходзілася ў складзе польскай дзяржавы. Да пачатку 1930-х гадоў усе беларускія перыядычныя выданні на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай былі закрытыя. Жыхары Заходняй Беларусі вымушаны былі атрымліваць навіны з польскіх газет і часопісаў.
У Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах можна было набыць амаль усе цэнтральныя польскія выданні. Аднак тут выходзілі і “свае”, заходнебеларускія газеты, як, напрыклад, гарадзенскі “Дзённік крэсовы” ці віленскае “Слова”. Менавіта з гэтых і іншых выданняў у верасні 1939 года жыхары Заходняй Беларусі даведаліся пра напад Германіі на Польшчу. З іх яны атрымлівалі навіны з польска-германскага фронта і пра міжнародную рэакцыю на тыя жудасныя падзеі. Прааналізуем і мы, пра што ў тыя вераснёўскія дні пісалі газеты Другой Рэчы Паспалітай.
Польшча гатовая да вайны?!
Ужо напрыканцы лета 1939 года жыхарам Польшчы стала зразумела, што вайна рана ці позна пачнецца. У жніўні большасць польскіх перыядычных выданняў стракацела публікацыямі, якія ў патрыятычным духу заклікалі грамадзян краіны быць гатовымі да абароны яе межаў. Пры гэтым падкрэслівалася моц польскага войска, а ў якасці пацвяржэння гэтых слоў узгадваліся падзеі пераможнай польска-бальшавіцкай вайны 1920 года і бязкроўнага далучэння Цешынскай Сілезіі да Польшчы ў 1938 годзе. Нарэшце, большасць тагачасных газет запэўнівала польскіх грамадзян у тым, што калі Рэйх усё ж нападзе на Польшу, то немцам давядзецца мець справу не толькі з палякамі, але і з французамі, і з брытанцамі. Гэтая вера ў сумленных хаўруснікаў вельмі дорага абыйдзецца Варшаве.
30 жніўня 1939 года перадавіца “Віленскага кур’ера” інфармавала чытачоў, што “шанс на захаванне міру застаецца, і ўсё залежыць ад змянення адносін Гітлера да Польшчы”. У артыкуле польскія журналісты аналізавалі выступленне англійскага прэм’ер-міністра Нэвіла Чэмберлена, які на паседжанні Палаты абшчын заявіў, што польска-нямецкія спрэчныя пытанні павінны быць вырашаны мірным шляхам. “Урад яго вялікасці спадзяецца, што спрэчкі паміж дзвума краінамі будуць вырашаны шляхам мірных перамоў”, — адзначалася ў артыкуле. Пры гэтым у газеце падкрэслівалася, што брытанскія ВПС гатовыя да вядзення баявых дзеянняў, а корпус назіральнікаў нясе кругласутачную службу на ўзбярэжжы.
У іншым матэрыяле выдання адзначалася, што “Саветы адклалі ратыфікацыю пакта з Германіяй”. Нарэшце, яшчэ ў адной нататцы паведамлялася, што ў выпадку нападзення Гітлера на Польшчу Венгрыя будзе прытрымлівацца нейтралітэту. Такога рода інфармацыя павінна была супакоіць польскае грамадства і ўсяліць у яго ўпэўненасць, што Другая Рэч Паспалітая не адна і разам з партнёрамі выйдзе з палітычнага крызісу.
Пачатак канца
Аднак 1 верасня 1939 года на польскія гарады ўсё ж паляцелі бомбы люфтвафэ. Пачалася Другая Сусветная вайна. У гэты дзень на першай старонцы ”Віленскай газеты” быў апублікаваны артыкул пад назвай “Германія жадае Гданьск і Памор’е”. Ніжэй рэпарцёры з Вільні інфармавалі чытачоў, што нямецкія войскі атакавалі польскіх памежнікаў у Быдгашчы, Рыбніку і іншых месцах. Украінская газета “Діло”, якая выдавалася ў Львове і распаўсюджвалася, у тым ліку, і ў Палескім ваяводстве, у першы дзень Другой Сусветнай пісала пра інцыдэнты на мяжы і ў Гданьску, а таксама падкрэслівала, “што брытанскі ўрад не збіраўся змяняць сваю пазіцыю ў адносінах да Германіі”.
