Валер Карбалевіч: Чаму ўлады баяцца Марыны Золатавай больш, чым расейскіх тэлеканалаў
Існы рэжым бачыць для сябе большую небясьпеку ад дзейнасьці беларускіх незалежных мэдыяў, чым ад расейскіх СМІ.
Сьцісла
-
Беларускія ўлады прызнаюць пагрозу інфармацыйнай бясьпецы Беларусі з боку Расеі.
-
Гэта асабліва небясьпечна ў момант, калі Беларусь уступіла ў жорсткі клінч з Расеяй.
-
Расейскія мэдыі даволі эфэктыўна бэсьцяць эўрапейскія каштоўнасьці, саму ідэю дэмакратыі.
-
Беларускія недзяржаўныя мэдыі прапаведуюць якраз дэмакратычныя каштоўнасьці, за што і цярпяць.
-
Суд над галоўнай рэдактаркай парталу Tut.by Марынай Золатавай на першы погляд выглядае нелягічным і здаецца пэўнай недарэчнасьцю.
-
Спэцапэрацыя праваахоўных органаў супраць незалежных мэдыяў летам 2018 году, якая ўвайшла ў гісторыю як «справа БелТА», адбывалася трохі ў іншых палітычных умовах. Кіроўны рэжым страціў манаполію над беларускай інфармацыйнай прасторай, быў раздражнёны посьпехамі недзяржаўных СМІ і імкнуўся такім чынам запужаць, дэмаралізаваць апанэнтаў. Улады бачылі ў незалежных журналістах галоўную пагрозу і нанесьлі па іх удар.
Але за час, які прайшоў з тае пары, палітычная сытуацыя заўважна памянялася. Беларусь уступіла ў жорсткі клінч з Расеяй, якая патрабуе будаваць «саюзную дзяржаву». Прычым ціску Масквы спадарожнічае інфармацыйная атака з боку расейскіх мэдыяў.
31 студзеня Лукашэнка правёў адмысловую нараду, прысьвечаную інфармацыйнай бясьпецы Беларусі. З выступу на ёй кіраўніка дзяржавы вынікае, што галоўная небясьпека пагражае звонку. Лукашэнка асабліва не хаваў, што яна паходзіць ад Расеі. Таксама ён прызнаў, што беларускія дзяржаўныя мэдыі ня ў стане нэўтралізаваць гэтую пагрозу. Хоць і робяцца пэўныя захады — напрыклад, высоўваецца патрабаваньне, каб 30% перадач на «гібрыдных» тэлеканалах былі беларускімі.
Апазыцыя, незалежнае грамадзтва, мэдыяэкспэрты патрабуюць абмежаваць уплыў расейскіх тэлеканалаў на беларускае насельніцтва.
На гэтым тле суд над галоўным рэдактарам асноўнага, самага папулярнага інтэрнэт-рэсурсу краіны выглядае нонсэнсам. Але толькі на першы погляд.
Насамрэч у дзеяньнях уладаў ёсьць свая лёгіка. Калі інтарэсы дзяржавы і інтарэсы кіроўнага рэжыму не супадаюць, то пры прыняцьці рашэньняў заўсёды пераважаюць апошнія. Для Лукашэнкі ўлада важнейшая за дзяржаўныя патрэбы.
Зь дзьвюх пагроз (ад нацыянальных незалежных мэдыяў і ад расейскіх СМІ) рэжым выбірае большую. То бок недзяржаўныя рэсурсы для ўладаў страшнейшыя. Чаму так?
Улады не абмяжоўваюць расейскія тэлеканалы зь некалькіх прычын. Яны баяцца псаваць адносіны з Масквой. Да таго ж лукашэнкаўскі электарат моцна «падсеў» на той кантэнт, на тую мову варожасьці, што дэманструюць РТР, НТВ і іншыя. І ўлады асьцерагаюцца рэакцыі наркамана, калі яго паспрабуюць зьняць з расейскай інфармацыйнай іголкі. Але прычыны ня толькі ў гэтым.
Справа ў тым, што расейскія тэлеканалы выконваюць важную для кіроўнага рэжыму функцыю, якую беларускія дзяржаўныя мэдыі рэалізуюць менш эфэктыўна. Акрамя таго, з шэрагу прычын займацца гэтай справай афіцыйнаму Менску цяпер ня вельмі зручна.
Расейскія мэдыі вельмі агрэсіўна і таму даволі эфэктыўна бэсьцяць эўрапейскія каштоўнасьці, саму ідэю дэмакратыі, цывілізаванае ўладкаваньне грамадзкага жыцьця, славяць аўтарытарызм. Яны даводзяць, што Захад загнівае, ягоныя прынцыпы церпяць крах, палітыкі ЗША і ЭЗ — спрэс дурні і маральныя вырадкі. Таму арыентавацца на эўрапейскі лад ня варта.
Паглядзіце, як расейскія тэлеканалы асьвятляюць украінскія выбары. Галоўная ідэя, якую яны спрабуюць данесьці тэлегледачам, наступная: калі ў краіне адбываецца рэальная палітычная канкурэнцыя, сапраўднае змаганьне за ўладу, там шмат розных кандыдатаў, то гэта выклікае хаос, бязладзьдзе, беспарадак. Адначасова працягваюць пужаць абывацеля Майданам і ягонымі наступствамі.
То бок, паводле расейскіх СМІ, дэмакратыя есьць зло, яна нічога добрага народу не дае. Гэта падступная ідэя, якую Захад адмыслова падкідае ў краіны постсавецкай прасторы, каб іх разбурыць. Правільныя выбары — тыя, якія адбываюцца ў Расеі (Беларусі, Узбэкістане, Казахстане). Гэта якраз тое, што патрэбна Лукашэнку, асабліва напярэдадні дзьвюх выбарчых кампаній. Беларускі і расейскі палітычныя рэжымы — ідэалягічныя браты.
А беларускія недзяржаўныя мэдыі прапаведуюць якраз дэмакратычныя каштоўнасьці, крытыкуюць аўтарытарызм, бароняць правы чалавека. Свабода слова для Лукашэнкі — большая небясьпека, чым імпэрская пагроза. Таму і судзяць Марыну Золатаву, але не чапаюць расейскія тэлеканалы.