А вось віленская газета “Слова”, рэдактарам якой быў вядомы польскі публіцыст Станіслаў Мацкевіч, 1 верасня 1939 года ўжо не гуляла са словам “правакацыя”, а адкрыта называла рэчы сваімі імёнамі. На перадавіцы вялікімі літарамі было напісана: “Сёння ноччу пачалася польска-нямецкая вайна. Ніжэй быў апублікаваны зварот прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага да народу ў сувязі з гэтай падзеяй. На наступны дзень газета “Дзённік крэсовы” з Горадні (рэдактар: Ядвіга Карульска) ужо расказвала пра тое, як мужна змагаецца з ворагам гарнізон транзітнага складу ў Вестэрпляттэ, і заклікала грамадзян мужна абараняць радзіму. Акрамя гэтага, выданне інфармавала, што адзелы Лігі супрацьпаветранай і газавай абароны ў Горадні на вуліцы Ажэшкі, у Доме стралка і на вуліцы Міцкевіча прымаюць замовы на набыццё насельніцтвам супрацьгазаў новага ўзору. Пісалася ў газеце і пра тое, што ў горадзе на Нёмане ўзводзяцца бомбасховішчы. Асабліва адзначалася “грамадзянская пазіцыя” уласніка складу дрэва Н. Рубіновіча, які выдзяліў матэрыял на будазніцтва схронаў.
На трэці дзень вайны газета “Беластоцкі дзённік” друкавала апошнія навіны, атрыманыя са штабу галоўнакамандуючага Войскам Польскім маршала Э.Рыдз-Сміглы. З гэтага “ньюса” жыхары “крэсаў” даведаліся пра першыя налёты люфтвафэ на Варшаву, а таксама пра кровапралітныя баі на Падгаллі, у Сілезіі і ля Чанстаховы. Беластоцкае выданне таксама перадрукоўвала інфармацыю пра баявыя дзеянні на Вестэрплятэ. “Гераічная абарона нашага гарнізона выклікае павагу ўсяго свету. Як падчас вайны ў Іспаніі гаварылі пра “Львоў Алькасару” (абарона летам 1936 года 500 жаўнерамі-франкістамі замку Алькасар, які штурмавала дзесяцітысячнае войска рэспубліканцаў – І.М.), так зараз кажуць пра герояў Вестэрплятэ”, — адзначалася ў газеце.
У той жа дзень хлопцы-разносчыкі газет у Берасце на Бугу ці Пінску радасна выкрыквалі загалоўкі перадавіцы львоўскай газеты “Хвіля”: “Францыя ў стане вайны з Германіяй”, “Зварот караля Англіі Георга VI. Вялікабрытанія аб’яўляе вайну Гітлеру”. Акрамя гэтага, выданне інфармавала, што ЗША падтрымлівае еўрапейскія дзяржавы, якія выступілі супраць нацыстаў. Нарэшце, падняць настрой жыхароў усходнепольскіх ваяводстваў павінна была інфармацыя пра тое, што брытанскі крэйсер узяў у палон нямецкі трансатлантычны лайнер “Брэмен”. Больш пра гэтую гісторыю ў польскіх газетах верасня 1939 года не ўзгадвалася. На момант пачатку Другой Сусветнай вайны германскае судна знаходзілася ў Нью-Йорку. Па просьбе ўраду Вялікабрытаніі амерыканцы затрымалі судна і хутка яго “паланіў” брытанскі вайсковы карабль. Аднак падчас канваіравання ў Вялікабрытанію хуткаходны “Брэмен” уцёк ад павольнага брытанскага крэйсера, высадзіў частку каманды ў “хаўрусным” Мурманску і ў снежні 1939 года прыбыў у Германію.
Наступленні, якіх не было
У панядзелак, 4 верасня 1939 года віленскае “Слова” паведамляла чытачам пра жорсткія бамбардзіроўкі польскай тэрыторыі нямецкай авіяцыяй. Асабліва падкрэслівалася, што пілоты люфтвафэ бязлітасна растрэльваюць мірных жыхароў. Выданне таксама пісала і пра вялікія страты польскай авіяцыі. Пры гэтым, каб падтрымаць грамадзян краіны, рэпарцёры выдання інфармавалі, што частцы польскіх войскаў у раёне Лешна ўдалося прарвацца на тэрыторыю Рэйха.
Беластоцкая газета “Добры дзень” 5 верасня 1939 года пісала пра тое, што польская кавалерыя ўвайшла на тэрыторыю Усходняй Прусіі і прасоўваецца далей. Пры гэтым палякам удалося ўзяць у палон аднаго афіцэра і каля 30 чалавек пяхоты вермахта. Дзеля пацвярджэння гэтага факта выданне публікавала здымак нямецкіх палонных. Іншая “пераможная” інфармацыя прыходзіла з заходняга “тэатру вайсковых дзеянняў”. “Добры дзень” інфармаваў, што брытанскія каралеўскія ВПС бамбілі германскія парты, а французская армія распачала актыўныя баявыя дзеянні па ўсіх напрамках.
На пачатку другога тыдня вайны польскія газеты яшчэ спрабавалі супакоіць сваіх чытачоў гучнымі загалоўкамі і абяцаннямі з боку заходніх хаўруснікаў.
Выданне “Віленскі кур’ер” 13 верасня паведамляла пра мужную абарону польскай сталіцы і пра тое, што жыццё Варшавы вяртаецца ў “нармальнае рэчышча”. Пры гэтым газета інфармавала, што падчас бамбёжкі загінула жонка брытанскага гандлёвага аташэ Шэлі, а ў адным з баёў 12 верасня 1939 года быў забіты палкоўнік Войска Польскага Якуб Хмура.
У той жа дзень амаль усе польскія выданні пісалі пра тое, што брытанска-французскія войскі ў колькасці 5 млн. жаўнераў гатовыя прарваць нямецкія ўмацаванні Лініі Зігфрыда на Захадзе. Насамрэч, на той момант большасць баяздольных германскіх частак моцна засела ў кровапралітных баях у Польшчы, і ўдар на Захадзе мог бы не толькі ўратаваць Другую Рэч Паспалітую, але і прывесці Трэці Рэйх да мяжы з катастрофаю. Але французы не жадалі “гінуць за Гданьск” і вырашылі “перачакаць” нямецкі “бліцкрыг” ва ўмацаваннях “Лініі Мажыно”.
Вайна ідзе з Усходу
У свой час у Валожыне мне ўдалося набыць кракаўскую газету “Штодзённы ілюстраваны кур’ер” за 15 верасня 1939 года. Артэфакт разам з іншымі паперамі і дакументамі быў знойдзены ў адным са старых дамоў. На першай паласе выдання чырвонымі літарамі быў надрукаваны загаловак “Пагрозы савецкай Расіі. Тасс паведамляе пра парушэнне мяжы палякамі. “Праўда” спачувае украінцам і беларусам. Ці пагражае нам удар Чырвонай Арміі ў спіну?”. У матэрыяле пісалі пра парушэнні дзяржаўнай мяжы з Савецкім Саюзам польскімі вайсковымі самалётамі. Размова ішла пра некалькі польскіх бамбавікоў PZL-37 “Лось”, якія 13 верасня 1939 года з‑за неспрыяльных умоў надвор’я пераляцелі польска-савецкую мяжу ў раёне Жыткавіч ля Мазыра. Адзін з “сахатых” быў збіты, а два вымушаны былі сесці на савецкай тэрыторыі. Іх экіпажы трапілі ў палон.
Польскія журналісты таксама цытавалі вытрымкі з артыкулу “Пра ўнутраныя прычыны вайсковай паразы Польшчы”, надрукаванага ў газеце “Праўда” днём раней. Як вядома, у тым матэрыяле вялікая ўвага надавалася цяжкаму становішчу беларускага і ўкраінскага насельніцтва “польскай лапікавай дзяржавы”. На другой паласе «Штодзённага ілюстраванага кур’ера” адзначалася, што польскі ўрад знаходзіцца на мяжы з Румыніяй. Газета не выказвалася наконт таго, наколькі верагоднай з’яўляецца магчымасць уварвання Чырвонай Арміі ў Польшчу. Аднак праз два дні савецкае войска дало адказ на пытанне, пастаўленае кракаўскімі журналістамі. Раніцай 17 верасня 1939 года пачаўся “вызвольны паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну”. У рэшце рэшт, гэтыя тэрыторыі былі далучаны да СССР, а польскія газеты, якія выходзілі на “крэсах”, спынілі сваё існаванне.